В сквере горпоселка удалят аварийные деревья и высадят новые

Общество

“Прачыталі ў газеце пра тое, што ў скверы па Ленінскай будуць выразацца дрэвы. Гэта азначае, што мы застанемся без такога ўтульнага месца адпачынку? Так, таполі сапраўды выраслі вялікімі, ім не адно дзесяцігоддзе. Але ж стаяць, навошта ж іх знішчаць?”

Такой была рэакцыя ўшачан на інфармацыю аб тым, што ва ўзгаданым месцы будуць зразацца насаджэнні. Нагадаем, што па загадзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ва ўсіх раёнах створаны камісіі па абследаванні паркаў, сквераў. Ва Ушацкім – таксама, яе ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Пятровіч ЦІМАФЕЕЎ. У яго мы і пацікавіліся далейшым лёсам сквера па Ленінскай.

– Адразу скажу, што ён як быў, так і застанецца месцам адпачынку. Мэта ж камісіі якраз у тым, каб яно было бяспечным. На жаль, ураганы, што бушуюць апошнім часам па краіне, з каранямі выварочваюць не проста адзінкавыя дрэвы, а цэлыя плантацыі лесу. Хапае прыкладаў гібелі і траўміравання людзей. Каб гэтага пазбегнуць, спецыялісты Ушацкага лясгаса абследавалі ўсе дрэвы сквера і адзінаццаць з іх прызнаны аварыйнымі. Менавіта яны, а гэта вялізныя дрэвы, што растуць уздоўж агароджы і каранямі нават паднялі асфальт і плітку, будуць выдаляцца поўнасцю, а часткова – сухія галіны на астатніх дрэвах. Але паколькі ў скверы больш паўсотні дрэў, то цень па-ранейшаму будзе. Больш таго, на месцы выдаленых дрэў абавязкова пасадзім новыя.

Наогул ужо на гэтым тыдні распачата кампанія па азеляненні гарпасёлка. Праведзены першы тэндар на тры тысячы рублёў, па выніках якога адна з мінскіх фірм паставіла нам 277 саджанцаў кізільніку бліскучага, чорнай аўстрыйскай сасны, лямцавай ліпы і куставога клёну. Яны пасаджаны на дваровых тэрыторыях па Ленінскай,16, Савецкай,13, Фрунзэ,24, а таксама ў мікрараёне вуліцы Віцебскай.

Пазапланавы суботнік прайшоў у гарпасёлку ў чацвер. Супрацоўнікі ўсіх аддзелаў райвыканкама, цэнтра культуры, сувязісты, газавікі, камунальнікі высаджвалі дрэўцы ў загадзя падрыхтаваныя лункі. Дарэчы, усё строга па лінейцы, бо дзе будзе зелянець нізкарослы кізільнік, а дзе чырванець высокі клён – вырашалася камісійна.

Акрамя гэтага не забыліся і пра прыгожы праект цэнтральнай плошчы, згодна з якім яшчэ не высаджаны дэкаратыўныя кусты па краях клумб. З гэтай нагоды хачу прыгадаць, як балюча развітваліся ўшачане са старымі блакітнымі елкамі ля райвыканкама, а зараз радуемся адкрытай, прасторнай і прыгожай плошчы. Так будзе і са скверам па Ленінскай. Ён стане больш прыгожым, утульным і што самае галоўнае – бяспечным.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *