Председатель Республиканского комитета профсоюза работников здравоохранения Вячеслав Шило посетил с рабочей поездкой Ушачский район

Общество

“У вашай раённай бальніцы дастойны ўзровень. Бачу нядрэнную аснашчанасць абсталяваннем, добраўпара­дкаванне, а яшчэ добры настрой працаўнікоў!” – адзначыў старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя В.Д.Шыла, які на мінулым тыдні наведаў з рабочай паездкай наш раён. Дарэчы, на Ушаччыне Вячаслаў Дзмітрыевіч быў упершыню, а таму жыва цікавіўся не толькі тэмай аховы здароўя.

На Ілюшынскім ФАПе…

У цэнтральнай раённай бальніцы лідар галіновага прафсаюза сустрэўся з актывам “пярвічкі” і пацікавіўся ў яго старшыні М.Г.Харэвіч ахопам калектыву прафсаюзным членствам. Марына Генадзьеўна паведаміла, што членамі прафсаюза ў вялікім калектыве не з’яўляецца ўсяго некалькі чалавек, а прафсаюзная арганізацыя райбальніцы ўжо не першы год адна з лепшых у раёне, работнікі атрымліваюць шэраг гарантый, для іх ладзяцца цікавыя паездкі і экскурсіі, конкурсы прафмайстэрства, у цяперашні час, напрыклад, рыхтуецца мерапрыемства для маладых спецыялістаў.

Пагутарыў В.Д.Шыла і з працаўнікамі фізіятэрапеў­тычнага аддзялення, дыягнастычнай лабараторыі, рэнтгенкабінета, рэгістратуры. Цікавіўся ўмовамі працы, адпачынку, заработнай платай, настроем на работу маладых медыкаў.

…і фізіятэрапеўтычным аддзяленні.

Наведаў прафсаюзны лідар і фельчарска-акушэрскі пункт у Ільюшыне. Як падкрэсліла падчас знаёмства галоўны ўрач А.А.Міранкова, загадчыка ФАПам Алену Міхайлаўну Качан вельмі паважаюць і цэняць жыхары аграгарадка і навакольных вёсак. В.Д.Шыла ўручыў жанчыне падарунак ад прафсаюза і падзякаваў за работу.

Яшчэ адным пунктам у маршруце па раёне быў санаторый “Лясныя азёры”. Пра нашу здраўніцу Вячаслаў Дзмітрыевіч чуў шмат станоўчых водгукаў. Тое, што яны небеспадстаўныя, пабачыў, як кажуць, на свае вочы, азнаёміўся з умовамі лячэння, харчавання, адпачынку. Ды і сама прырода ў дадатак да ўсіх выгод тут спрыяе аздараўленню. Дарэчы, зараз санаторый запоўнены больш чым на 100 працэнтаў.

У рамках свайго візіту В.Д.Шыла сустрэўся і са старшынёй райвыканкама С.С.Садоўскім. Былі абмеркаваны многія тэмы, у прыватнасці, старшыня рэспубліканскага камітэта падтрымаў ініцыятыву кіраўніка раёна аб тым, што на Ушаччыне павінен быць і перасоўны ФАП. Такія мабільныя пункты на колах ужо паспяхова працуюць у многіх раёнах Беларусі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *