Больш 40 год таму, калі мы былі шчаслівымі навасёламі дома №6 па вуліцы Ленінскай, пасадзілі ля сваіх пад’ездаў дэкаратыўныя і пладовыя дрэўцы. Бярозкі і рабінкі раслі разам з нашымі дзецьмі, а асабліва любілі мы сваю яблыньку, сакавітымі пладамі якой ласаваліся ўсе жыльцы, нават павідла з іх варылі.
Але гэтай вясной бярозы і кусты пачалі сохнуць. Як мы мяркуем, паспрыяць гэтаму магло тое, што зімой побач з пад’ездамі выгрузілі кучы з саляна-пясчанай сумессю, якую камунальнікі прымяняюць ад галаледзіцы. Мы выказалі абурэнне, і пазней іх прыбралі, аднак, па ўсім відаць, бліжэйшым раслінам яны ўжо паспелі нанесці шкоду.
Днямі работнікі камунальнага прадпрыемства павесілі аб’яву, што ў сераду будуць спільваць сухія дрэвы – шкада, канечне, бярозак, але ж мы разумеем, што яны сталі небяспечнымі. Калі ж работы былі завершаны, мы з жахам заўважылі, што на месцы, дзе расла наша яблыня, застаўся толькі пень ды ўсыпаная пладамі зямля. Як паведамілі відавочцы, калі работнікі спілоўвалі вялікую бярозу, хваляваліся, што яе верхавіна можа зачапіць агароджу дзіцячага сада, і пастараліся адвесці траекторыю падзення як мага далей. Зрабілі гэта досыць нязграбна, і паваленае дрэва расшчапіла яблыню. Тое ж самае адбылося і ля першага пад’езда, дзе гэткім чынам зламалі вішню. Хіба нельга было зрабіць сваю работу больш акуратна, не знішчаючы жывыя дрэвы? І ўвогуле, хто будзе адказваць за незаконна выдаленыя расліны? Мы трацім сродкі на азеляненне не для таго, каб нядбайныя работнікі агалялі нашы двары.
Валянціна КОНТАРАВА, Ларыса БАДЗЯКІНА,
Тамара ЧЭВІДАЕВА, Тамара КАМАРКОВА,
Вольга ПАЛЬЧЭЎСКАЯ, Леанід СЛУЦКІ
і іншыя жыхары дома.