У аўторак сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі раённага аддзела статыстыкі, якія кожны месяц прымаюць, апрацоўваюць і аналізуюць справаздачы арганізацый і прадпрыемстваў па ўсіх сферах дзейнасці. Да іх сцякаюцца даныя, якія з “персанальных” становяцца абагульненымі, ствараюць лічбавы партрэт краіны і спрыяюць яе развіццю, дабрабыту насельніцтва. І некаторыя ўшачане, дарэчы, таксама лічаць сябе пазаштатнымі работнікамі статыстыкі, паколькі ўдзельнічаюць у розных абследаваннях. Курыруе ж гэты напрамак спецыяіст аддзела Наталля Генадзьеўна Машчонак.
Куды знікаюць грошы? Гэтае пытанне задае сабе, напэўна, кожны, а адказаць на яго, як правіла, не можа. Што купіў, каму пазычыў, забываецца нават на працягу дня. А вось 15 чалавек Ушацкага сельсавета, якія трапілі ў спіс гаспадарак па праграме “Дамашняя гаспадарка”, могуць адказаць на яго дакладна, паколькі кожны дзень запаўняюць журнал і ўказваюць літаральна ўсе дробязі, уключаючы запалкі, зёлкі, таблеткі. Ну а спецыяліст па абследаванні за 10 гадоў улікаў чужых расходаў тым больш ведае, што бязмэтавы візіт у магазін вымае з кішэні каля 50 рублёў
– Работа мне вельмі падабаецца. Люблю аналізаваць. Скажам, калі “зашкальвае” ўраджайнасць (у мяне пад рукой ёсць табліцы з сярэднім паказчыкам), перапытваюся, гляджу, што сапраўды буракі выраслі з трохлітровы слоік, на Віцебск свайму куратару фотаздымкі адсылаю, паколькі там таксама адследжваюць ужо маю работу, – расказвае Н.Машчонак. – Ці раптам даходы аказаліся меншымі, чым месячны расход, абавязкова звязваюся, і людзі прыгадваюць, што забыліся напісаць грашовы перавод ці патрачаныя асабістыя зберажэнні. Да таго ж я пастаянна з людзьмі, а ў мяне іх 45 – 30 яшчэ вядуць улік па праграме “Асабістая падсобная гаспадарка”, асобна па раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Ад іх абавязкова нешта чэрпаеш, вось і рэцэпт “свежых агуркоў” да новага года запісала. Я ведаю пра сваіх рэспандэнтаў усё. Але яны перакананы, што іх сямейнае жыццё не абмяркоўваецца. Усе ўлікі робяцца ананімна, а адрасы ўладанняў, што трапілі ў спіс, выбірае камп’ютар.
За сваю работу рэспандэнты атрымліваюць узнагароджанне, таму няма такіх, хто б катэгарычна адмаўляўся, хаця ўгаворваць даводзілася. Ну і, зразумела, тлумачыць, як што рабіць. Улік асабістых падсобных гаспадарак вядзецца пяць гадоў запар, а дамашняй – абнаўляецца кожны, значыць кола яе “блізкіх знаёмых” штогод пашыраецца мінімум на 15 чалавек. Рэспандэнты “дамашняй гаспадаркі” вядуць яшчэ і “харчовы дзённік” – з указаннем страў, колькасцю і коштам прадуктаў, якія спатрэбіліся на вячэру, абед і сняданак. А ў Наталлі Генадзьеўны – два шырокія і абсалютна розныя абследаванні. Кожны месяц заносіць у планшэт усю атрыманую інфармацыю, кадзіруе яе – у дапамогу яшчэ адзін важкі “падручнік” з тысячамі кодаў усіх рэчаў і прадуктаў, толькі хлеба – дзясяткі разнавіднасцяў. А потым ўсё абагульняецца, па кожным чалавекі складаецца справаздача, да капейкі правяраюцца лічбы. І здараецца, шукае гэты згублены грошык, перагарнуўшы стосы рукапісных запісаў.
Некаторыя з людзей папярэджваюць, што ў іх дрэнны почырк. Яна ж смяецца, што пасля таго, як у спіс трапіў урач, яна разбіраецца ва ўсіх. Ды і свой сапсавала хуткімі запісамі ў аграрным каледжы, які скончыла па прафесіі бухгалтара ў 42 гады. “Гэта дзякуючы свекрыві, якая падказала, што прымаюць на вучобу па выніках атэстата. На здачу іспытаў не рашылася б праз столькі год, а адукацыя вельмі спатрэбілася. Адпрацаваўшы 25 год на будоўлі, па стане здароўя вымушана была шукаць па атрыманай спецыяльнасці”, – прыгадвае Наталля Генадзьеўна.
Адрас сям’і Н.Машчонак, дарэчы, таксама трапляў у спіс рэспандэнтаў, калі падобны аналіз праходзіў сярод жыхароў гарпасёлка. Зараз – толькі па Ушацкім сельсавеце, таму і скарочана пасада яе напарніцы. Зразумела, сама Наталля Генадзьеўна жадае, каб Ушацкі раён як мага даўжэй не выпадаў з ліку тых, дзе вядуцца абследаванні домаўладанняў. Каб не развітвацца з любімай работай і маленькім, але вельмі дружным калектывам.
Вольга КАРАЛЕНКА.