В Витебской области проходит марафон «Единый», посвященный Дню народного единства

Общество

Два дні Ушаччына была ўдзельніцай абласнога грамадзянска-патрыятычнага марафону “Адзіны”, які ў сваю чаргу даў старт мерапры-емствам, прысвечаным Дню народнага адзінства.

Гэтае дзяржаўнае свята 17 верасня будзе адзначацца краінай усяго другі год. Аднак па маштабнасці яго можна параўнаць толькі з Днём Незалежнасці ці Днём Перамогі. Дата была абрана невыпадкова. У 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавору Беларусь супраць волі народа была разарвана мяжой – і родныя, сем’і аказаліся ў дзвюх розных дзяржавах. А 17 верасня 1939-га Заходняя Беларусь зноў уз’ядналася з БССР. 7 чэрвеня мінулага года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка падпісаў Указ №206 аб заснаванні Дня народнага адзінства. Лідар краіны падкрэсліваў, што гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа, а адноўленае ў 1939 годзе адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Так, нягледзячы на тое, што ў краіне пражываюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і канфесій, мы – адзіны беларускі народ. Хоць у кожным рэгіёне ёсць свае асаблівасці. Яны – на тых жа ручніках, што разам з Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь перадаюцца ўдзельнікамі марафону. Стартавала патрыятычная акцыя першага верасня ў Паставах і перш чым трапіць на Ушаччыну, Дзяржаўны сцяг пранеслі па Глыбоцкім, Браслаўскім, Шаркаўшчынскім, Міёрскім і Докшыцкім раёнах. Менавіта на мяжы з апошнім сустракала ўшацкая дэлегацыя ў нядзелю суседзяў, а потым завітала на мемарыялы загінуўшым вызваленцам у аграгарадку Вялікія Дольцы, гарадскім пасёлку Ушачы, каб хвілінай маўчання ўшанаваць памяць тых, каму мы ўдзячны за сваю незалежнасць.

У межах марафону прайшоў інтэрнэт-чэлендж “17” – гэтую лічбу “склалі” каля 250 маладых людзей на цэнтральнай плошчы гарпасёлка. Прадстаўнікі райкама БРСМ праводзілі акцыю “Роднае– народнае”, павязваючы на рукі ўшачан стужкі з беларускім арнаментам.

На здымках зверху: перадача Дзяржаўнага сцяга палачанам; ручнік – ад суседзяў з Докшыц; чэлендж.

У другой палове выхаднога дня савет працуючай моладзі і актывісты БРСМ сабраліся ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка, каб праверыць свае веды пра гісторыю раёна, вобласці, краіны ў інтэлектуальнай віктарыне. Усе тры каманды атрымалі салодкія падарункі ад адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і райкама БРСМ.

А раніцай 5 верасня сцягі Ушацкага раёна, Віцебскай вобласці і Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь развіваліся ўжо на мяжы з Полацкім раёнам, дэлегацыя якога і пераняла ад ушачан эстафету марафону “Адзіны”. Сцяг Рэспублікі Беларусь у горад павезлі веласіпедысты полацкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, каб пасля ўрачыстых мерапрыемстваў у Полацку на байдарках даставіць па Заходняй Дзвіне ў Наваполацк.

Патрыятычны марафон “Адзіны” працягваецца. А ў Дзень народнага адзінства святочныя мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх раёнах краіны, у тым ліку на Ушаччыне.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *