“Жыццё пражыць – не поле перайсці”, – сцвярджае народная мудрасць. І з гэтым нельга не пагадзіцца. Чалавеку трэба расправіць крылы, здзейсніць усе намечаныя справы, і, увогуле, пакінуць пасля сябе след на зямлі. Мужчыну, пра якога наш аповед, турбавацца не трэба: кожны дзень яго жыцця заўсёды быў напоўнены карыснымі справамі. З ранняга дзяцінства Аляксандру Іванавічу Рудкоўскаму прыходзілася шмат працаваць. Цяжкі быў час: голад, даводзілася і бохан хлеба дзяліць з суседзямі. Але ўсе былі шчаслівымі ад таго, што скончылася вайна, радаваліся веснавому сонцу, марылі аб светлай будучыні.
Аляксандр Іванавіч родам з Чашніцкага раёна. Нарадзіўся ў простай сялянскай сям’і. Каб мець лішнюю капейку, дапамагаць бацькам, яшчэ падлеткам пайшоў працаваць у калгас. Быў пастухом, цесляром. Напэўна, не было работы, з якой бы не справіўся А.І.Рудкоўскі: касіў, баранаваў, пілаваў…
Служыў у арміі, быў кантужаны, камісаваны ў 1961 годзе. Пэўны час працаваў на будаўніцтве дарог на Лепельшчыне. Вучыўся ў Глыбокім на механізатара. Тут у 1962-м пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай – Алінай Міхайлаўнай. І сёння з усмешкай сямейная пара ўспамінае сваю першую сустрэчу, калі Аліна выходзіла з машыны ў вялікім кажуху (тады яна працавала на будаўніцтве). Не заўважыць гэтую мілую, абаяльную дзяўчыну было немагчыма, і Аляксандр вырашыў пазнаёміцца з ёй. Пачалі сустракацца. А праз два гады зарэгістравалі свой шлюб.
Аляксандр Іванавіч з 1964-га працаваў на трактары ў Глыбокім і Чашніках. У 1979 годзе сям’я пераехала на Ушаччыну, у Ільюшына. Тут Рудкоўскі быў механізатарам, кавалём. На пенсію выйшаў па інваліднасці ў 1994 годзе.
Аляксандр Іванавіч часта ўспамінае сваю маладосць, калі было многа сіл і энергіі, калі можна было праводзіць час за любімай працай. Зараз узрост дае пра сябе напамін, аднак мужчына не адчайваецца, знаходзіць занятак па душы.
Адным з асноўных захапленняў А.І.Рудкоўскага з’яўляецца вышыўка. Яшчэ ў маладосці ён з цікаўнасцю назіраў за тым, як вышываюць знаёмыя дзяўчаты. Праз нейкі час сам вырашыў паспрабаваць – з гэтага ўсё і пачалося. Чароўная іголачка зацягвала не толькі вышывальную нітку, паступова яна зацягвала і самога майстра. Узяў аднойчы ў рукі, паспрабаваў такой прыгожай ды цікавай працы — і не змог адарвацца. Як прызнаецца Аляксандр Іванавіч, вышываць яму вельмі падабаецца. Зрок, безумоўна, ужо не той, што ў маладосці, аднак у акулярах бачыць добра. Якія прыгожыя абрусы, ручнікі і многае іншае робіць А.І.Рудкоўскі! Яго таленту і спрыту можа пазайздросціць кожны. Магчыма, не апошнюю ролю ў гэтым адыграла яго звыкласць з маленства да любой працы.
Цяжка паверыць, што ўсё можна было паспець за жыццё: старанна працаваць у калгасе, весці хатнюю гаспадарку, займацца ў садзе і агародзе, знаходзіць час для вышыўкі. А галоўнымі ў яго жыцці былі дзеці: іх у Рудкоўскіх шасцёра. Разам з жонкай Алінай Міхайлаўнай яны заўсёды знаходзілі час на клопат аб іх і выхаванне. Так было, калі яны былі маленькімі, так застаецца і сёння, калі тыя выраслі. Усе дзеці таксама жывуць і працуюць тут, на Ушаччыне, кожны дзень наведваюць бацькоў, дапамагаюць, чым могуць. Аляксандр Іванавіч – лепшы сябар і памочнік не толькі сваім дзецям, а яшчэ і сваім чатырнаццаці ўнукам і чатыром праўнукам.
За плячыма Рудкоўскага – лёс, напоўнены нялёгкай працай, мноствам выпрабаванняў. Аднак ён ні аб чым не шкадуе: яму ёсць што ўспомніць, чым ганарыцца, пра каго клапаціцца. А гэта і ёсць, на думку мужчыны, сэнс жыцця!