Гаспадаркі Віцебшчыны завяршаюць уборку грэчкі. У вобласці яна сёлета пасеяна больш чым на 2,4 тысячы гектараў, тады як летась займала ўсяго 688. Надвор’е для росту было спрыяльнае, што дазволіла прыкметна палепшыць ураджайнасць: калі ў прайшоўшым сезоне збіралі ў сярэднім 6,2 цэнтнера з гектара, то ў гэтым названы паказчык складае 13,3. Пасеялі сёлета грэчку і чатыры ўшацкія гаспадаркі – “Сафійскія дары”, “Глыбачаны”, “Ільюшынскі” і “Агра-Селішча”. Напрыканцы мінулага тыдня ў дзвюх апошніх заставалася неабмалочанай толькі прыкладна пятая частка грэцкіх палеткаў.
“Ну што, сёння абавязкова трэба скончыць гэтае поле!” “Так, па прагнозе, у бліжэйшыя дні задажджыць”, – абменьваліся рэплікамі селішчанскія камбайнеры Юрый Юркевіч і Алег Крывёнак (на здымку) у чаканні, пакуль грэчка з бункераў перасыпіцца ў вялікі кузаў МАЗа. На шырокай ніве непадалёк ад глыбоцкай шашы, дзе мы пабывалі на мінулым тыдні, да адценняў звыклага для жніва залатога колеру прымешваліся цёмна-бардовыя палоскі – асаблівы і вельмі прыгожы малюнак.
Усе памятаюць, што эксклюзіўным вытворцам грэчкі на Ушаччыне доўгі час з’яўляўся “Дземенец”, а яго былы кіраўнік Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка, спецыяліст ад Бога, апярэджваў агранамічную моду і расціў на нашых палях тыя ж грэчку і азімы ячмень, якія сёлета, абапіраючыся на распрацоўкі навукоўцаў, рэкамендуе паўсюдна сеяць беларускі Прэзідэнт.
Дарэчы, у “Агра-Селішчы” некалькі год таму з грэчкай ужо эксперыментавалі – праўда, атрымалася не надта эфектыўна, і вось сёлета адбылася новая спроба. Культура гэта даволі капрызная: любіць цяпло, але калі ў час цвіцення тэмпература дасягае плюс 30, нектар крысталізуецца і становіцца недаступным для насякомых – што, прынамсі, і адбылося летась на многіх грэчкавых палетках вобласці. З асаблівасцяў тэхналогіі – больш інтэнсіўная падрыхтоўка глебы. Ю.Юркевіч вясной быў якраз заняты на гэтым працэсе і зазначае, што каб дасягнуць належнай якасці, давялося неаднойчы прайсціся па палях з дыскамі. Грэчка дрэнна канкурыруе з пустазеллем, таму пажадана з восені ўнесці гербіцыды. Затое летам яна фактычна не патрабуе доглядных работ і ўвогуле з’яўляецца адной з самых малазатратных культур.
◆ Айчынныя навукоўцы пастаянна працуюць над паляпшэннем сартоў грэчкі – у дзяржаўным рэестры іх зараз паўтара дзясятка, і толькі тры – іншаземныя.
“Канечне, хваляваліся за вынік. Як вядома, для добрага ўраджаю культуры асабліва важнае апыленне, таму прасілі навакольных пчаляроў прывозіць да ўчасткаў свае вуллі і вельмі ўдзячныя тым, хто адгукнуўся на просьбу. Сярод такіх быў, напрыклад, старэйшына вёскі Лісічына Мікалай Піскун, пчолкі якога “працавалі” над урадлівасцю поля”, – расказвае дырэктар гаспадаркі Сяргей Плігаўка. Па яго словах, для нашага рэгіёну “адэкватнай” лічыцца ўраджайнасць не менш 10 цэнтнераў з гектара – і селішчанцы ў гэты параметр пакуль упісваюцца, маючы больш 11. Зараз у засеках гаспадаркі ўжо 40 тон каштоўнай культуры, але ўжываць крупу можна будзе толькі пасля ачысткі і апрацоўкі на камбінаце, у працэсе чаго яна страціць да 35 працэнтаў вагі.
Дарэчы, у аблсельгасхарчы зазначаюць, што на наступны год плошчы пад запатрабаваную культуру ў паўночным рэгіёне будуць яшчэ больш павялічаны. Верагодна, што трывала прапішацца яна і на ўшацкіх палетках.
Наталля БАГДАНОВІЧ.