Заўтра вясёлым гоманам і гукамі мелодый напоўняцца ўжо паспеўшыя засумаваць ад летняй цішыні класы Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў. Якім будзе чарговае падарожжа па шляху творчых адкрыццяў? Пра гэта расказвае дырэктар установы Наталля Вячаславаўна ІВАНОВА.

– Адразу ж хачу шчыра павіншаваць вучняў, іх бацькоў і педагогаў з пачаткам новага навучальнага года. Паважаныя таты і мамы, паспрыяўшы прыходу мастацтва ў жыццё вашых дзетак, вы прынялі цалкам правільнае рашэнне. Агульнавядома, што людзі, якія займаліся музыкай і іншымі відамі мастацтва, маюць больш шансаў на жыццёвы поспех. Так, Альберт Эйнштэйн быў цудоўным скрыпачом, Кандаліза Райс выдатна грае на фартэпіяна, а ў Марыны Цвятаевай ёсць аўтабіяграфічная аповесць “Мама і музыка”. Адным словам, “творчы багаж” спатрэбіцца ўсім: матэматыкам, фізікам, журналістам і нават праграмістам. Дарэчы, кампанія Майкрасофт аддае перавагу супрацоўнікам з музычнай адукацыяй, бо ўзровень структурнага мыслення ў іх прыкметна вышэй, чым у нятворчых людзей. Таму бацькам, якія яшчэ вагаюцца, раю адкінуць сумненні – яшчэ ёсць крыху часу, каб паспець падаць заяўленне на навучанне вашых дзетак у школе мастацтваў.
Умовы ж для заняткаў, як вы ведаеце, у нас проста выдатныя, а літаральна ўсе педагогі – моцныя спецыялісты, шчыра захопленыя сваёй справай. Прыемна, што сёлета нам удалося не толькі амаль цалкам захаваць калектыў, а і ўзмацніць яго адметнымі прафесіяналамі.
Хачу сказаць, што не бывае дзяцей, у якіх зусім няма творчых схільнасцяў: проста, трэба правільна іх вызначыць і ўмела развіць. Зрабіць гэта дазваляе шырокі мастацкі дыяпазон нашай школы. У гэтым навучальным годзе музычны напрамак будзе прадстаўлены навучаннем ігры на фартэпіяна, баяне, акардэоне, цымбалах, домры, балалайцы, гітары, а таксама харавым і эстрадным (вакал) аддзяленнямі. Традыцыйна ў школе будуць развіваць свае таленты юныя мастакі і танцоры. Добра зарэкамендаваў сябе і новы напрамак, дзе вучні з цікавасцю асвойваюць лічбавае музычнае мастацтва і камп’ютарную графіку. Па-ранейшаму ігры на фартэпіяна, цымбалах, домры, балалайцы і гітары можна будзе навучацца ў філіялах у аграгарадках Глыбачка і Арэхаўна.

Будуць сёлета і наватарствы. Безумоўна, такі выдатны аб’ект, які дзяржава падарыла нашаму невялікаму райцэнтру, трэба выкарыстоўваць з максімальнай аддачай. А таму (вядома ж, не ва ўрон асноўнай дзейнасці) мы мяркуем аказваць і дадатковыя паслугі. Так, пазабюджэтнае аддзяленне “Аматарскае музіцыраванне” прапануе ўсім жадаючым (як дзецям, так і дарослым) браць індывідуальныя ўрокі вакала, ігры на гітары, фартэпіяна, баяне, а таксама рэпетытарства па тэорыі і спецыяльнасці для паступаючых у профільныя навучальныя ўстановы. Пры гэтым можна заказаць адзін занятак, узяць абанемент на месяц ці прайсці паскораны трохмесячны курс навучання. Не пакінем мы па-за ўвагай аматараў малявання і харэаграфіі. Для першых прадугледжаны індывідуальныя заняткі, для другіх – групавыя. А для дарослых адкрыецца студыя “Усходнія танцы”, заняткі ў якой будзе весці спецыяльна запрошаны харэограф. Напэўна, залішне казаць, наколькі гэта мастацтва папулярнае ў свеце – што і нядзіўна, бо яно робіць жанчын яшчэ больш прывабнымі і ўпэўненымі ў сабе, уздымае настрой і ўмацоўвае здароўе. Мяркуем, што зацікавіць ушачан і магчымасць асвоіць 3D-графіку, графічны дызайн. Канкрэтную інфармацыю можна атрымаць па нумары 5-77-49.
Не будзе пуставаць сёлета і цудоўная канцэртная зала: плануем запрашаць ушачан і гасцей на шэраг самых розных мерапрыемстваў. Такім чынам, спадзяемся, што наша школа будзе папулярным цэнтрам культурнага жыцця Ушаччыны.