День строителя в Беларуси в 2022 году отмечают 14 августа

Общество

14 жніўня – Дзень будаўніка

Паважаныя будаўнікі і ветэраны галіны!

Сардэчна віншую вас з прафесійным святам.

Праца будаўніка няпростая і адказная, аднак усе складанасці акупляюцца канчатковым вынікам. Аб’екты, што вы ўзводзіце на Ушаччыне, фарміруюць аблічча нашага краю, даюць рэгіёну імпульс для развіцця.

Няхай жа ўсё, што вамі створана, служыць людзям доўгія-доўгія гады. Ад душы жадаю вам новых прафесійных здзяйсненняў, невычарпальнай энергіі, а таксама матэрыяльнага дабрабыту, моцнага здароўя і сямейнага шчасця.

Старшыня Ушацкага райвыканкама С.С.САДОЎСКІ.


Наша праца – навідавоку

Хоць і казаў дырэктар ПМК-66 Мікалай Паўлавіч Грыневіч, што ў сераду – на месцы, паняцце гэта аказалася размытае на суседні Шумілінскі раён. Вось колькі месяцаў гарадскі пасёлак Обаль у маршруце кіраўніка як раніцай, так і ўвечары, таму і не ўспрымаецца як камандзіроўка. Там нашы будаўнікі завяршаюць рамонт дзіцячага ясляў-сада, зараз чарга – за цеслярамі, якія кладуць лінолеум. Паралельна вядуцца работы на новым доме ва Ушачах, муляры вахтавым метадам ездзяць у Гарадок, дзе ПМК-66 у якасці субпадрадчыка занята на ўзвядзенні такой жа шматпавярхоўкі. Пабудавана пажарнаы часць у Полацку і практычна завершана ў гэтым жа горадзе рэканструкцыя былой бальніцы пад вучэбны корпус кадэцкага вучылішча. Усё гэта паралельна, таму штодзень, як на шахматнай дошцы – адбываюцца ратацыі і работнікі перакідваюцца з аб’екта на аб’ект.

– Не трэба тлумачыць, што работа на месцы намнога больш выгадная для арганізацыі. Ні камандзіровак, ні раз’ездаў, больш ранні пачатак работ. Ну а тое, што 40-кватэрны дом сёлета ў нас здаецца не напярэдадні Новага года, а блізка да прафесійнага свята – проста падарунак, – гаворыць М.Грыневіч. – Даўно такога не было. Прадукцыйнасць узрастае практычна ўдвая. Падлічылі, што ў ліпені ў параўнанні з лютым выпрацоўка аднаго работніка павялічылася амаль на 70 працэнтаў. Не трэба нічога разаграваць, а потым сушыць. Таму і пры завяршэнні аб’ектаў маем станоўчую рэнтабельнасць.

– Не адмаўляемся ні ад чаго, што прапануюць падрадчыкі – шумілінскае ПМК-70, якое і дае нам асноўны аб’ём работ. Шукаем заўсёды і самастойна, у спісе сёлетніх кропак, напрыклад, гаражы райвыканкама. Ёсць і яшчэ дамоўленасці. Ну а паколькі зараз у нас усяго 35 чалавек, то літаральна ўсе работнікі становяцца ўніверсаламі. Мы проста вымушаны імі быць, паколькі няма пастаяннай загружанасці для вузкіх спецыялістаў, напрыклад, страхароў. Таму нараўне з падрадчыкамі выконваем практычна ўсе віды работ. На тым жа 40-кватэрным доме заняты ад узвядзення фундаменту да аддзелкі, толькі за ўцяпленне фасадаў і сухой сцяжкі падлогі не браліся, і тое толькі таму, што ў нас няма адпаведнага абсталявання.

Жыццёвае крэда самога М.Грыневіча, як і арганізацыі – зарплату трэба зарабіць. Таму і няма ў брыгадах баласту. Няхай і невялікія для будаўнікоў заробкі – у ліпені, напрыклад, 758 рублёў, затое спецыялісты запатрабаваны круглы год.

– Я задаволены, што існуе ПМК-66, а напярэдадні прафесійнага свята ад імя кіраўніцтва і прафкама магу павіншаваць ветэранаў і сённяшніх работнікаў і сказаць ім вялікім дзякуй. Будаўнік – гэта гучыць горда. А плён прафесіяналізму ўсіх пакаленняў ПМК-66 – навідавоку, у нашым гарпасёлку і на сяле.

Вольга КАРАЛЕНКА.


Становяцца ўніверсаламі

Шматпавярхоўка на пакуль што безымяннай вуліцы зараз нагадвае мурашнік. Будаўнікі на кожным кроку і ў пастаянным руху. Адны фарбуюць, другія грунтуюць звонку “футру”, кладуць у санвузлах плітку, мацуюць дзверы, а таксама займаюцца добраўпарадкаваннем. Хоць і засталіся разрытыя траншэі, стаянкі, дарожкі ля дома ўжо ўкладзены. Нават гара яркага цаглянага пяску прывезены – крошкай з гэтага матэрыялу будзе заслана дзіцячая пляцоўка. Дамы зараз здаюцца з поўнай інфраструктурай, а паколькі тут і пераважная большасць арэндных кватэр, то выконваецца і поўная аддзелка. Засяляцца і жыць можна будзе адразу.

Д.Апёнак, Н.Кароткая, К.Царова.

Ноў-хаў гэтага дома – ламінат, пакладзены на сухую сцяжку. Гэта сучасная аснова падлогі: заліваецца не бетон, як раней, а напалову сухая сумесь, ідэальна разраўноўваецца, а паверху – любы матэрыял. Брыгада аддзелачнікаў, напрыклад, клала ў ванным пакоі плітку.

Мала хто з прадстаўнікоў выключна маладога пакалення паспеў “набіць руку” на гэтым відзе работ. Толькі навыкі, атрыманыя ў профільных, будаўнічых каледжах, адкуль і прыходзіць зараз у арганізацыю папаўненне. Ці паўгадавыя курсы-практыка, як у брыгадзіра Наталлі Кароткай. “Ніколі не думала, што буду працаваць на будоўлі. Разам з сястрой пайшлі вучыцца на маляра-тынкоўшыка для сябе, паколькі вельмі дарагімі былі гэтыя віды работ, а мы рамантавалі дом. Цяпер вось раблю для іншых”, – расказвае брыгадзір, для якой укладка пліткі стала асваеннем дадатковага віду.

Д.Аўтух, М.Казлоўскі.

Вось так, у працэсе работы, і становяцца ўніверсаламі члены літаральна ўсіх брыгад. Выключэнне складаюць хіба што муляры, якія займаюцца пераважна кладкай сцен, маюць справу з цэглай і растворам. А ў марках бетону, між тым, няблага разбіраюцца нават цесляры – менавіта яны і залівалі пляцоўкі, укладалі тратуарную плітку і бардзюры на тэрыторыі ля дома. Наогул дзіўна гучыць іх спецыяльнасць на любым аб’екце: ці то рамонт, ці новабудоўля. Літаральна азначае работу з дрэвам, а маюць справу яе прадстаўнікі з металам, гіпсакардонам, пластыкам, паколькі пераважна з іх зараз робяць вокны, дзверы, дах… Вось і сёлета акрамя ўкладкі лінолеуму ў Обалі, узвядзеннем перагародак з гіпсакардону, накрыццём даху ў каледжы ў Полацку брыгада цесляроў зай­малася ўстаноўкай дзвярэй у новым доме ва Ушачы. – “Матэрыял адрозніваецца, але прынцып работы той жа, тлумачылі Дзмітрый Давыдавіч Аўтух і Міхаіл Яўгенавіч Казлоўскі, не выпускаючы з рук узровень. – Як і з дрэвам, патрэбна падагнаць, умацаваць”.

Дзякуй вам, будаўнікі, за чарговы дом, за новы мікрараён, за прыгожыя Ушачы!

Вольга КАРАЛЕНКА.


Прыемна быць на вышыні!

Для чаго патрэбна долата і чым рубанак адрозніваецца ад фуганка, Сяргей Курбака ведаў яшчэ ў дзяцінстве: яго тата Уладзімір Дзмітрыевіч працаваў брыгадзірам цесляроў ПМК-66 і хлопчык раз-пораз прабіраўся на будоўлю шматпавярхоўкі, што ўзводзілася насупраць аўтастанцыі, і з захапленнем назіраў за будаўнічым працэсам. Аб’ект, прынамсі, быў побач з іх домам па Ленінскай, 16, які таксама будавала бацькава брыгада. Пройдзе два дзесяцігоддзі – і ўжо сам Сяргей будзе кіраваць працай цесляроў на будоўлі шматпавярхоўкі на Віцебскай, дзе потым справіць наваселле яго маладая сям’я.

Зрэшты, пасля школы ўшацкі хлопец спачатку набыў вадзіцельскую прафесію, якая спатрэбілася і падчас вайсковай службы: у вучэбным цэнтры падрыхтоўкі ў Печах дапамагаў навабранцам асвойваць тэхніку. Ды ўсё ж зразумеў, што да шафёрскай справы душа не ляжыць, і калі вярнуўся ва Ушачы, праз цэнтр занятасці трапіў на будаўнічыя курсы. У ПМК-66 Сяргей уладкаваўся ў пачатку 2000-х: часы няпростыя, арганізацыя хапалася за любыя аб’екты, і першае заданне навічка аказалася руцінным – дэмантаж старога будынка на “Нафтане”. “Строгі брыгадзір Васіль Паўлавіч Собаль адразу ўзяўся за маё выхаванне: вучыў не толькі прафесійным тонкасцям, а і правільным паводзінам. Я ж стараўся “трымаць удар” і, відаць, даказаў, што чагосьці варты. За два гады дарос да 4-га разраду, пераняў у вопытных калег шмат навыкаў. Так, брыгадзір паставіў мяне ў пару да прызнанага майстра па дахам Васіля Александровіча, я хутка асвоіў працэс і магу шчыра прызнацца, што з усіх будаўнічых работ ён у мяне самы любімы: прыемна быць на вышыні!” – усміхаецца С.Курбака.

Тым часам пачалі будавацца аграгарадкі, з’явіліся іншыя аб’екты, і ў ПМК набралі трэцюю, маладзёжную брыгаду цесляроў, у якую далучыўся і герой аповеду. Калектыў аказаўся баяздольным і выйшаў у перадавікі, а брыгадзір Аляксандр Іванавіч Змітрачэнка рэкамендаваў Сяргея на сваю пасаду. Канечне, не ўсё давалася лёгка, асабліва калі даводзілася асвойваць неспецыфічныя працэсы. Няпроста, напрыклад, было падчас узвядзення “клюшачніка” на завячэльскім комплексе, дзе выкарыстоўваліся нязвыклыя цяжкія панэлі-“сэндвічы” з блях і полістыролу, але цесляры налаўчыліся і аператыўна перакваліфікаваліся ў мантажнікаў, а пазней нават былі запрошаны ў Лепель на будаўніцтва складоў для “Віцебскаграпрадукта”. Прыклаў руку Сяргей да ўзвядзення школы мастацтваў, спартыўнага комплексу, шчыравала яго брыгада і літаральна на ўсіх новых кааператывах.

Крызісных момантаў у дзейнасці ПМК-66 хапала, і калі заробкі станавіліся зусім невялікімі, С.Курбака, які тым часам стаў шматдзетным татам, без праблем знаходзіў больш прыбытковыя месцы, аднак расставанне з роднай арганізацыяй было кароткім, бо жаданне знаходзіцца побач з сям’ёй пераважала. Зрэшты, працавіты і ўмелы будаўнік заўсёды знойдзе магчымасць падзарабіць: вось і зараз герой аповеду на час водпуску ўладкаваўся па дагаворы на будаўніцтва цялятніка ў “Ільюшынскім”. “Трэба ж дзетак у школу сабраць!” – тлумачыў пасля змены стомлены, але шчаслівы мужчына.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *