Ушачане – людзі працавітыя. Практычна кожны, незалежна ад таго, жыве ў кватэры ці доме, апрацоўвае зямельны ўчастак, і сутыкаецца з праблемай – чым жа прасцей і танней гэта рабіць.
Старэйшае пакаленне адназначна давярае праверанаму рабочаму каню. Калі ён сапраўды рабочы, то праблем ніякіх: хопіць і на свой участак, і нават дапаможа суседзям. У сезон на “чацвераногіх трактароў” чэргі, запіс і пераважная большасць участкаў, на якіх вырошчваюць бульбу, зерневыя, апрацоўваецца менавіта коньмі. Каб конь не прастойваў – гаспадары аб’ядноўваюцца і трымаюць утрох, чацвярых ці нават шасці. У гэтага віду “тэхнікі” пры мностве пераваг два асноўныя недахопы – трэба даглядаць круглы год, у тым ліку і нарыхтоўваць кармы. Ды і каб конь заставаўся рабочым, на ім трэба працаваць пастаянна, на што таксама патрэбны сілы.
Менавіта па гэтых прычынах маладзейшае пакаленне шукае альтэрнатыўных памочнікаў. І тут выбар паміж ручнымі плужкамі-акучнікамі (дзе сам сабе і конь, і павадыр), мотакультыватарамі і мотаблокамі. Першыя сёння ў продажы ад 150 тысяч (стары кошт) да трохсот. Мотаблокамі і культыватарамі гандлююць, як правіла, адны і тыя ж фірмы. І мы больш падрабязна спынімся на гэтых двух памочніках.
Мотаблок – безумоўна больш магутны. На ім, калі набыць прычэп, можна, як на трактары, перавозіць розныя грузы. Мотаблок проста незаменны для тых, хто гаспадарыць на немалой плошчы, мае падсобную гаспадарку, агарод не толькі ля дома. На мотаблоку перавозяць дровы, сена, вырашчаны ўраджай, узворваюць участак, робяць усё тое, што на кані ці трактары. Мотаблокі ўвайшлі ў абыход ушачан даўно, маюцца не ў аднаго гаспадара і лічацца сур’ёзнымі памочнікамі.
Недахоп: адносна вялікі кошт. Каб абзавесціся ім, патрэбны мінімум 4 мільёны рублёў (кітайскай вытворчасці прапануюць на Стралецкім рынку ў Полацку) непасрэдна на мотаблок, каля двух – на прычэп, прыкладна па 200 тысяч – на кожнае з навяснога (плуг, акучнік, бароны).
Культыватар – памочнік для гаспадароў сярэдняга размаху, хто ўтрымлівае невялікія ўчасткі. Ён намнога танней за мотаблок – 600- 850 долараў (без прылад). Уяўляе кіруемую гаспадаром мотафрэзу, якая бярэ глыбіню да 35 сантыметраў, і мае шырыню захопу ад 45 сантыметраў (жаночы варыянт) да 90 і даволі лёгка ўспушвае нават дзярніну. Пры дадатковых затратах (прыкладна 150 долараў) набываецца плуг, акучнік, магчыма – рыдлёўка для расчысткі снегу. Вельмі эканомны расход паліва. Культыватары адрозніваюцца па вазе. Чым цяжэй – да 100 кілаграмаў – тым устойлівей і таму, хто кіруе, трэба менш прыкладваць сіл на ўтрыманне машыны. Аднак больш лёгкія – (45-50 кілаграмаў) магчыма перавезці ў любой легкавой машыне, такім чынам, культыватар апрацоўвае не толькі ўчастак ля дома, а і на любой адлегласці.
Гандлююць мотакультыватарамі ралеты на “Стралецкім рынку” ў Полацку і Наваполацку, бываюць аб’явы ў газеце “Патрыёт” з дастаўкай на дом (пераважна расійская “Нева”, якая мае добрыя водгукі гаспадароў), прадстаўніцтва магазіна “Садоўнік” ёсць у Лепелі (тэл. 8-029-8101848). Апошнія прапануюць даволі танных “немцаў” венгерскай зборкі. Наогул жа кошт залежыць пераважна ад маркі (краіны-вытворцы і камплектуючыя – самыя розныя), варыянтаў мадыфікацыі: задні і пярэдні ход, бакавы паварот руля, прывад і г.д. Тым, хто паспрабаваў у рабоце мотакультыватар, засталіся задаволены іх універсальнасцю: не трэба з рыдлёўкай перакопваць нават парнік – ён пройдзе і туды. Эканамічнасцю – агарод можна апрацаваць менш чым за літр бензіну. Ну а дзённая прадукцыйнасць залежыць ад гаспадара.
Даволі складана даваць падказкі па кошце, ён вагаецца ў розных прадаўцоў у залежнасці ад курсу валюты, таму могуць быць разыходжанні з прыведзенымі цэнамі вышэй.
В.КАРАЛЕНКА.
Ценнейшая рубрика! спасибо!