В КУСХП «Великодолецкое» завершён сев зерновых культур

Сельское хозяйство

Яшчэ ў сярэдзіне тыдня ў КУСГП “Вялікадолецкае” завяршылі сяўбу зерневых культур, а гэта 1330 гектараў. Штогод у гаспадарцы такі вялікі аб’ём работы, і сёлета план сяўбы ў параўнанні з мінулым годам павялічыўся амаль на 100 гектараў. Каб справіцца з задачай і вырасціць добры ўраджай, ёсць усе перадумовы – насенне, мінеральныя ўгнаенні, неабходная тэхніка і правераныя кадры. Аднак у гэтым годзе пасяўная кампанія ўскладнілася тым, што неабходна перасяваць немалыя плошчы азімых зерневых – амаль 500 гектараў, а гэта дадатковая нагрузка, сродкі і час.  
– Каб укласціся ў тэрміны сяўбы, працуем у напружаным рэжыме з самай раніцы і да вечара. Штодня 4 пасяўныя агрэгаты засяваюць па 70-80 гектараў. На падрыхтоўцы глебы працуюць два звяны – два чызелі і два трактары з дыскамі. Сеем згодна ўсіх агратэхнічных патрабаванняў, – характарызуе абстаноўку галоўны аграном гаспадаркі І.У.Іванюта.
Каб надоўга не адрывацца ад важнай справы, наладжана двухразовае харчаванне непасрэдна ў полі. Пры выкананні працоўнай дысцыпліны з работнікаў за яго вылічваецца толькі 10 працэнтаў.
А на полі пастаянныя і нязменныя працаўнікі, перадавікі, задзейнічаныя на ўсіх адказных работах – браты Філімонавы. Сяргей Аркадзьевіч шасціметровым пасяўным агрэгатам засеяў больш 450 гектараў, а Рыгор Аркадзьевіч працуе на загрузцы зерня.
Другі перадавік “Вялікадолецкага” Аляксандр Пятровіч Александроў у дзень нашага наведвання прыступіў ужо да сяўбы яравога рапсу. Таксама шасціметровым пасяўным агрэгатам засеяў больш 480 гектараў зерневых. Рапс у апошні час запатрабаваная і прыбытковая культура, таму адмаўляцца ад яе вырошчвання няма сэнсу. Толькі яравога запланавана пасеяць 130 гектараў.
У хуткім часе тут прыступяць і да сяўбы кукурузы, у планах вырасціць яе на 415 гектарах.
Тое, што залежыла ад аграрыяў, зроблена якасна і своечасова. Цяпер справа толькі за надвор’ем, якое, будзем спадзявацца, акажацца спрыяльным і дазволіць вырасціць добры ўраджай.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымках: А.П.Александроў; браты Філімонавы з галоўным аграномам І.У.Іванютам. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *