В рейде по неблагополучным семьям

Общество

У той час, калі для большасці людзей такія паняцці, як “дом”, “сям’я”, “сваяцкія адносіны” ўяўляюць каштоўнасці, для некаторых асоб яны не маюць значэння. А ці можа быць інакш, калі міліцэйскія зводкі перапоўнены наступнымі паведамленнямі: “муж збіў жонку”, “сын нанёс траўмы маці”, “брат пагражаў брату”. Да чаго могуць прывесці такія ўзаемаадносіны – вядома. Таму абавязак міліцыі і ўсяго грамадства — папярэдзіць магчымыя негатыўныя наступствы.
З мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы бытавога насілля, якое чыніцца на бытавой глебе, у краіне ў красавіку праводзілася прафілактычная акцыя “Дом без насілля!”. Адной з форм работы з’яўляюцца прафілактычныя рэйды па нядобранадзейных сем’ях. Нядаўняя паездка па Сарочынскім сельсавеце, у якой прыняла ўдзел, запомніцца надоўга, бо ўражанні ад убачанага ў асобных дамах былі не надта прыемныя. Аднак усё па парадку.
Пасля агульнага сходу ўдзельнікаў рэйду – работнікаў райвыканкама, Сарочынскага сельскага Савета дэпутатаў, супрацоўнікаў міліцыі і пажарнай службы, прадстаўнікоў грамадскасці, дзе былі акрэслены задачы мерапрыемства, пяць груп выехалі ў населеныя пункты. Наведвалі сваіх “падапечных”, гутарылі з імі і іх суседзямі, цікавіліся сітуацыяй у доме.
Радуе тое, што па некаторых адрасах, куды мы завіталі, абстаноўка больш-менш стабільная. Калі людзі імкнуцца самастойна змяніць жыццё да лепшага, гэта пахвальна. Такім можна дапамагчы, іх трэба падтрымаць. Аднак нельга маўчаць пра факты недапушчальныя, калі існуе рэальная пагроза жыццю і здароўю людзей.
Часам прыходзілася бачыць жудасныя малюнкі. Звычайны з іх: бруд у хаце і на двары, нямыты посуд, кучы пустых бутэлек і пачак ад цыгарэт, прысядзібныя ўчасткі пустуюць, не апрацоўваюцца. Да таго ж, гаспадары дома рэгулярна знаходзяцца “пад градусам”, высвятляюць адносіны паміж сабой – без кулакоў не абыходзіцца. У вёсцы Казлы ўдзельнікам рэйдавай групы наогул прыйшлося сутыкнуцца вось з такімі парадкамі (на здымку) ў доме грамадзянкі Ш. Як людзі жывуць у такіх умовах, зразумець складана…
У выніку рэйду адпаведныя высновы былі зроблены, звесткі пра кожную сям’ю, кожнага “падапечнага” сістэматызаваны. Неабходныя меры ўздзеяння ў адносінах іх у самы бліжэйшы час будуць прымацца.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *