Механізатараў Валерыя Башуна і Артура Ігнатовіча (на здымку) амаль заўсёды даводзіцца бачыць на полі разам: вось і ў панядзелак іх камбайны дружным тандэмам плылі па пшанічных палетках ля дарогі з Дубраўкі на Краснае. “Ну а што ў гэтым дзіўнага? Мы і жывём у адным аграгарадку, і ў камунгасе поруч працуем, і на дапамогу “Дземенцу” разам прыходзім!” – на некалькі хвілін заглушыўшы рухавікі сваіх КЗС-1218, патлумачылі хлопцы.
◆ На ўчарашнюю раніцу ў раёне было ўбрана 32 працэнта зерневых і зернебабовых, агульны намалот набліжаўся да 10 тысяч тон. Адметна, што на адпаведную леташнюю дату ў засекі было пакладзена прыкладна столькі ж збожжа, аднак убраны быў ужо 71 працэнт плошчаў! Прагназуецца, што хлебны «каравай» будзе цяжэй больш чым удвая.
Не перашкаджае працоўнаму і жыццёваму сяброўству і пэўная розніца ва ўзросце. Зусім нядаўна, 10 жніўня, Валерый адсвяткаваў свой 50-гадовы юбілей. Праўда, гэты дзеяслоў тут не надта дарэчны, бо ўрачыстасць не мела належнага размаху – увесь дзень юбіляр правёў у полі, і толькі позна вечарам папілі з сям’ёй чайку з торцікам. “Нічога, усе святы будзем адзначаць, калі хлеб у засекі адправім!” – усміхаецца мужчына.
Да нялёгкай хлебаробскай працы ён звыклы: атрымаўшы правы механізатара, пачынаў кар’еру яшчэ ў “Чырвонай Полаччыне”, да якой належала родная вёска Баравыя, пасля скасавання калгаса працягнуў яе ў “Арэхаўне”, куды тым часам пасля вучылішча ўладкаваўся і Артур.
Калі ж завяршылася гісторыя і гэтай гаспадаркі, працавітых і ўмелых хлопцаў ахвотна прынялі на Арэхаўскім участку УП ЖКГ. Праўда, на цёплы перыяд яны штогод зноў вяртаюцца да сваёй аграрнай прафесіі, таму для Валерыя сёлетняя ўборачная ўжо 26-я, нямала жніўных сезонаў і за плячыма Артура: некалькі год быў памочнікам, а апошнія 5 – камбайнерам. На вяршыні прафесійных рэйтынгаў узнімацца ім удаецца не так часта, аднак працуюць адказна і добрасумленна, не падводзяць гаспадарку. Якая, у сваю чаргу, стараецца не падвесці раён і эфектыўна выкарыстоўваць свае не надта вялікія рэсурсы. Без дапамогі шэфаў ААТ «Дземенец» з уборкай не справілася б, таму кіраўнік гаспадаркі В.У.Хамёнак удзячны як безадмоўным работнікам камунгаса, так і кіраўніку гэтага прадпрыемства А.А.Сідзюку, які разумее важнасць уборачнай кампаніі і выдзяляе не проста адзінкі, а баявыя правераныя кадры, гатовыя памяняць нарміраваны графік на “светлавы”.
Апроч прыгаданага вышэй тандэма камбайнераў на палетках шчыруе яшчэ адзін КЗС-1218, за штурвалам якога Анатоль Грачоў. Падключылася да жніва і рарытэтная “Ліда”: больш двух дзясяткаў уборачных у яе біяграфіі, але беражлівыя адносіны папярэдняга гаспадара Мікалая Яловіка і цяперашняга – Аляксандра Спірыдовіча (на здымку) дазваляюць працягваць слаўны працоўны шлях тэхнікі, а паломкі стараюцца ўхіляць максімальна аператыўна. Зараз на рахунку “Ліды” ўжо амаль 300 намалочаных тон, і ў заліку камбайнераў раёна, што працуюць на тэхніцы меншай магутнасці, Аляксандр адзін з лідараў.
Сёлета “Дземенцу” трэба ўбраць 1137 гектараў збожжавых, і на гэты час заданне выканана прыкладна на 30 працэнтаў, неблагая пакуль і ўраджайнасць – 29 ц/га.
Наталля БАГДАНОВІЧ.