У кожным магазіне зараз сустракаеш ці старшакласнікаў, ці бацькоў вучняў, якія набываюць дзецям патрэбныя да школы рэчы. Аднак мы ўсё ж вырашылі дапамагчы зарыентавацца ў асноўных канцтаварах і школьнай форме.
І пачнём з навінкі сёлетняга года – камізэлек, якія з’яўляюцца абавязковым элементам школьнай формы для вучняў усіх школ раёна, акрамя Глыбачанскай. Невялікая іх колькасць і малых памераў – да 42 з’явілася ва ўнівермагу, а таксама ёсць як сінія, так і бардовыя камізэлькі ў магазіне “Умнейка” (другі паверх памяшкання КБА). Яны крыху адрозніваюцца ад вырабаў фабрыкі “Палессе” – няма белай аддзелкі на каўняры, не стапрацэнтнае пападанне і ў колеравую гаму, аднак гэта зусім не істотна і ў школах прымуць і такі варыянт.
Ідуць у нагу з часам і прыватнікі, што гандлююць адзеннем не рынку. Камізэлькі можна адшукаць у некалькіх ралетах, пераважна бардовага колеру. Былі і вялікія памеры, і выбар па фасонах і тканіне – паколькі гэта таксама прадукцыя розных вытворцаў. Ёсць нават чыста жаночы варыянт, а таксама “падманкі” як для дзяўчат, так і хлопчыкаў – камізэлька з сарочкай. Апошнія каштуюць 30 рублёў. Аднак можна лёгка падабраць і свой варыянт, набыўшы асобна камізэльку за 25 рублёў і кашулю за 20-30 ці блузку (ад 20). Гэты тавар карыстаецца павышаным попытам і хутка разбіраецца. У прыгаданым дзіцячым магазіне “Умнейка” ёсць таксама блузкі для дзяўчынак (каля 35 рублёў) і трыкатажныя вырабы. Прыкладна па такім жа кошце блузкі і ва ўнівермагу, дзе намнога большы выбар кашуль для хлопчыкаў як па колеравай гаме, так па памерах і кошце – ад 14 рублёў (мінулых гадоў) да 50.
◆ Ва ўнівермагу і “Умнейцы” дзейнічаюць 10-працэнтныя скідкі. У першым магазіне на любы тавар да школы, у другім – толькі на канцылярскія.
Ва ўсіх кропках, што гандлююць канцтаварамі, можна адразу запоўніць ранец, які на рынку прапануюць па 47 рублёў, а ва ўнівермагу – ад 53 да 77. На рынку таксама ёсць танныя спартыўныя сумкі (ад 20 рублёў), якія знешне вельмі падобны на “партфель”.
Кошт на дробны тавар вагаецца неістотна. Але самыя танныя сшыткі (12 аркушаў) у “Белбланкавыдзе” (памяшканне статыстыкі) – па 16 капеек. Зразумела, хутка раскупляюцца, але абяцалі чарговы прывоз. У магазінах “Усё за капейку” яны па 20 капеек, ва ўнівермагу – па 22. Аднак у двух апошніх кропках танней паўагульныя і агульныя сшыткі – ад 90 і 92 капеек 1,45 і 1,65 рубля адпаведна.
Самыя танныя ручкі (35 капеек) можна набыць на рынку ў І.М.Сініцы, там жа на ўзроўні мінулага года застаўся кошт на фламастэры і алоўкі. Выгадна (па 62 капейкі) абыдзецца ўніверсальная вокладка на падручнікі ва ўпакоўцы (17 шт.), пры паштучнай пакупцы – 82 капейкі. А самыя танныя вокладкі на сшыткі ва “Умнейцы” – па 10 капеек.
Дзённікі мы адшукалі ў трох кропках. Самыя танныя пакуль што толькі на беларускай мове ва ўнівермагу – каштуюць 2 рублі 3 капейкі, у магазінах “Усё за капейку” на рускай мове ў мяккай вокладцы – 2.05, у цвёрдай – 6.60, на рынку апошнія па 3.50.
Сітуацыя на паліцах мяняецца. Адзін тавар знікае, другі завозіцца па новым кошце, таму можа стацца, што нейкія з прыведзеных цэн акажуцца неактуальнымі.
Вольга КАРАЛЕНКА.