Много теплых и ярких воспоминаний оставил жителям праздник деревни Загорье

Культура

Лета завяршылася, але пакінула шмат цёплых успамінаў. Адным з самых яркіх стала свята вёскі, якое прайшло ў нас напрыканцы жніўня.

Мы вельмі любім сваё Загор’е. Хоць карэнных жыхароў тут засталося нямнога, аднак закінутых будынкаў няма, дамы набыты пад дачы. Я сама тутэйшая і вельмі часта прыязджаю ў бацькоўскую хату. Цёплы сезон праходзіць у асноўным у агародных клопатах, і мы з задавальненнем прынялі прапанову работнікаў Вяркудскага СДК сабрацца разам і адпачыць ад будзённых спраў.

Культработнікі прыгадалі гісторыю вёскі, расказалі пра яе жыхароў. Некаторыя ж былі адзначаны асабліва: сярод іх самыя ўзроставыя вяскоўцы – 88-гадовая Надзея Ільінічна Грак, на пяць год маладзейшая за яе Галіна Іванаўна Грак. Па 86 год Уладзіміру Рыгоравічу і Аліне Іларыёнаўне Страшновым, і больш 60 з іх яны поруч ідуць па жыцці. 40 год разам Міхаіл Мікалаевіч і Галіна Пятроўна Чарнышовы, і абое сёлета святкуюць 65-гадовы юбілей. Такога ж прыгожага ўзросту дасягнулі Павел Мікалаевіч Бурак і Ала Анатольеўна Зубчынская. 60 споўніцца ў снежні Валянціне Іванаўне Троцкай, а Уладзімір Пятровіч Севярын і Марыя Аляксандраўна Дробыш адзначаюць адпаведна 50- і 45-годдзе. Больш трох дзясяткаў год складае сямейны стаж Мікалая Васільевіча і Таццяны Васільеўны Грак, а Уладзімір і Ірына Беляковы разам 18.

У сярэдзіне 19 стагоддзя Загор’е ўваходзіла ў склад маёнтка Чарсцвяды, у пачатку 20-га належала аднайменнаму сельгаставарыству Лепельскага павета, у 1930-м створаны калгас “Сусветны Кастрычнік”, працавала кузня. На пачатак вайны ў вёсцы было 250 жыхароў і 72 двары, 38 з якіх спалена карнікамі, больш 40 загорцаў сталі ахвярамі ваеннага ліхалецця. У 1969-м вёска трапіла ў склад калгаса “Савецкая Беларусія”. У рубяжы 21-га стагоддзя тут пражывала 90 чалавек, і хоць зараз насельніцтва зменшылася, вёсачка на маляўнічым беразе Оталава абнаўляецца, а яе гісторыя працягваецца.

Для пералічаных вяскоўцаў і ўсіх удзельнікаў свята мілыя, жыццярадасныя жанчыны-артысткі спявалі прыгожыя песні, дэкламавалі вершы, зарадзілі нас вяселлем і пазітывам. І хочацца ад імя жыхароў вёскі і дачнікаў выказаць вялікую падзяку загадчыку культустановы Святлане Сямёнаўне Грак, мастацкаму кіраўніку Святлане Віктараўне Ігнатовіч, удзельніцам вакальнага гурта “Веркужаначка” за дастаўленую асалоду і пажадаць ім жыццёвых і творчых поспехаў!

Таццяна Аркадзьеўна КАВАЛЕНКА, в.Загор’е.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *