Вясёлыя дзеці з пышнымі букетамі, усхваляваныя настаўнікі, расчуленыя бацькі. Зацікаўленасць у вачах тых, хто ўпершыню пераступіў парог школы. Лёгкая задуменнасць, засяроджанасць на тварах адзінаццацікласнікаў. На Ушаччыне залівісты званок прагучаў у чацвер для 1180 вучняў, у тым ліку 111 першакласнікаў.
На ўрок да Прэзідэнта
Урачыстасці з нагоды Дня ведаў сёлета мелі шэраг асаблівасцяў. Галоўная з іх – у праграму ўключаліся мерапрыемствы, прысвечаныя Году гістарычнай памяці. Гэтая тэма была пакладзена ў аснову і адкрытага ўрока, які правёў у Палацы Незалежнасці для тысяч навучэнцаў краіны А.Р.Лукашэнка. Прамая трансляцыя вялася ва ўсіх установах адукацыі, у тым ліку на Ушаччыне.
Прэзідэнт патлумачыў, што яго задача – падзяліцца з маладымі людзьмі не ведамі гісторыка па першай адукацыі і нават не асабістым поглядам на падзеі сённяшняга дня, а перш за ўсё палітычным вопытам. Таму і назву ўрок меў сімвалічную – “Гістарычная памяць – дарога ў будучыню”.
“Сёння свет ахоплены падзеямі, якія патрабуюць своечасовага тлумачэння пазіцыі дзяржавы. Пазіцыі, заснаванай на шматвяковым вопыце розных пакаленняў беларусаў, на іх гістарычным выбары, на подзвігах нашых продкаў, на прыкладах сапраўднай любові да сваёй зямлі, – заявіў А.Р.Лукашэнка. – Нам, беларусам, вайна не патрэбна! Мы павінны прытрымлівацца талерантнасці, падоранай нам продкамі. А калі хтосьці са зброяй у руках унутры ці звонку паспрабуе гэты курс зламаць, мы адкажам”, – рэзюмаваў беларускі лідар.
◆ Маргарыта Васільеўна Далжонак, намеснік дырэктара Ушацкай школы па выхаваўчай рабоце:
“На адкрыты ўрок ад кіраўніка дзяржавы мы запрасілі ў актавую залу адразу ўсіх вучняў 10-11 класаў. Такая масавасць і вялікі экран, з якога назіралі за дзействам, дазволілі адчуць сябе ў ліку непасрэдных удзельнікаў сустрэчы ў Палацы Незалежнасці.
Лічу, што выступленне Прэзідэнта было вельмі пазнавальным, цікавым. Тэмы, якія ўзнімаліся, актуальныя ў сучасных рэаліях. Сёння нашы дзеці карыстаюцца інтэрнэтам, глядзяць тэлеканалы, многія з якіх падаюць падзеі пад розным ракурсам. Важна, каб маладое пакаленне ведала праўду пра гісторыю нашага міралюбівага народа. Было прыемна назіраць за тым, як вучні ўважліва слухаюць выступленне і ціха абмяркоўваюць. Многім спадабалася, як адказвалі на пытанні Аляксандра Рыгоравіча ўдзельнікі сустрэчы. Некаторыя нават задумаліся, што б на гэты конт сказалі яны”.
Душэўна і прыгожа
праходзіла свята першага званка ў сельскіх школах раёна. Асаблівым стаў гэты дзень для Арэхаўскай, у якой за парты селі 104 хлопчыкі і дзяўчынкі. Дарэчы, сёлета яна была рэарганізавана: у сувязі са змяншэннем колькасці дзяцей дашкольнага ўзросту было вырашана з 1 верасня далучыць мясцовы яслі-сад да школы. Пра гэта казалі ў сваіх выступленнях на ўрачыстасці ганаровыя госці: старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі і начальнік аддзела па адукацыі М.В.Варава. Яны павіншавалі прысутных з пачаткам навучальнага года, падзякавалі за годную падрыхтоўку да яго. Прыемным падарункам стаў уручаны Сяргеем Сяргеевічам сертыфікат на 1,5 тысячы рублёў. Патраціць гэтыя сродкі арэхаўцы плануюць на набыццё новага гукавога абсталявання.
У Вялікадолецкай школе, у якой сёлета 59 навучэнцаў, галоўнымі віноўнікамі ўрачыстасці прадказальна сталі не толькі 6 першакласнікаў, але і новы дырэктар. Дарэчы, персона гэта ўсім добра вядомая: Марына Паўлаўна Казлоўская на працягу апошніх гадоў займала ва ўстанове пасаду намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці. Гэтыя ж функцыі зараз, наадварот, будзе выконваць былы кіраўнік Рыма Леанідаўна Аніскевіч – яна выйшла на заслужаны адпачынак, аднак развітацца з роднай альма-матэр не змагла.
Новае “амплуа” – намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці – у настаўніка беларускай мовы і літаратуры Глыбачанскай школы Алены Сцяпанаўны Герцык. Не менш цёплых віншаванняў, пажаданняў атрымалі ў гэты дзень і ўсе 64 вучні, сярод якіх 4 першакласнікі.
З цікавым чэленджам і падарункамі ад выпускніка
Урачыстая лінейка ва Ушацкай школе праходзіла на звыклым месцы – на цэнтральнай плошчы гарпасёлка. Дзе яшчэ ўмясціць такую колькасць вучняў і іх групы падтрымкі?! Сёлета за парты гэтай самай “прадстаўнічай” у раёне навучальнай установы селі 873 школьнікі. Не часта ўбачыш у адным месцы і столькі галоўных віноўнікаў дзейства – у чатырох класах будзе навучацца 90 першакласнікаў.
“Усё так міла! Нават дырэктар у бардовай камізэльцы!” – з захапленнем казалі прысутныя. Прыгаданы элемент адзення, сапраўды, надаў мерапрыемству асаблівага каларыту, пэўным чынам з’яднаў прадстаўнікоў вялікай школьнай сям’і. Дарэчы, у новым навучальным годзе выкарыстанне камізэлек вызначанага колеру ці, напрыклад, гальштукаў і значкоў ва ўсіх школах краіны стала абавязковым.
Словы віншаванняў і найлепшыя пажаданні ў адрас педагогаў, вучняў прагучалі ў гэты дзень ад кіраўніка ўстановы Таццяны Анатольеўны Пахолак, намесніка старшыні райвыканкама Алены Васільеўны Пашковіч, іншых гасцей. Па добрай традыцыі з падарункамі ў выглядзе спартыўнага інвентару завіталі на ўрачыстасць прадстаўнікі Ушацкага лясгаса. Дарэчы, для галоўнага ляснічага Аляксея Мікалаевіча Апёнка гэты дзень стаў асаблівым найперш таму, што ў першы клас пайшоў яго малодшы сын.
Прыемным сюрпрызам для ўсіх стаў удзел у лінейцы выпускніка 1988 года В.А.Балдоўскага (на верхнім здымку справа), які з’яўляецца зараз дырэктарам Брэсцкага філіяла РУП “Белмытнясэрвіс”. Віталь Аляксеевіч прызнаўся, што вельмі рады зноў пабываць у месцы, дзе прайшлі бесклапотныя гады яго дзяцінства, убачыць, як змяніўся за гэты час гарпасёлак і навучальная ўстанова. Прыехаў ён таксама не з пустымі рукамі – ад прадпрыемства, якое ўзначальвае, падарыў школе тэнісны стол, шары, ракеткі, іншы спартыўны інвентар на суму 2300 рублёў.
◆ Настаўнік матэматыкі Наталля Мікалаеўна Герцык 1 верасня прымала віншаванні не толькі з нагоды Дня ведаў, але і ўласнага юбілею. На лінейку ва Ушацкую школу разам з ёй прыйшлі дачка Ганна і сын Аляксандр, выпускнікі ўстановы.
Прыемна парадавалі некаторых школьнікаў і атрыманыя ў гэты дзень узнагароды. За перамогу ў розных конкурсах дыпломы ўручылі дырэктар Т.А.Пахолак, а таксама начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Ілья Віктаравіч Кошкін. Дарэчы, прадстаўнікі гэтай службы ў рамках акцыі “У цэнтры ўвагі – дзеці!” абсалютна ва ўсіх школах Ушаччыны правялі 1 верасня цікавыя ўрокі бяспекі, а на ўрачыстасцях разам з праваахоўнікамі нагадалі аб правілах паводзін у школе і дома.
Кранальнасці мерапрыемству ва Ушачах надало выступленне самых маленькіх яго ўдзельнікаў: нясмела беручы ў рукі мікрафон, хлопчыкі і дзяўчынкі дзяліліся “грандыёзнымі” планамі на бліжэйшыя 11 гадоў навучання ў школе. Тыя ж, у каго гэты шлях хутка падыдзе да заканчэння, падтрымалі іх творча і падарункамі.
Напэўна, менш за ўсіх хваляваўся ў гэты дзень першакласнік Платон Макараў: ужо з трох гадоў хлопчык марыў пра школу, а на лінейку прыйшоў не толькі з матуляй Таццянай, але і трыма старэйшымі сястрычкамі – дзесяцікласніцай Дамінікай, шасцікласніцамі Машай і Дашай. Цікава, што вучыцца маленькі ўшачанін, які прывык да дзявочай кампаніі, будзе ў “А” класе, у якім прадстаўніц прыгожай паловы можна пералічыць на пальцах адной рукі. А вось Дзіяна Далжонак з 1 “Г”, наадварот, падчас лінейкі была па-даросламу сур’ёзнай: яе чакала надзвычай адказная місія – разам з адзінаццацікласніцай Кацярынай Мартынюк даць для ўстановы першы званок.
У Год гістарычнай памяці асабліва сімвалічным стала ўскладанне кветак да помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка – удзел у ім традыцыйна прынялі вучні першых і адзінаццатых класаў. У гэты ж час прадстаўнікі сёмых-дзясятых правялі на плошчы чэлендж да Дня народнага адзінства, які мы другі год запар адзначым 17 верасня. З вышыні птушынага палёту вялізную лічбу 17, у форме якой выстраіліся школьнікі, здымаў дрон. Што з гэтага атрымалася, у бліжэйшы час глядзіце на сайце і старонках “Патрыёта” ў сацыяльных сетках.
Праславяць ведамі імя героя
Вучняў Ільюшынскай школы адрозніць цяпер можна будзе з першага погляду: паспрыяюць гэтаму не толькі камізэлькі, а і значок установы. На распрацаваным дызайнерамі малюнку ўсе выявы сімвалічныя: разгорнутая кніга, зялёнае дрэва, турыстычная палатка, а яшчэ – новая назва школы, якой перад навучальным годам прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Фёдара Фаміча Дуброўскага.
◆ У Год гістарычнай памяці ўшанаваць такім чынам подзвіг знакамітага камандзіра настаўнікі і вучні вырашылі невыпадкова. Яго жыццёвы і баявы шлях звязаны з навакольнымі мясцінамі: нарадзіўся будучы партызанскі важак у Замошшы (зараз – частка Мосара), у Старым Сяле на пачатку вайны жыла яго сям’я, а падпольную дзейнасць, якая пазней прывяла да стварэння партызанскай брыгады, ён пачынаў у Жарах.
З красавіка, калі было прынята рашэнне, у школе распачалася падрыхтоўчая работа: збіралі і сістэматызавалі інфармацыю, афармлялі мемарыяльны куток, размясціць які вырашылі не ў музейным пакоі, а ў светлай прасторнай рэкрэацыі.
– Канцэпцыю распрацоўвалі супольна: работнікі музея народнай славы імя У.Е.Лабанка дазволілі зрабіць копіі дакументаў, у аддзеле па адукацыі параілі, як лепш аформіць стэнды і вітрыны, за выраб якіх трэба падзякаваць нашаму настаўніку працы і гісторыі Дзмітрыю Пятровічу Дразду. Нанесці ж на супрацьлеглую сцяну вялікі малюнак партызанскай тэматыкі было нашай ідэяй, увасобіла якую настаўнік малодшых класаў Наталія Уладзіміраўна Курбака. Падчас лагернай змены дзеці не толькі назіралі, як ствараецца роспіс, а і прымалі ў гэтым пасільны ўдзел. І канечне, нельга не адзначыць намаганні майго намесніка Наталлі Васільеўны Стрыжонак, якая каардынавала ўсю работу, – расказвае дырэктар установы Жанна Анатольеўна Крамін.
Вельмі важна, што школьнікі пранікліся гэтай тэмай, і літаральна кожны зараз можа расказаць, чым менавіта адметны чалавек, імя якога носіць установа. Вось і пяцікласнікі, якіх мы 1 верасня сустрэлі ля экспазіцыі, бойка тлумачылі, што Фёдар Фаміч кіраваў знакамітай брыгадай Дубава, якая здзяйсняла адважныя дыверсіі на чыгунцы, граміла варожыя гарнізоны.
Канечне, увага ў летні перыяд надавалася не толькі патрыятычнаму напрамку. Шмат было зроблена па абнаўленні будынка, адрамантаваны дах, гардэроб, папрыгажэла і тэрыторыя, як вынік – перамога ў раённым аглядзе па падрыхтоўцы да навучальнага года. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, якая была ганаровым госцем лінейкі, шчыра дзякавала за маштабную работу. Гонар падняць дзяржаўны сцяг атрымалі вучні Мікіта Халімоненка і Таццяна Марковіч, а першы званок далі будучы выпускнік Максім Бука і першакласніца Аня Нічыпар. Упершыню тут сядуць за парты шасцёра вучняў, усяго ж у школе будуць вучыцца 80 чалавек.
– Ангеліна ідзе сёлета ў 8-ы, Аня – у 5-ы, а Міша і Юра – у 4-ты, – расказвалі нам пра сваіх сыноў і дачок работніцы мясцовай гаспадаркі Ніна Пяткевіч і Валянціна Марына. – Належным чынам сабраць дзяцей для заняткаў было няпроста, затое зараз яны такія радасныя, а як да твару ўсім форма – гэткай прыгожай лінейкі ў нас яшчэ не было!
Бацькі з’яўляюцца надзейнай апорай школы, а асаблівую падзяку адміністрацыя выказала Алесі Міхайлаўне Магерка, Надзеі Васільеўне Азарэвіч, Сяргею Анатольевічу Халімоненку.
На адным дыханні прайшоў урок, прысвечаны тэме гістарычнай памяці, які для чацвёртакласнікаў правяла настаўнік Н.У.Курбака. Уразіла тое, як шмат пачаткоўцы ведаюць пра Беларусь, як бойка пералічвалі нашы славутасці – Сафійскі сабор, Брэсцкую крэпасць, Нацыянальную бібліятэку, не забыліся прыгадаць і самы “салодкі” аб’ект – фабрыку “Камунарка”.
Матэрыялы падрыхтавалі
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ,
Наталля БАГДАНОВІЧ.