110 лет со дня рождения Героя Советского Союза Ф.Ф.Дубровского

Общество

Спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза, генерал-маёра, у Вялікую Айчынную вайну – арганізатара падполля ў вобласці, камандзіра Чашніцкай партызанскай брыгады “Дубава” Фёдара Фаміча Дуброўскага.

Да таго часу, калі зямлю накрыла чорнае воблака Вялікай Айчыннай, наш зямляк Ф.Ф.Дуброўскі меў багаты гаспадарчы, партыйны і баявы вопыт. У 1918 годзе добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную армію, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне на Заходнім фронце. У 1929-м Фёдар Фаміч становіцца старшынёй калгаса ў Старым Сяле Жарскага сельсавета, потым – мясцовага сельсавета, пасля заканчэння Вышэйшай цэнтральнай калгаснай школы – дырэктарам Сарочынскай МТС. Далей працуе намеснікам старшыні Ушацкага райвыканкама.
Зноў баявыя дзеянні. Ф.Ф.Дуброўскі ў 1939 годзе ўдзельнічае ў савецка-фінскай вайне, вызваленні Заходняй Беларусі.
Пачалася самая працяглая і жорсткая Вялікая Айчынная вайна. На фронт Фёдара Дуброўскага не паслалі, а накіравалі ў распараджэнне ЦК КПБ, які знаходзіўся ў Ржэве. Тым часам фарміраваліся групы для арганізацыі партызанскага руху ў тыле ворага, і наш зямляк у складзе 18 чалавек накіроўваецца на Ушаччыну, куды трапляе ў жніўні 1941 года.
Пасяліўшыся ў Вацлавове ў сваёй сяброўкі Беты Берзень, ён знаёміўся з тым, што адбываецца ў раёне, наладжваў сувязі з мясцовымі актывістамі, а таксама ўчарашнімі вайскоўцамі, якія трапілі ў акупацыю, ствараў падпольную групу, якая ў 1942 годзе налічвала ўжо 250 чалавек. Утварыўся партызанскі атрад Дубава (псеўданім Дуброўскага). Яго камісарамі былі Сцяпан Якаўлевіч Барадаўкін, Уладзімір Елісеевіч Лабанок. Лагер размяшчаўся ў лесе недалёка ад Двор Жараў. Там стаяў нямецкі гарнізон, і першы бой быў – па яго разгроме, расчышчаючы дарогу на Лепель. Такіх баявых аперацый было нямала ў 1942-1944 гадах.
Ужо 26 верасня 1942 года наш, Ушацкі раён, поўнасцю кантраляваўся партызанамі. Але яны здабывалі і рамантавалі зброю. Ведалі: жорсткія баі яшчэ наперадзе. Існавала пагроза з боку Лепеля, дзе былі сканцэнтраваны значныя сілы фашыстаў. Стаяў моцны варожы гарнізон у мястэчку Пышна.
На зіму 1942-1943 гадоў брыгада “Дубава” перадыслацыравалася ў антуноўскі лес.
У сваіх успамінах У.Е.Лабанок, які быў камандзірам атрада, а потым, пасля раздзелу асноўнай брыгады на дзве, узначаліў адну з іх – Лепельскую імя І.В.Сталіна, пісаў: “Чашніцкая брыгада “Дубава” разам з нашай… арганізавала засаду на дарозе Талачын – Чашнікі каля вялікага варожага гарнізона ў Новалукомлі…Завязаўся ўпарты бой, у выніку якога было знішчана 98 салдат і афіцэраў праціўніка, 7 грузавых і 2 легкавыя аўтамашыны, узяты значныя трафеі”. У.Е.Лабанок канстатаваў таксама, што народныя мсціўцы на чале з Ф.Ф.Дуброўскім разграмілі і гарнізоны ў вёсках Альшанка і Іванск ля Чашнікаў.
У 1943 годзе Ф.Ф.Дуброўскаму было прысвоена званне генерал-маёра. Калі планавалася разграміць гарнізоны ў Чашніках і Камені, то кіраўніцтва ўсёй аперацыі ўскладалася на яго як камандзіра з вялікім вопытам. Для гэтага партызанскім брыгадам было дастаўлена 16 тон боепрыпасаў. Задача непасрэдна брыгады “Дубава” была расчышчаць ад гітлераўцаў Бароўку, разграміць гарнізон па дарозе на Камень, захапіць ваенны гарадок ля Лепеля. І партызаны на чале з Ф.Ф.Дуброўскім з задачай справіліся.
Вясной 1944 года партызан і мірных жыхароў чакалі новыя выпрабаванні: карная экспедыцыя захопнікаў. Партызаны брыгады “Дубава” мужна змагаліся з карнікамі на тэрыторыі Чашніцкага раёна, наносячы вялікія страты фашыстам.
Пасля Вялікай Айчыннай Ф.Ф.Дуброўскі працуе першым сакратаром Чашніцкага райкама партыі, дырэктарам саўгасаў.
Памёр вядомы чалавек, наш зямляк 3 сакавіка 1970 года. Ён унёс неацэнны ўклад у вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Г.АЛЯКСАНДРАВА.
На здымку: Ф.Ф.Дуброўскі.  



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *