У гісторыю міжнароднага “Вішнёвага фестывалю”, што ў дзясяты раз прайшоў на Глыбоччыне, гэтым летам была ўпісана прыгожая ўшацкая старонка. Выхаванцы нашай дзіцячай школы мастацтваў Глеб Кісель і Ілья Крахотка ўзялі гран-пры конкурсу “Вішнёвыя найгрышы” – прадстаўнічага музычнага фэсту, дзе сваё майстэрства дэманстравалі не толькі юныя, а і дарослыя гарманісты, баяністы і акардэаністы.
Такі поспех, канечне, не бывае выпадковым – за ім гады заняткаў, рэпертуарных пошукаў, а яшчэ і тое, чаго не дасягнеш рэпетыцыямі – прыроджаная харызматычнасць. На першы погляд, удзельнікі дуэта даволі розныя. Глеб, якому хутка споўніцца 13, не па гадах дарослы, інтэлігентны, разважлівы. Яго сябра і аднакласнік Ілья (у дзень нашай сустрэчы ён якраз адзначаў 12-годдзе) – гарэзлівы і ўсмешлівы. І нават у сітуацыі, калі пры ўручэнні ім галоўнага прыза за перамогу – новага баяна – вядучыя конкурсу прапанавалі тут жа пратэсціраваць інструмент, Глеб выканаў правераную ў канцэртах “Смуглянку”, а Ілья экспромтам зайграў “Раёны. Кварталы…”, патлумачыўшы публіцы, што гэта любімая песня яго старэйшай сястры Ксеніі, якая перажывае за яго ў зале. Але ў гэтым непадабенстве і хаваецца гармонія іх дуэта – прынамсі, так лічыць чалавек, без якога нічога б не адбылося – педагог па класе баяна Алеся Іўліева.
“Прызнайцеся шчыра, няўжо за пяць год ні разу не спрабавалі кінуць “музыкалку”? – скарыстаўшыся тым, што настаўніца на некалькі хвілін пакінула кабінет, пачынаю распытваць хлопцаў. А ў адказ чую: “Не! З такім педагагічным падыходам, як у нашай Алесі Фёдараўны, гэта проста немагчыма. Яна настолькі пазітыўны, добры і захоплены чалавек! А гэты клас мы лічым другім домам: тут і чайку можна папіць перад заняткамі, і пра свае праблемы расказаць”. “Баян толькі спачатку здаецца груваздкім, але варта расцягнуць мяхі, націснуць на кнопкі – і ён становіцца бязважкім!” – расказвае Глеб і прызнаецца, што ўжо падумвае таксама стаць выкладчыкам музыкі. На маю думку, ён прыроджаны педагог, бо праз лічаныя хвіліны я ўжо ведаю, як правільна трымаць інструмент, і па гучанні магу адрозніць баяны са звычайнай і выбарнай клавіятурай, якая дазваляе выконваць музыку, напісаную для іншых інструментаў.
А калісьці так жа беззапаветна закахалася ў баян другакласніца Алеся Рэкуц. На гэтым інструменце граў яе тата Фёдар, а мама Аліна з цёцяй Ларысай Фаміной выдатна спявалі на два галасы. Першай музыкальнасць дзяўчынкі заўважыла настаўніца Мая Фёдараўна Крышнёва – і Алеся пачала саліраваць у школьных канцэртах. Калі ж у музычнай школе яе паспрабавалі запісаць на скрыпку, узбунтавалася: альбо баян, альбо нічога! Ключавую ролю ў яе жыцці адыграў Сяргей Васільевіч Парашкін – педагог, бязмежна апантаны сваёй справай. Выбар прафесіі стаў відавочны: дзяўчына скончыла музычнае вучылішча, а пазней атрымала вышэйшую адукацыю ў педуніверсітэце імя М.Танка.
“Лічу, што мне пашанцавала, бо ва ўсіх калектывах, дзе давялося выкладаць музыку (а гэта не толькі родная ДШМ, а і школа ў вёсцы Глыбачка, дзіцячы садок у Двор Пліне), побач былі цудоўныя калегі і вельмі таленавітыя вучні”, – расказвае Алеся Фёдараўна. І пачынае з цеплынёй прыгадваць шматлікія прозвішчы: Цімафей Сідарчук, Оля Ягадка і Оля Мацюш скончылі музычны каледж, а зараз там вучыцца Карына Бучынская, выбралі медыцыну, але не згубіліся б і ў музыцы Насця Рагавешка і Раман Клачок, выдатнымі здольнасцямі вылучаліся Таня Крывёнак і Лена Мігаленя, захапленнем на ўсё жыццё стала музыка для Максіма Кашко, Арцёма Бірукова і Аляксандра Лісоўскага, да якога, дарэчы, настаўніца пэўны час ездзіла на дом у Кублішчына.
Нельга не прыгадаць і творчыя суполкі, у якіх паўдзельнічала Алеся Іўліева. Вельмі перспектыўным было трыа маладых баяністаў, у складзе якога разам з ёй выступалі Ігар Сідарчук і Наталля Каваленка. Ну а потым настала эпоха квартэта “Натхненне”, з якім Алеся і зараз працягвае пакараць вяршыні вакальных конкурсаў. А як жа не ўспомніць узорны аркестр народных інструментаў пад кіраўніцтвам Маргарыты Андрэеўны Грынберг, дзе, дарэчы, Алеся Фёдараўна іграе побач са сваімі вучнямі.
Дасягненняў у педагога ўжо шмат, але задум і энтузіязму – яшчэ больш! А значыць, і надалей мы будзем чуць у нашых канцэртах заліхвацкія найгрышы, а калекцыю Ушацкай школы мастацтваў папоўняць новыя конкурсныя трафеі. І маленькая дзяўчынка, якую бацькі прывядуць у музыкалку, цвёрда скажа: “Альбо баян, альбо нічога!”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.