Учора на цэнтральнай плошчы Ушач адбыліся міні-дажынкі. Па- святочнаму: з канцэртнымі нумарамі, падарункамі, словамі падзякі праводзілі экіпажы камбайнераў, якія прыехалі, каб дапамагчы ў зборы багатага сёлетняга ўраджаю.
Два тыдні мінула, як старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі ставіў перад кіраўнікамі пяці гаспадарак, у якія прыехала тэхніка, задачу арганізаваць работы без хвіліны прастояў і стварыць годныя ўмовы для адпачынку механізатараў. А 9 жніўня, паціскаючы мазолістыя рукі пераважна маладых хлопцаў, задаволена канстатаваў, што ўсё атрымалася. У раёне засталося ўбраць толькі грэчку ды кукурузу на зерне. І шчыра дзякаваў як механізатарам, так і кіраўніцтву Расонскага раёна, адкуль прыйшло чатыры камбайны, а таксама Шумілінскага, Глыбоцкага. Усе адгукнуліся на просьбу аб дапамозе. “Сімвалічна, што аказана яна была напярэдадні Дня народнага адзінства, – падкрэсліў Сяргей Сяргеевіч. – А ў сабраных раёнам 25 тысячах тон, вельмі годнага для нас караваю, ёсць і ваш унёсак”.
Павіншаваць хлебаробаў прыйшлі таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, кіраўнікі ААТ “Ільюшынскі” Сяргей Анатольевіч Халімоненка і КУСГП “Вялікадолецкае” Антон Уладзіміравіч Сафонаў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Аляксееўна Шаўчэнка, а таксама работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якія падрыхтавалі для камбайнераў цёплыя тэматычныя нумары. Кожнаму з памочнікаў уручылі па караваі, а таксама каштоўныя падарункі ад сельгаспрадпрыемстваў. “Мы на наступны год, калі спатрэбіцца, таксама гатовы аказаць дапамогу”, – падкрэслілі С.Халімоненка і А.Сафонаў.
Так, на кіраўнікоў гаспадарак ляглі дадатковыя клопаты, але без чужой дапамогі частка хлеба проста засталася б на полі. Таму такім узнёслым быў настрой літаральна ва ўсіх, асабліва ў кіраўніка “Ільюшынскага”, бо менавіта ў іх аказалася самай вялікай нагрузка на камбайн. Памочнікаў з Расоншчыны Сяргей Анатольевіч штодня распытваў пра ўмовы пражывання ў гасцініцы, а таксама замацаваў для аказання дапамогі галоўнага інжынера, каб аператыўна закрываць праблемы. Ну а “Вялікадолецкае” яшчэ не развіталася з экіпажам з Глыбоччыны. Мабыць спадабаецца, застануцца на Ушаччыне? Запыталіся мы пра гэта і ў расонцаў. “Сем’і чакаюць. Як бы ні было добра ў гасцях, а дома лепш”. Не хавалі эмоцый мужчыны. Засталіся задаволеныя заробкамі, тым больш што з першага верасня, калі на вучобу раз’ехаліся іх памочнікі-студэнты, старэйшыя камбайнеры атрымлівалі даплату. Шкадавалі толькі, што не трапілі на пачатак сезона, на лепшыя хлебныя нівы. Ну а на пытанне аб харчаванні самы старэйшы камбайнер Анатоль Уладзіміравіч Данчанка адказаў за ўсіх лаканічна і вельмі эмацыянальна: “Ну гэта наогул супер!”
Вольга КАРАЛЕНКА.