Што можна рабіць у такі мароз?
– Ды абсалютна ўсё, – сцвярджае прараб СВК “Іллюшынскі” Сяргей Уладзіміравіч Пліско, – якраз калі рухаешся, мароз і не страшны. А то і спякотна становіцца: з малатком, нажоўкай, ды ўверх-уніз па лесвіцы.
У пацвярджэнні яго слоў з гарышча паказаўся работнік, за ім другі. Ім знізу падалі дошкі…
У студзені працягваліся работы па рэканструкцыі пустуючага памяшкання на тэрыторыі жывёлагадоўчага комплексу ў Іллюшыне. Самага старога будынку, яшчэ з каменнай кладкай сцен. Толькі яны, дарэчы, і застануцца. Дах паднялі пад кормараздатачную машыну “Гаспадар”, шырыня праходаў таксама залежыць ад яе. Ну а каго ставіць у гэты ўмяшчальны дом – знойдзецца. Па-ранейшаму “кватэруюць” у “Дземенцы” пад сотню цялят, перагружаны і ўласныя памяшканні.
– З-за адсутнасці стойлавых месцаў немагчыма зрабіць паўнацэннай сарціроўкі жывёлы, – канстатуе галоўны заатэхнік Любоў Канстанцінаўна Бумага. – Таму так запатрабаваны зараз нашы будаўнікі. У гэтым памяшканні мяркуем паставіць 130 пакрытых цялушак. У Жарах сто дадатковых месцаў створана для першацёлак, там таксама ўласнымі сіламі ўстаноўлена вакуумнае даільнае абсталяванне.
А каб скараціць цякучасць кадраў у будаўнічай брыгадзе, няпростую работу стымулююць рублём. “Разумеем, што без нармальнай аплаты не затрымаць людзей, – кажа старшыня гаспадаркі Сяргей Анатольевіч Халімоненка. – Таму і стараемся заплаціць, каб не крыўдна было. Вось і ў Жарах вакуумны малакаправод па дагавору рабілі нашы ж работнікі, пераважна механізатары. У свае выхадныя, усяго за 4 дні перад Новым годам, усё выканалі, а мы да святаў і разлічылі людзей. Яны задаволены, і для гаспадаркі патрэбная справа”.
Будаўнікам жа работы хопіць, нават калі завершаць гэтыя аб’екты. А яшчэ выдатна тое, што ў “Іллюшынскім” захавана свая піларама. Толькі лес купляюць, а ўсю распілоўку, пад любы памер і любыя мэты, выконваюць усё тыя ж будаўнікі.
В.КАРАЛЕНКА.
На здымку:
брыгада С.У.Пліско.