Аляксандра Віктаравіча Паншына ведае, пэўна, кожны ўшачанін. Праз залатыя рукі гэтага ўрача прайшлі тысячы пацыентаў, бо ў сувязі з дэфіцытам кадраў Аляксандр Віктаравіч пэўны час прымаў хворых і ў якасці хірурга, і літаральна вяртаў іх да жыцця як рэаніматолаг.
Ва Ушацкай раённай бальніцы А.В.Паншын працуе са жніўня 1994 года. Непрацяглы час быў хірургам, а са снежня гэтага ж года пераведзены ўрачом анастэзіёлагам-рэаніматолагам. Загадчыкам гэтага аддзялення ён з’яўляецца са снежня 1996 года па цяперашні час. Граматны спецыяліст. Валодае высокай тэарэтычнай падрыхтоўкай, асвойвае і спраўляецца са складаным суперсучасным абсталяваннем, якім абноўлена аддзяленне анэстэзіялогіі-рэанімацыі.
Гэта кіраўнік, які спалучае высокую адказнасць за даручаны ўчастак, стараннасць, тактоўныя, добразычлівыя адносіны да пацыентаў з высокай патрабавальнасцю да сябе і калег па рабоце. Умее тонка пераконваць і адначасова настойваць на выкананні абавязкаў, унутранага распарадку. Прычым, усе пералічаныя якасці – гэта паўсядзённы стыль яго работы.
Мае першую кваліфікацыйную катэгорыю, рэгулярна павышае спецыяльныя веды на курсах удасканалення, апошні раз у 2009 годзе ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
За высокія маральна-этычныя і прафесійныя якасці Аляксандр Віктаравіч карыстаецца павагай і аўтарытэтам як сярод калег, так і насельніцтва раёна.
Прозвішча А.В.Паншына занесена на раённую Дошку гонару.