Для души и отдыха. Валентина Пугачева выращивает вокруг дома настоящий цветочный оазис

Общество

Калі б на Ушаччыне складаўся рэйтынг самых “кветкавых” падворкаў, у лідарах дакладна б аказаўся адзін з адрасоў у вёсцы Лутава Сяльцо. Нават у канцы верасня, калі многае паадцвітала, а штосьці пашкодзіў першы мароз, тут усё патанае ў квецені. Хрызантэмы і астры, рамонкі і аксаміткі, больш за 20 кустоў півонепадобных і кустовых руж… “Запраўляе” ж такім аазісам прыгажосці В.В.Пугачова.

“Не разумею, як можна не любіць кветкі! – кажа Валянціна Васільеўна. – Займаюся імі, колькі сябе памятаю. Цяпер жа, калі пастаянна жыву ў Лутавым Сяльцы, проста адводжу душу. Яшчэ з восені прадумваю, як усё пасадзіць, каб з ранняй вясны на ўчастку не было “праплешын”. На змену першацветам, пралескам (дарэчы, яны радуюць асабліва, паколькі пачынаюць кветкавы сезон) прыходзяць нарцысы, крокусы, маргарыткі, далей “пераймаюць эстафету” півоні, петуніі, прымулы… У ліку не надта распаўсюджаных – чорныя цюльпаны, лаванда, садовая юкка. Прасцей, напэўна, сказаць, чаго ў мяне няма!”.

Кветкі на падворку В.В.Пугачовай літаральна ўсюды: перад домам і за ім, у падвясных кашпо на сценах адрын, уздоўж цяпліцы і нават па перыметры агароду. Тыя ж аксаміткі, па словах гаспадыні, выконваюць не толькі дэкаратыўную функцыю, але і дапамагаюць у барацьбе са шкоднікамі. Уражвае і надзвычай багатае цвіценне. Шчыра сказаць, не адразу паверылі, што вялізную шапку з хрызантэм, якую прыкмецілі здалёк, магла даць усяго адна расліна. “Не трэба шкадаваць штосьці падрэзаць – такім чынам можна і “аздаравіць” кветачку, і форму патрэбную прыдаць, – кажа Валянціна Васільеўна. – Калі, напрыклад, падкараціць крону “сціпламу” львінаму зеву, той гэтак жа пойдзе ўшыр і парадуе добрай квеценню”.

Цікава, што гаспадыня дбае не толькі пра праполку ды паліў кветак – як з жывымі, размаўляе, дзякуе за падораную прыгажосць. Ну і кожны год папаўняе іх кампанію навінкамі. На рынку, дзе В.В.Пугачова набывае насенне, ужо ведаюць, што трэба пастаянна прывозіць штосьці асаблівае, каб дагадзіць кветкаводу.

Ёсць на ўчастку Валянціны Васільеўны і так званы “лянівы” кветнік, які рэдка патрабуе праполкі. Для яго ўладкавання, расказвае жанчына, неабходна зняць пласт чарназёму, засыпаць усё гравіем і засцяліць шчыльным спанбондам, “кропкава” пакінуўшы месцы для дэкаратыўных кусцікаў. Верхні ж пласт робіцца па ўласным выбары са шчабёнкі ці, скажам, камянёў. Жанчына выкарыстоўвала абодва варыянты – першую спецыяльна выпісвала, апошнія збірала па ўсёй акрузе.

Дарэчы, размясціўся такі кветнік у зоне адпачынку, дзе любяць праводзіць час і сама гаспадыня, і яе блізкія. Побач – вялікая лавачка, абсталяванае вогнішча для цёплых сямейных пасядзелак. Улетку, калі прыязджаюць дочкі з зяцямі і ўнукамі, у двор выносяцца калонкі, распальваецца мангал – смех і песні гучаць да позняга. Дарэчы, у прыярытэце – музычныя кампазіцыі беларускіх выканаўцаў, у прыватнасці, груп “Сябры”, “Песняры”, якія з захапленнем слухаюць і самыя юныя члены сям’і.

Для іх любячая бабуля таксама прадугледзела нямала цікавага – устанавіла драўляны домік-альтанку, спецыяльны спартыўны комплекс, адразу некалькі арэляў, батут і нават міні-басейн. У старым жа ралеце, у якім некалі гандлявала на рынку райцэнтра, абсталявала для ўсіх своеасаблівую гасцёўню – з вялізным сталом, палічкамі для посуду і мілых упрыгожанняў, многія з якіх зрабіла сваімі рукамі.

“Памятаю, як 17 год таму набыла гэтыя дом і ўчастак, – расказвае Валянціна Васільеўна. – Многія б, напэўна, на маім месцы пачалі “абжывацца” – я ж адразу ўзялася за пасадку маладых бярозак і кветак. А як ратавала іх, калі праз некаторы час задумала рэканструкцыю будынка і на падворак прыехала тэхніка! Прыйшлося і з работнікамі дамаўляцца, каб не выгружалі тут гліну, і чарназём уручную падсыпаць”.

Цяпер жа ў дагледжаным доме, на прыгожым падворку жанчына адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслівай. Ранішні кубачак кавы ля пратопленай узімку печкі ці сярод кветак летам зараджае аптымізмам на ўвесь дзень. А потым – любімая работа, на якую Валянціна Васільеўна, хоць і мае вадзіцельскае пасведчанне, прынцыпова ходзіць пешшу ці едзе на веласіпедзе – каб не ўпусціць той прыгажосці, якая акружае. Зрэшты, і свой працоўны занятак яна лічыць не столькі “тэхнічным”, колькі творчым. У швейнай майстэрні “З іголачкі”, якую адкрыла некалькі год таму ў будынку былога ваенкамата, не проста абразае, падшывае, прастрочвае, але і мадэрнізуе адзенне ўшачан, падказвае ўдалыя, стыльныя варыянты.

Свой творчы патэнцыял рэалізуе і ў іншых справах. Так, напрыклад, вырабляе інтэр’ерныя лялькі Цільды, а таксама карціны-аплікацыі з марскіх ракушак, іншага прыроднага матэрыялу. Дарэчы, на многіх – выявы менавіта кветак – каб і марознай зімой сагрэць душу іх асаблівай прыгажосцю.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *