Пляж, на які хочацца вяртацца…
Метэазводкі папярэджвалі нас, што восень наляціць стрымгалоў, і ў апошнія гарачыя дзянькі жніўня ўшачане спяшаліся ўхапіць рэшткі лета, нацешыцца сонейкам і цёплымі азёрнымі хвалямі. Вось і мы прыехалі на Вечалле, каб падвесці пэўныя вынікі сёлетняй работы галоўнага гарадскога пляжа, над добраўпарадкаваннем якога перад сезонам працавалі многія ўшачане. Запыталіся ў адпачываючых і пра тое, што, на іх думку, тут можна было б яшчэ ўдасканаліць.
Віктар СТЭЛЬМАХ, гаспадар аграсядзібы “Апельсін”:
– Для мяне сёлетняе пераўтварэнне вечальскага пляжа – проста ажыццяўленне мары! Паколькі прымаю не толькі айчынных турыстаў, а і расіян, хочацца, каб у іх заставаліся найлепшыя ўражанні пра наш раён і краіну ў цэлым. Рэканструкцыя пляжа гэтаму адназначна спрыяе, бо Вечалле – адна з нашых славутасцяў, а цяпер яшчэ і месца правядзення брэндавага фестывалю “ExtremeПрарыў”, таму вельмі правільна, што раённыя ўлады звярнулі ўвагу на гэты аб’ект. Заўважыў, што сёлета на пляжы стала больш парадку, практычна не бачыў тут нецвярозых кампаній. Затое неаднойчы назіраў, як вядуць прафілактычную работу і ладзяць вучэнні выратавальнікі – усё гэта надае адчуванне абароненасці. Калі ж знойдзецца магчымасць працягнуць добраўпарадкаванне, то хацелася б, каб на акультуранай сёлета частцы берага з’явілася больш лавачак і дарожка для прагулак. Добра было б выдаліць і астатнія зараснікі чароту паміж дзвюма прыстанямі. А яшчэ зазначу (хоць гэта і не зусім па тэме), што трэба актыўней рэкламаваць наш дэндрапарк – для гасцей раёна ён з’яўляецца сапраўдным адкрыццём, яны кажуць, што такую прыгажосць мала дзе ўбачыш.
Ірына і Марына, пастаянныя наведвальніцы пляжу:
– Гэтым летам мы прыязджалі сюды вельмі часта і хочам падзякаваць усім, хто прыклаў руку да стварэння такіх годных умоў адпачынку. Што датычыцца пажаданняў, то хацелася б, каб больш разнастайным быў асартымент гандлёвай кропкі: калі першым часам тут яшчэ меўся пэўны выбар кулінарных вырабаў, то напрыканцы сезона ён стаў вельмі сціплым, а многія ж прыязджаюць сюды на ўвесь дзень. Асабіста нас парадавала б і лёгкая музыка, якую можна было б трансліраваць для добрага настрою!
Марына і Мікалай СВІРКО:
– Трое нашых дзетак гатовы былі праводзіць тут кожны цёплы дзень! У асаблівым захапленні яны ад пірсу, які з’явіўся сёлета на прыстані ля выратавальнага паста, нам жа больш даспадобы пляж, што далей ад дарогі: тут менш людзей і зручней прыглядаць за малымі.
Мікіта ЛУКАШЭВІЧ, школьнік:
– Нам з сябрамі тут падабаецца! Я ўвогуле люблю спорт, займаюся дзюдо, а купанне на возеры дазваляе падтрымліваць летам фізічную форму. На пляжы сёлета вельмі весела, можна не толькі паплаваць, а і паскокаць у ваду: і бацькі не перажываюць, бо мы пад наглядам выратавальнікаў. Шкада толькі, што лета амаль скончылася…
Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.
…і для тых, хто не ўмее плаваць
На пляжы возера Вечалле я не бываю – ёсць сваё Чаравэчча, якое бліжэй. А 27 жніўня спецыяльна заехалі, каб пахваліцца перад сталічнай аднакурсніцай. Дадам, што да гэтага пабывалі на новым стадыёне, і мая спартыўная сяброўка, якая бегае 42-кіламетровыя марафоны, з зайздрасцю правярала красоўкамі пакрыццё бегавой дарожкі.
“Вельмі цывільна ўсё абсталявана, – аглядаючы сушу з вады, канстатавала Ірына. – Альтанкі, раздзявалкі, пірс, столькі чыстай тэрыторыі для адпачынку, толькі прыбіральні напэўна няма?” Давялося “расчараваць”, што ёсць. І не скалочаныя з дошак “будкі”, а сучасныя “біятуалеты”. Пад гэтыя размовы аб выгодах жыцця ў малых гарадках не зразумелі, што менавіта нас датычыцца голас у мегафон. Выратавальнік паважанага ўзросту “пажывей” заклікаў нас выйсці на бераг, а калі гэта зрабілі, пагразіўся выклікаць нарад міліцыі за тое, што плаваем за буйкамі.
Аб тым, што нешта парушылі, у нас нават не паўставала і думкі. Проста выбралі заход – той, што бліжэй да водна-аднаўленчага комплексу, які таксама хацела паказаць сяброўцы з вады. Ды і іншага выбару ў нас, можна сказаць, не было. Вада на цэнтральным заходзе ля выратавальнага паста проста вірэла ад малых, якія кулогаліся, прыгалі, гулялі ў ёй. Людзей было прадказальна многа, і гэта радавала. Не пуставаў і “наш”, намнога вузейшы заход. Таксама малыя, маладыя людзі на і вакол надзіманага матраса, матуля з сынам перакідвалі мяч. Да вісячых пластыкавых бутэлек заставаўся невялікі водны астравок. Гэтую паплаўную сістэму ўспрынялі якраз як зону абмежавання для тых, хто не ўмее плаваць. А каб на такой адлегласці ўстанаўліваліся буі? “Стомішся, пакуль даплывеш да іх”, – міжволі прыгадаліся марскія пляжы. Таму і была вельмі здзіўлена такой дзіцячай адлегласці і кінулася вывучаць заканадаўства, паколькі ніякіх абгрунтаванняў, акрамя таго, што глыбіня на ўзроўні буйкоў 3 метры, ад нашага патэнцыйнага выратавальніка не пачула.
Аказваецца, сапраўды, зона плавання на пляжах абмежавана 20 метрамі, але АД ГЛЫБІНІ 1,3. Не скажаш, што парушылі, бо прыстаўка “да 20” дае прастору для дзеяння. І метр, і два, і 19 – гэта да дваццаці. Але навошта ж на месцы з выдатнай бачнасцю, абсталяваным выратавальны пастом, дарэчы, адзіным, не лічачы пляжа санаторыя, падштурхоўваць людзей заплываць за буйкі, а не пашырыць водную “дарожку” да законных 20 метраў. А што гэта так, сведчыў не толькі мой няўдалы дэбют на пляжы. У той жа дзень на вачах выратавальніка за “лініяй” купалася маладая пара. Спартыўны малады чалавек на пытанне, дзе плавае, шчыра прызнаўся, што крыху за буямі. Яшчэ аднаго ледзь спыніла (калі плывеш, не чуеш зваротаў да сябе нават у мегафон), каб пацікавіцца, чаму ён выбраў траекторыю за паплаўкамі. Аказалася, так ён плавае штодня з дазволу выратавальнікаў. Пагаджуся, для людзей, якія не купаюцца, а менавіта плаваюць, метраў пяці-шасці да паплаўкоў і 15 у шырыню недастаткова нават адпаведна нормам адвядзення абмежавальных зон. Па якіх, дарэчы, яны пазначаюцца менавіта аранжавымі буямі, а вось месцы для тых, хто не ўмее плаваць, – паплаўкамі. І яны, адпаведна заканадаўству, абавязкова павінна быць. Як і нейкія “вароты” для таго, каб бяспечна для тых, хто купаецца, на ваду спускаліся лодкі і іншыя плаўсродкі. Бо ў тую ж нядзелю назіралася адваротнае.
– Што тут было ў выхадныя, – расказваў М.Д.Шаўчэнка, даведаўшыся пра збор пажаданняў аб паляпшэнні пляжа. – Ледзь не на галовы наязджалі маторкамі. А здаецца, і рашэнне райвыканкама прымалася аб забароне плавання на гэтым возеры на сродках з пэўным аб’ёмам рухавіка. Хацелася б, каб гэта адрэгулявалі.
Пляж, сапраўды, выдатны, а з улікам усіх пажаданнях і тых, якія можна пакідаць на электронную пошту “Патрыёта”, мяркуем, стане яшчэ лепш.
Вольга КАРАЛЕНКА.