А вы ведаеце, што кветкі лаванды валодаюць вялікім магічным патэнцыялам? Яны абараняюць ад сурокаў, нейтралізуюць дзеянне негатыўнай энергіі, накіраванай на чалавека. На Русі лаванда лічылася лепшым абярэгам для жанчын і сямейнага ачага. Букецік, павешаны над уваходнымі дзвярыма, будзе не менш дзейсным, чым падкова. А вырашчаная ў вазоне ці ў палісадзе лаванда адвядзе ад дома нядобразычліўцаў. Расказаць гэтыя і многія іншыя цікавыя факты пра расліну, а таксама прапанаваць арыгінальную лавандавую сувенірную прадукцыю могуць у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна, у гэтым годзе ўстанова рэалізуе новы арыгінальны праект “Магія лаванды”.
Водар лаванды адразу адчуваецца ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН у Градзянцы. Аформленыя з густам букецікі, сашэ, кошыкі, пано, вазы, спілы на дрэве, лавандавыя наборы – работнікі і наведвальнікі аддзялення прыдумалі, як прыгожа падаць кветку. “Нашым ідэйным натхняльнікам стала намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч, – расказвае загадчыца аддзялення Н.М.Глінская. – Першапачаткова выкарыстанне лаванды было задумана як ароматэрапія для нашых наведвальнікаў, а потым пайшлі далей і пачалі вырабляць сувенірную прадукцыю з яе выкарыстаннем. Напрыклад, тыя ж шкатулкі, якія мы даўно робім з газетных трубачак, аздобілі лавандай, прыгожа глядзяцца і вазы-рамкі, абярэгі. Усё гэта маструем разам з наведвальнікамі аддзялення ў гуртках. Дарэчы, многія з іх, а таксама нашы работнікі якраз і вырошчваюць лаванду, якая пайшла ў ход”.
Сувенірную прадукцыю ў ТЦСАН нават аформілі ў эксклюзіўную выставу, якую ўпершыню прэзентавалі падчас “Славянскага базару” ў Віцебску на тэматычнай пляцоўцы Ушацкага раёна. А ў прайшоўшыя выхадныя ўшачане з “Магіяй лаванды” накіраваліся на фестываль дзвюх рэк у Докшыцы, у рамках якога праходзіў фэст траў “Жыватворная сіла”. Удзельнікі мерапрыемства не засталіся раўнадушнымі да водару ўшацкай лаванды і актыўна набывалі сувеніры для сябе ў падарунак. Ну а ў ТЦСАН тым часам ужо выношваюць планы па ўвасабленні ў жыццё новых ідэй лавандавых сувеніраў.
Вольга КАМАРКОВА.