О пожарных извещателях, нарушителях и не только…

Cлужба-101

Падчас “прамой лініі” з начальнікам аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэем Іванавічам Станько тэлефанаванняў было няшмат. Усё ж некаторыя грамадзяне скарысталіся магчымасцю атрымаць адказы, што знаходзяцца ў кампетэнцыі службы.
Паступіла актуальнае для выратавальнікаў у вясенні час пытанне наконт выпальвання сухой травы. Нават не пытанне, а прапанова больш праводзіць рэйдаў па выяўленні тых, хто выпальвае сухую траву ў вёсках, на палях і тым самым стварае пагрозу ўзнікнення моцных пажараў, і прымаць больш жорсткія меры да такіх людзей.
За сёлетні пажаранебяспечны вясенні перыяд праведзена 5 рэйдаў па выяўленні выпадкаў выпальвання сухой травы. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 2 домаўладальнікі, якія атрымалі штраф у памеры 10 базавых велічынь кожны. Вядзецца праверка ў адносінах 4 кіраўнікоў за непрыняцце мер да пажаратушэння.
У многіх выпадках можна пазбегнуць бяды, устанавіўшы аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Гаворка пра прыбор ішла і на “прамой лініі”. Набыць яго можна ў магазінах райспажыўтаварыства, у паштовых аддзяленнях і ўстанавіць самастойна. Адзінокім людзям прадугледжана бясплатная ўстаноўка апавяшчальнікаў. У Віцебскай вобласці за мінулы год зарэгістравана 9 станоўчых спрацовак апавяшчальнікаў, дзякуючы чаму выратавана 15 чалавек, а за апошнія сем гадоў – 56 грамадзян.
Пацікавіліся чытачы і пра паслугі, якія аказвае аддзел па надзвычайных сітуацыях на платнай аснове. Гэта тыя паслугі, якія не ўяўляюць пагрозу жыццю і здароўю грамадзян. Самая распаўсюджаная з іх – разбор старых пабудоў і збудаванняў, адкачка вады, спілаванне старых дрэў, адкрыццё кватэр, калі гаспадары, напрыклад, згубілі ключы.
Асноўнай жа і першачарговай задачай аддзела па-ранейшаму з’яўляецца выратаванне самага каштоўнага – чалавечага жыцця і папярэджанне надзвычайных сітуацый.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *