Предприятие «ПромСтройЛид» расширило производство


На 1 студзеня гэтага года ў раёне дзейнічаюць 69 малых і мікраарганізацый – на 15 працэнтаў больш за папярэдні год. 51,7 працэнта іх сканцэнтравана ў гарадскім пасёлку. Працуюць 193 індывідуальныя прадпрымальнікі, 26 з іх было зарэгістравана летась.
Найбольшая колькасць малых прадпрыемстваў (28,3 працэнта) занята ў гандлі і грамадскім харчаванні, 18,3 – у прамысловасці, 13,3 – будаўніцтве, 6,7 — турызме.
Доля паступленняў ад прадпрымальніцкай дзейнасці ў раённы бюджэт за мінулы год склала 10,9 працэнта. Ад індывідуальных прадпрымальнікаў паступіла адлічэнняў 4,7 працэнта, ад фермерскіх гаспадарак – 0,2, камерцыйных і некамерцыйных арганізацый – 6 працэнтаў.

Развіваць вытворчасць, укладаць у яе грошы зараз выгадна. Дзяржавай створаны такія ўмовы, што прадпрымальнік, які мае прыбытак, зацікаўлены ў яе пашырэнні і ўдасканаленні. Ёсць шэраг ільгот, якія дзейнічаюць пры стварэнні новага прадпрыемства і адкрыцці рабочых месцаў, бо гэта развіццё рэгіёна, дадатковыя сродкі ў бюджэт і стабільнае функцыянаванне эканомікі. А ўмацоўваць сваю радзіму ўдвайне прыемна, – лічыць прадпрымальны ўшачанін Мікалай Мікалаевіч Бабаедаў, заснавальнік на сённяшні час прадпрыемстваў “ПрамБудЛід” і “Ніксілбуд”.
Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “ПрамБудЛід” добра вядома не толькі на Ушаччыне. За перыяд свайго існавання заваявала сваё месца на рынку і, што немалаважна, давер заказчыкаў. Ужо некалькі гадоў займаюцца вытворчасцю і ўстаноўкай шклопакетаў. Калі толькі асвойвалі дадзеную справу, лічылі сябе дылетантамі. Сёння ж могуць канкурыраваць з рознымі фірмамі і пахваліцца якасцю выпускаемай прадукцыі.
Менавіта якасць і акуратнасць у рабоце з’яўляюцца складнікамі поспеху. Такога прынцыпу тут прытрымліваюцца пастаянна. Новыя вокны заказваюць і ўстанаўліваюць як арганізацыі, так і прыватнікі. Трэба сказаць, што паслугі нашай ушацкай фірмы запатрабаваны і без рэкламы. Яшчэ нядаўна заказаў на выраб акон хапала на месяц уперад. У апошні час іх колькасць зменшылася, аднак работы хапае і цяпер.
Не так даўно ПУП “ПрамБудЛід” асвоіла яшчэ адзін від не менш запатрабаванай прадукцыі – мэблі. У выкупленым былым памяшканні “Вечалля” дастаткова месца, а таму з’явілася магчымасць адкрыць і яшчэ адзін цэх. Чаму менавіта мэблі? Таму што зноў жа попыт на гэтую прадукцыю быў заўсёды.
Закупляецца гатовая сыравіна, а затым з яе вырабляецца розная мэбля: сталы, шафы, тумбачкі і іншае. Прычым, большасць мэблі робіцца не па шаблоне, а менавіта па індывідуальным заказе для канкрэтнай асобы ці арганізацыі. Так, калі хочацца падабраць для свайго інтэр’ера, напрыклад, камп’ютарны стол, можна не губляць час на пошукі жаданай мадэлі ў магазінах, а зрабіць падыходзячы заказ.
Калі распачыналі вытворчасць, то першая прадукцыя была выраблена для сябе: абсталявалі ўсёй неабходнай мэбляй кабінеты. І першы блін, што называецца не быў комам – вырабленае не адрозніць ад прадукцыі ўжо вядомых вытворцаў. Канечне, нельга сказаць, што ўсё атрымлівалася адразу, штосьці прыходзілася і перарабляць.
– Пакуль што ў названым цэху працуюць два чалавекі, якія спраўляюцца з аб’ёмам работы. Абыякавых у нас няма, а дзякуючы ўмелым людзям, як Аляксандр Валянцінавіч Ядрэўскі, усё атрымліваецца. Ёсць заказы ад людзей і нашых арганізацый. Галоўны прынцып: рабіць якасна, каб заказчык быў задаволены, – гаворыць М.М.Бабаедаў.
Адна з даволі адчувальных ільгот – прадпрыемства вызвалена ад падатку на прыбытак, што дазваляе зэканомленыя сродкі пускаць на развіццё і пашырэнне сваёй вытворчасці.
Калі фірма пачынала сваю дзейнасць, тут працавала ўсяго некалькі чалавек. Цяпер гэта ўжо вялікі калектыў. На прадпрыемстве яшчэ шмат планаў і задум, галоўныя з якіх – не спыняцца на дасягнутым, далей пашырацца і развівацца.
В.ПОЛАЗАВА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *