Унікальнае месца з асаблівай атмасферай. Пераступаеш парог Дома рамёстваў – і адразу трапляеш у свет, дзе ціха, спакойна. Нічога дзіўнага: музы не церпяць мітусні, прыгажосць не ствараецца з наскоку. Спачатку яна перажываецца ў душы, а пасля нараджаецца ў руках.
Многія ўшачанкі з юнацкіх гадоў засвойваюць традыцыйныя для нашага рэгіёну віды рукадзелля: вышыўку, ткацтва. Прадстаўнікі моцнай паловы шчыруюць над вырабам драўляных “шэдэўраў”. Часам гэта становіцца любімым заняткам ці нават неўтаймаванай цягай.
Менавіта задачы падтрымкі самадзейных творцаў, адраджэння старажытных народных рамёстваў і іх папулярызацыі на працягу вось ужо 25 гадоў вырашае Ушацкі Дом рамёстваў. На яго базе зараз працуюць гурткі па лозапляценні, вырабе мяккай цацкі і народнай лялькі, аплікацыі з саломкі, роспісе на шкле і іншыя. Работнікі ўстановы праводзяць цікавыя майстар-класы, арганізуюць выставы. Увазе наведвальнікаў – пастаянная экспазіцыя калекцый ручнікоў. Заўсёды можна набыць тут сувеніры ручной работы.
Асаблівае месца ва Ушацкім Доме рамёстваў займае музей. Залаты яго фонд складаюць скрыпкі з драўніны розных парод, дэкаратыўныя прадметы быту Сяргея Роўбы, які жыў і тварыў у вёсцы Забораўна, даматканыя дарожкі і абрусы, прывезеныя з экспедыцый. Прыцягваюць увагу карціны самадзейных аўтараў, у прыватнасці, аднаго са старэйшых мастакоў, удзельніка партызанскага руху на Ушаччыне Дзям’яна Уладзіміравіча Крупені.
Падзякаваць невялікаму дружнаму калектыву за годную справу, павіншаваць з 25-гадовым юбілеем установы ў мінулую пятніцу сабраліся ўшачане самага рознага ўзросту. Гучнымі апладысментамі сустракалі на сцэне сваіх “педагогаў” школьнікі. “Глядзіце, а там на фоне і мая работа!” – чуліся захопленыя воклічы гурткоўцаў падчас дэманстрацыі на экране фотаздымкаў майстроў. Не шкадавалі цёплых слоў у адрас віноўнікаў урачыстасці ганаровыя госці. Шэрагу спецыялістаў Дома рамёстваў старшыня Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч уручыла ўзнагароды раённага ўзроўню. Не з пустымі рукамі прыйшоў і П.А.Алексяёнак – Ганаровымі граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, начальнікам якога з’яўляецца, адзначыў загадчыка Юрыя Канстанцінавіча Пашковіча, кіраўнікоў гурткоў Крысціну Аляксандраўну Кляшчонак, Ірыну Сяргееўну Качынскую і Валянціну Канстанцінаўну Мугака. Парадавала ўсіх і перададзенае Пятром Аляксандравічам віншаванне ад сваёй жонкі, гэтак жа работніцы ўстановы-юбіляра Дар’і, якая знаходзіцца зараз у дэкрэтным адпачынку.
На жаль, не змог прысутнічаць на свяце першы дырэктар Дома рамёстваў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч. Аднак эстафета, якую ў 2020-м ён перадаў Ю.К.Пашковічу, працягвае прыносіць плён. Многія ўшацкія майстры не раз станавіліся лаўрэатамі творчых конкурсаў, у тым ліку міжнародных. Няма сумненняў: не менш перамог яшчэ наперадзе!
…Пасля заканчэння мерапрыемства не было жадання адразу пакідаць раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. Хацелася затрымацца ў часе – ля выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці работнікаў і ўдзельнікаў Дома рамёстваў. Каб яшчэ больш падсілкавацца “народнай энергетыкай”, адчуць прыліў натхнення. А тым, хто яшчэ не быў ва ўстанове, раім туды завітаць – каб пазнаёміцца з людзьмі, якія беражліва захоўваюць народныя традыцыі, перадаюць іх наступным пакаленням.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
◆ Днямі скарбонка дасягненняў установы папоўнілася чарговымі ўзнагародамі: работы Ю.Пашковіча і К.Кляшчонак атрымалі дыпломы І і ІІІ ступені абласной выставы-конкурсу “Птушыны перапалох”, які праходзіў у межах экалагічнага свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. Юрый Канстанцінавіч атрымаў перамогу ў намінацыі “Лепшы птушыны домік (кармушка) для зімуючых птушак”, а Крысціна адзначылася сярод удзельнікаў, якія стваралі выявы птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.