Ушачане приняли активное участие в марафоне по скандинавской ходьбе ко Дню пожилых людей

Cпорт

З чаго пачаць? З жадання быць здаровым, умення не звяртаць увагі на саркастычныя каментарыі акружаючых. Такім быў першы крок да актыўнага ладу жыцця ўдзельніц унікальнага марафону па скандынаўскай хадзьбе, які праходзіў у мінулую пятніцу ў рамках акцыі “Павага. Клопат. Адказнасць” да Дня пажылых людзей па ўсёй краіне.

На старце ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу сабралася звыш дваццаці ўшачанак, старэйшай – 74 гады. Адны – даўнія прыхільніцы скандынаўскай хадзьбы, наведвальніцы гуртка “Сцяжына здароўя”, адкрытага на базе аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Другія – толькі адкрываюць для сябе гэты від фізічнай актыўнасці. Аднак не ў вопыце, прадэманстраваных выніках справа.

“Адчуваем сябе настолькі, колькі пазначана на нашых спартыўных павязках!”, – усміхаюцца ўладальніцы нумароў з двума-трыма дзясяткамі. Тыя ж, каму дасталіся большыя лічбы, абвяргаюць тэорыю практыкай: адклаўшы ненадоўга палкі, як маладыя, танцуюць з роставай фігурай вавёркі са знакамітага мультфільма “Ледніковы перыяд”. Яна, дарэчы, стала самым актыўным балельшчыкам.

На гадзінніку 10.30 – і пасля невялікай размінкі дружная кампанія прадстаўніц “срэбранага” ўзросту рушыла ў шлях. Адлегласць да берага возера Вечалле пераадольвалася без праблем: нехта ўжо са старту паспяшаўся захапіць лідарства, а хтосьці асэнсавана ўзяў павольны тэмп – каб паспець і прыгажосць навакольную разгледзець. На фінішы ж пераможцаў марафону чакалі медалі і дыпломы, а ўсіх без выключэння – памятныя сертыфікаты і сяброўскае чаяпіцце.

Хочаце гэтак жа адкрыць для сябе новы напрамак фізічнай актыўнасці? Далучайцеся! Ушацкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб аб’явіў набор у групы для заняткаў па скандынаўскай хадзьбе – даведкі па тэлефоне (8-029) 890-80-09 (інструктар-метадыст Таццяна Шарына).

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *