Хлебаробы “Сафійскіх дароў” з пачатку жніва трывала акупіравалі палову радкоў раённай Дошкі гонару.
Зрэшты, нічога дзіўнага ў гэтым няма: у самай буйной гаспадарцы і плошчы збожжавых найвялікшыя, і ўраджайнасць прыкметна вышэйшая за сярэднераённую. Раніцай серады ўся баявая пяцёрка камбайнаў прадпрыемства размеркавалася па палях ля Казьяняў – зрэзаныя ярамі і лагчынамі палеткі гадамі прастойвалі, зарастаючы баршчэўнікам, але зараз наша вядучая гаспадарка вярнула іх да сельгасжыцця.

Калі ў хакейнай дружыне капітана можна вызначыць па літары “С” на світары, то флагманскі камбайн “Сафійскіх дароў” вылучаецца колерам – ярка-жоўты “Нью-Холанд” на працягу апошніх сезонаў стабільна кладзе ў скарбонку гаспадаркі больш за тысячу тон зерня. Яго вопытны рулявы Сяргей Аўдошка (на здымку) і сёлета ўжо пакарыў знакавы рубеж, нягледзячы нават на тое, што сур’ёзная паломка на тыдзень вывела тэхніку з барацьбы.
З пачатку жніва не выпадае з раённай лідарскай тройкі ў самай прадстаўнічай катэгорыі КЗС-1218 экіпаж Алега Арлоўскага і Андрэя Сіскевіча. І калі першы паспяхова дапамагае прадпрыемству ўжо трэцяе лета запар, то яго напарнік сёлета дэбютуе ў камбайнерскім амплуа. “Кемлівы хлопец, вельмі хутка ўсе нюансы схватвае”, – характарызуе партнёра Алег Паўлавіч.
Ну а яшчэ адзін дуэт, які нікому не саступае лідарства ў заліку менш магутных камбайнаў, можна назваць ветэранскім. Мосарскі экіпаж у складзе Валерыя Сабіна і Васіля Кучаронка далучыўся ў абойму “Сафійскіх дароў” летась. “Прыехаў да мяне з просьбай дапамагчы на жніве галоўны аграном Антон Юльянавіч Анецька – ну як жа было адмовіць даўняму сябру і паважанаму чалавеку!” – тлумачыць абставіны свайго вяртання на вытворчую пляцоўку 67-гадовы Валерый Дзмітрыевіч і дадае, што гэта яго юбілейны, 40-ы хлебаробскі сезон. “Я сярод хлопцаў сапраўдны дзед! Прычым, ва ўсіх сэнсах: чатыры ўнукі да нас у Мосар на канікулы прыехалі, а дзядулю лічы што не бачаць. Прыходзіцца маёй жонцы Розе Сцяпанаўне ў адзіночку з імі ваяваць!” – у жартоўным ключы прэзентуе ён сам сябе. Ды ўсё ж “дзедам” называць гэтага работніка зусім не хочацца: падбяром для яго што-небудзь больш паэтычнае – напрыклад, “Адважны барацьбіт за золата палёў”, і такім чынам ушануем калгас, у якім Валерый Дзмітрыевіч адпрацаваў большую частку сваёй кар’еры. Увогуле ж па адным пераліку камбайнаў, на якіх ветэрану давялося ўбіраць хлеб (рарытэтныя СК-3 і 4, растоўскія “Ніва” і “Дон”, айчыннае “Палессе”), можна стварыць своеасаблівую рэтраспектыву развіцця зернеўборачнай тэхнікі.
Немалы стаж у сельскай гаспадарцы і ў яго аднавяскоўца Васіля Кучаронка: у свой час і зваршчыкам у калгасе быў, і за штурвалам камбайна не адзін год правёў. Працаваць дуэтам ім падабаецца. “Уяўляеце, колькі б часу гублялася, пакуль бы я штораз марудна з кабіны выбіраўся, каб памяняць зламаныя сегменты ці пальцы – а Васіль у мяне хуткі ды спрытны, у імгненне вока ўсе непаладкі выправіць!”, – зазначае В.Сабін.
Але і маладая змена ў “Сафійскіх дарах” дастойная. “Сам сеяў гэтыя палеткі – сам і ўбіраю!” – зазначыў механізатар-універсал Раман Ладзік. На любой тэхніцы здольны паказваць найлепшыя вынікі і Аляксандр Гусёнак: дагэтуль быў заняты на ўзворванні, калі ж днямі ўзнікла патрэба падмяніць калегу за штурвалам камбайна – ахвотна далучыўся да ўборачнай каманды.
Майстэрства і руплівасць работнікаў – гэта важны, але не адзіны складнік добрага выніку. Пра астатнія запыталіся ў А.Анецькі. “Львіная доля заслугі ў сёлетнім важкім караваі (а ўжо відавочна, што ён будзе такім) належыць надвор’ю. Ну і нашы намаганні, канечне, паспрыялі. Ужо не першы год шукаем і разводзім аптымальныя сарты азімай пшаніцы – зараз культывуем Патрас з высокай зімаўстойлівасцю і добрай ураджайнасцю. Дарэчы, менавіта гэта культура дала сёлета стабільныя 40 цэнтнераў з гектара. Не выкарыстоўвалі ў гэтым сезоне насенне нізкіх рэпрадукцый, практычна пад патрэбу меліся ўгнаенні апроч фосфарных. Як заўсёды, у нечым эксперыментавалі: сёння вось хлопцы ўбіраюць яравую пшаніцу з гарохам – гэты кармавы сімбіёз паказаў сябе станоўча: першая культура падтрымлівае “напарніка”, а той падхарчоўвае пшанічку азотам – такая вось узаемадапамога”.
І калі для раслін гэта генетычная асаблівасць, то людзі асэнсавана скіроўваюць свае плённыя якасці для дасягнення агульнай мэты. На важкі каравай “Сафійскіх дароў” працуюць усе: ад дырэктара Гурамі Гівіевіча Буркенадзэ, які не толькі распрацоўвае стратэгію, а і імчыць з поля ў майстэрню са зламанай дэталлю камбайна, каб хутчэй зноў запусціць рухавік, да рабочага на зернетоку. Бо толькі так прыходзяць перамогі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.