Запатрабаванні ў кожнага з нас досыць вялікія. Калі ёсць хлеб – хочацца чагосьці і да хлеба. Аднак найпершы клопат, вядома ж – мець дах над галавой. Ствараць прытулак для людзей, узводзіць вытворчыя і жывёлагадоўчыя аб’екты – галоўныя напрамкі дзейнасці ДКУБП “Ушацкая ПМК-66”.
Калектыву арганізацыі, які налічвае 200 чалавек, па плячы вырашэнне многіх задач у будаўніцтве. Толькі за апошнія тры гады ім асвоены на будоўлях 22404 мільёны рублёў.
Эфектыўна папрацавалі работнікі калоны летась. Аб’ём будаўніча-мантажных работ дасягнуў 9853 мільёнаў рублёў. Па тэмпах росту іх у супастаўных цэнах бізнес-план выкананы на 122,4 працэнта пры заданні 118. Рост прадукцыйнасці працы склаў 114,7 працэнта, выручка ад рэалізацыі – 10781 мільён рублёў пры запланаваных 9350. Замест намечаных 240 інвесціравана ў асноўны капітал 838 мільёнаў рублёў супраць 784 у папярэднім годзе.
Найбольшую ўдзельную вагу (70 працэнтаў) у агульным аб’ёме работ склала жыллёвае будаўніцтва. Забяспечаны ўвод 40-кватэрнага жылога дома ў гарпасёлку Ушачы, двух аднакватэрных дамоў у Кублічах, пачата будаўніцтва 58-кватэрнага і 40-кватэрнага жылых дамоў у райцэнтры.
Здадзены ў эксплуатацыю інжынерныя сеткі і зроблена добраўпарадкаванне 58-кватэрнага жылога дома ў гарпасёлку, уведзена малочнатаварная ферма на 530 галоў у вёсцы Завячэлле. Выкананы работы па капітальным рамонце і мадэрнізацыі Глыбачанскай сярэдняй школы, узвядзенні зернесушыльнага комплексу для ААТ “Ільюшынскі”, пачата будаўніцтва двух свінарнікаў-адкормачнікаў на 2400 галоў для ПУП “Сарочына”.
Не спадае працоўнае напружанне і сёлета. Узведзены 58-кватэрны жылы дом, а ў першым паўгоддзі намечана здаць і 40-кватэрны дом у райцэнтры, аднакватэрны – у Кублічах. Яшчэ адзін 40-кватэрны дом паявіцца на вуліцы Віцебскай гарпасёлка да канца года. Пачата ўзвядзенне будынка суда Ушацкага раёна. Неўзабаве на ўмовах субпадраду работнікі ПМК падключацца да будаўніцтва малочнатаварных ферм у Полацкім і Лепельскім раёнах.
За апошнія тры гады значна ўмацаваўся парк аўтатранспарту і будаўнічых машын. Набыта 18 адзінак тэхнікі, на што выдаткавана 2388 мільёнаў рублёў. Гэта дапамагае больш паспяхова вырашаць праблемы дастаўкі будаўнічых матэрыялаў, выканання будаўніча-мантажных работ, падвозу людзей на аб’екты.
– У нас склаўся выдатны калектыў работнікаў, –зазначае начальнік аддзела кадраў Л.Я.Цяцерка. – Выпадковыя людзі, “летуны” адсеяліся, засталіся тыя, хто па-сапраўднаму даражыць званнем будаўніка. Шмат гадоў працуюць у арганізацыі прараб Васіль Яфімавіч Мацюшэнка, тынкоўшчыца Ганна Пятроўна Красоўская, муляр Віктар Міхайлавіч Касцюковіч, кіраўнік брыгады маляроў Лілія Міхайлаўна Мураўская, цясляр Максім Генадзьевіч Пятроўскі (яго партрэт, дарэчы, змешчаны на Дошцы гонару КУПП БП “Полацксельбуд”) і іншыя.
Выдатна зарэкамендавалі сябе і многія маладзейшыя будаўнікі. Вось толькі некаторыя з іх. Сяргей Шыкштэла працаваў у арганізацыі цесляром. Зараз кіруе будаўніцтвам 40-кватэрнага жылога дома ў райцэнтры на пасадзе прараба. Завочна заканчвае Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Добры аўтарытэт набылі з першых дзён працы муляр Віктар Коршун, вадзіцелі грузавых аўтамабіляў Валерый Тарасевіч і Аляксей Шчаглоў. І такіх прыкладаў шмат.
Праца на многіх аб’ектах арганізавана ў дзве змены з тым, каб здаць іх у вызначаныя тэрміны і з належнай якасцю. Дружна шчыравалі будаўнікі і ў пярэдадзень Першамая.
П.ПРАТАСЕВІЧ.
На здымку: брыгада муляраў (брыгадзір С.М.Калясінскі — другі злева).