26 апреля — 25 лет со дня чернобыльской аварии

Общество

26 красавіка 1986 года на чацвёртым блоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца ў маленькім украінскім гарадку Прыпяць бліз мяжы Беларусі, адбылася буйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа.
У зоне радыеактыўнага забруджання апынулася амаль чвэрць тэрыторыі нашай краіны, на якой пражывала каля двух з палавінай мільёнаў чалавек. З распадам СССР Беларусь засталася фактычна адзін на адзін з велізарным комплексам чарнобыльскіх праблем. З забруджаных радыенуклідамі тэрыторый былі адселены і эвакуіраваны жыхары 430 населеных пунктаў. Сумарны ўрон, нанесены нашай рэспубліцы чарнобыльскай катастрофай у разліку на 30-гадовы перыяд пераадолення яе наступстваў, ацэньваецца ў 235 мільярдаў долараў.

Прайшло чвэрць стагоддзя. Многае рабілася і робіцца ў краіне для змякчэння вынікаў чарнобыльскай бяды для сённяшняга і будучых пакаленняў. Рэалізаваны 4 дзяржаўныя праграмы, на выкананне якіх затрачана звыш 19 мільярдаў долараў.

У той час Іван Іванавіч Ярмош быў майстрам лінейна-мантажнага ўчастка райсельгастэхнікі. І блізка не мог дапусціць, што нешта такое здарыцца і зменіцца звыклы ўклад жыцця, ён апынецца ў атручанай радыяцыяй мясцовасці.
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС адбылася вясной, а ў жніўні дзве брыгады пазменна выязджалі ў Брагінскі раён на пракладванне водаправода. Неабходна было рабіць свідравіны, устанаўліваць водаразборныя калонкі. Бо студнямі ў заражанай зоне забаронена карыстацца.
Іван Іванавіч расказвае, што сярод тых, хто накіроўваўся тады ў небяспечную па радыяцыйным фоне зону, кранаўшчык Аляксандр Корань, зваршчыкі Аляксандр Кандрацкі, Віктар Каваленка, Віктар Хамёнак, слесары-мантажнікі Гардзей Саўчанка, Алег Барышаў, Валерый Сарока, вадзіцель і слесар-мантажнік Міхаіл Заруба, вадзіцель Іосіф Клімашэўскі, экскаватаршчык Мікалай Латашаў і іншыя. Гэта ўдзельнікі дзвюх груп. Адным з двух майстроў, акрамя І.Ярмоша, быў Аляксандр Віннік.
Ехалі на Брагіншчыну на сваёй машыне, бралі і кран. Працаваць нашым мантажнікам давялося ў вёсцы Просмычы, гэта саўгас “Савічы”.
– І, трэба сказаць, рабілі даручанае сумленна, – расказвае Іван Іванавіч. – Капалі зямлю, працавалі ў ёй, а на ўзроўні твару якраз быў верхні слой, самы забруджаны радыяцыяй. На жаль, з дванаццаці чалавек, якія тады пабывалі на работах, паловы ўжо няма.
Мой субяседнік расказвае, што яму дзесяць гадоў назад зрабілі аперацыю пасля таго, як здарыўся інсульт, і яго тэрмінова адвезлі ў Мінск. Потым падмацаваў здароўе ў рэабілітацыйным цэнтры. Тады і параілі ісці на пяць гадоў раней на пенсію, скарыстаць такую магчымасць. Так і зрабіў.
Сёння ліквідатар наступстваў чарнобыльскай аварыі прыгадвае, што знаходзіліся зусім побач са станцыяй:
– Глядзім, непадалёк ад нас насыпана куча: свінец з бетонам. Сталі лётаць верталёты. Загрузяць у вялікія ёмістасці раствор і высыпаюць на станцыю. Мы глядзелі і нават не думалі, што ў гэтым месцы вялікая радыяцыя.
А між тым ліквідатараў добра кармілі, давалі піць сок, асабліва грушавы, колькі пажадаюць. Па словах Івана Іванавіча, харчавацца яны хадзілі ў будынак апусцелай школы. Туды ж запрашалі і вяскоўцаў, якія не захацелі эвакуіравацца. А гэта пяцёра пажылых жанчын. Дарэчы, мой субяседнік захоўвае вельмі добрыя ўспаміны аб мясцовых людзях. Прыгадвае жанчыну, якая раней была настаўніцай. Яна паіла ліквідатараў ліпавым чаем, частавала салам, а гэтага вельмі хацелася. Пенсіянерка расказала, што члены створанай камісіі пабывалі ў іх у вёсцы, пераглядалі прадукты, многае забаранялі есці. Напрыклад, шчаўе ў слоіках. Але людзі елі, паколькі нарыхтоўкі вяліся з неатручаных прадуктаў.
Мой субяседнік з усмешкай расказаў: нягледзячы на сітуацыю, у якой прадстаяла працаваць, нашы мантажнікі ўзялі з сабой гармонік, і Іосіф Эдуардавіч Клімашэўскі з душой іграў вядомыя мелодыі – то тонкія, лірычныя, то вясёлыя, заліхвацкія. Так радаваў сябе, сваіх сяброў і мясцовых бабулек. Яны нават у танцы кідаліся, прызнаваліся, што даўно такога не было.
Пасябравалі ўшачане з брагінцамі, але трэба было ад’язджаць. Вёска праводзіла іх насцярожанай цішынёй, садамі спелых атручаных яблыкаў і сумнаватымі поглядамі мудрых жанчын.
Адны ліквідатары пакідалі чарнобыльскую тэрыторыю, другія прыязджалі. Людзі з самых розных месцаў Беларусі выратоўвалі становішча, атрымліваючы пры гэтым сваю дозу абпраменьвання. Бяда распаўзалася паўсюдна.
А Івану Іванавічу Ярмошу давялося ехаць на Брагіншчыну яшчэ раз, за экскаватарам і за дакументамі аб тым, што працавалі ў небяспечнай зоне. Дырэктар саўгаса, аказалася, выехаў адтуль, як і амаль усе іншыя працаздольныя. Старшынёй сельсавета быў тады бойкі дзядуля, які нагадаў нашаму земляку літаратурнага героя дзеда Шчукара. Дэзактывацыю рабілі ваенныя. І.І.Ярмош падышоў да іх, папрасіў на хвіліну дазіметр, яны адказалі: “Няма. У нас адабралі”.
Праз год пасля таго Івану Іванавічу зноў выпала пабываць у ролі ліквідатара на атручанай тэрыторыі, толькі ўжо з меншай радыяцыяй, у Касцюковіцкім раёне. Там небяспечныя рэчывы выпалі асобнымі месцамі.
Прайшло 25 гадоў з часу аварыі, а ліквідатар памятае пра тое да драбніц.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *