ДКУП «Управление капитального строительства Ушачского района» отмечает 50-летний юбилей

Общество

Упраўленню капітальнага будаўніцтва – 50 год!


З апярэджаннем рэальнага часу

Упраўленне капітальнага будаўніца сёння налічвае ўсяго чатыры чалавекі. Гэта дырэктар Аляксандр Сяргеевіч Лосеў, вядучы інжынер па тэхнаглядзе Юрый Анатольевіч Сазанкоў, вядучы эканаміст Іна Пятроўна Якубовіч і галоўны бухгалтар Жанна Пятроўна Федарэнка. Арганізацыя з’яўляецца заказчыкам усіх раённых новабудоўляў і асвойвае ў год 6-7 мільёнаў рублёў.

І.Якубовіч, Ж.Федарэнка, А.Лосеў, Ю.Сазанкоў.

Да прыкладу, кошт саракакватэрнага дома, што ўзводзіцца зараз, складае 3,5 мільёна. Пастаянна шукаюць аб’екты самастойна і сёлета акрамя прыгаданай шматпавярхоўкі кантралююць будаўніцтва інжынерных сетак да яе і вуліцы №5, добраўпарадкаванне Калінінскай, капітальны рамонт з мадэрнізацыяй школы ў Бешанковічах. Сярод пастаянных заказчыкаў – Лепельскі МКК, Наваполацкводаканал. Дарэчы, каб ажыццяўляць нагляд не толькі над будаўнічымі, але і санітарна-тэхнічнымі работамі, Ю.А.Сазанкоў прайшоў адпаведную атэстацыю. Зрабіць спецыялісту гэта было нескладана, паколькі ведае работы знутры: пракладкай водаправодаў і добраўпарадкаваннем тэрыторый займаўся ў якасці майстра на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм.

Хоць і няма ў штаце юрыста, А.С.Лосеў адзначае падкаванасць у тым ліку і ў прававым полі эканаміста і бухгалтара, якія сочаць за новаўвядзеннямі, а пры патрэбе не саромеюцца дабіцца тлумачэнняў нават у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю. А змены ў заканадаўстве, як і ў самой будаўнічай галіне, адбываюцца часта. Сярод навінак сёлетняга года – дазвол працаваць па спрошчанай сістэме пры выбары падрадчыка, калі аб’ект уключаны ў рэгіянальную інвестыцыйную праграму, як, напрыклад, шматкватэрны дом. Усе іншыя аб’екты – гэта абавязковае правядзенне тэндара, што ўскладняе задачу заказчыка, паколькі за самым танным коштам удзельніка часта стаіць “кот у мяшку”. У тэндары, каб ажыццяўляць тэхнічны нагляд, абавязкова ўдзельнічае і само УКБ, калі шукае дадатковыя заказы. І іх выбіраюць як правераных гадамі партнёраў.

Заўсёды заглядваюць наперад і маюць надзейных праектантаў, якія прыступаюць да выканання заказаў нават без папярэдняй аплаты. Гэта паскарае працэс будаўніцтва. Заслуга ўпраўлення і ў тым, што сёлета здача шматкватэрнага дома намечана на верасень, а не на канец снежня. А колькі падводных камянёў у прамым і пераносным сэнсе сустрэлася пры рэканструкцыі моста праз рэчку Ушача. І калі гэта задачы, з якімі паспяхова справіліся, то яшчэ адна шматпавярхоўка, інтэрнат для спартсменаў, новая вуліца – будучыня ўшачан і сённяшнія клопаты спецыялістаў упраўлення. Яны заўсёды жывуць з апярэджаннем часу.

Вольга КАРАЛЕНКА.


Ад выбару праекта – да ўводу,
ад ферм – да фізкультурнага комплексу

Арганізацыі, якая курыравала літаральна ўсю буйную будоўлю ў раёне, сёння спаўняецца 50 гадоў. Яна перажыла дыяметральна розныя часы, ад пашырэння штату, калі краіна развівалася, а значыць, будавалася, да амаль поўнай ліквідацыі, бо не было ніводнага заказу. І, на шчасце, засталося шмат людзей, якія па праве лічаць УКБ справай свайго жыцця. Іх мы і папрасілі прыгадаць пра вехі працоўнай біяграфіі.

Горад рос на маіх вачах

Ала Аляксандраўна Васіленка, інжынер, а пазней эканаміст, трапіла ва Ушачы па размеркаванні ў год заснавання ўпраўлення і адпрацавала ў ім 40 гадоў.

– Хаця магла быць звольнена пасля трох месяцаў. Гэта пагражаў зрабіць наш начальнік Іван Сцяпанавіч Роўба, які быў намеснікам старшыні райвыканкама і паралельна 25 год – начальнікам упраўлення капітальнага будаўніцтва. Хаця спачатку мы былі нават не ўпраўленнем, а аддзелам пры ўпраўленні сельскай гаспадаркі. Воданапорныя вежы ля кожнай фермы, жывёлагадоўчыя памяшканні – асноўная будоўля ішла на сяле. Маім жа першым аб’ектам аказаўся зернесушыльны комплекс у саўгасе “Арэхаўна”. “Зялёнае” дзяўчо пасля тэхнікума, а там – суцэльнае “жалеззе”. «Фундаменты пазапаролі, абсталяванне не становіцца», – абураўся Іван Сцяпанавіч, і на аб’ект я ехала ўся ў слязах. Вопытны прараб, пенсіянер па ўзросце, супакоіў, што ўсё выправяць. Сушылкі сапраўды зманціравалі…

Будаваўся, канечне, і гарпасёлак. У гэтым жа 1972 годзе была здадзена бальніца, уехалі мы і ў новы будынак райвыканкама, праўда, хадзілі па кладках, не было добраўпарадкавання тэрыторыі, як і ўнівермага і КБА побач. Яны з’явяцца пазней, як і дзіцячы сад №1, школа. У 1974-м пабудавалі мемарыяльны комплекс “Прарыў”, на якім лічы што жыў, вёў усе перамовы з архітэктарамі Іван Сцяпанавіч. Памятаю, якой праблемай было прывезці скульптуру партызана, якая не ўпісвалася ні ў адзін паварот, хоць і была “разборнай”. У канцы сямідзясятых з’явіліся ачышчальныя збудаванні, якія І.С.Роўба прабіваў праз Дзяржбуд у Маскве. Да гэтага па горадзе наогул не было цэнтральнай каналізацыі, але нам не хацелі даваць “гэты вельмі вялікі для маленькага пасёлачка аб’ект”. А якія планы былі наконт курортнай зоны: рыхтаваліся праекты санаторыя “Вечалле” і яшчэ аднаго дзіцячага, кальцавой дарогі вакол Ушач і наогул іншай інфраструктуры. Праекты дамоў па Ленінскай №19 і 16 павінны былі быць для абслугоўваючага персаналу здраўніц. Шкада, што ўсё гэта скасавалася з развалам Саюза.

Што датычыцца нашай “кухні”, то было і такое, што падпісваў здачу аб’екта да завяршэння, паколькі ад тых жа тэрмінаў залежала выплата зарплаты. Сістэма сама была пабудавана так, што асваенне грошай у асноўным прыходзілася на чацвёрты квартал. Добраўпарадкаванне і іншыя недаробкі будаўнікі завяршалі ў наступным годзе, гэта было нормай. А мая першая і адзіная вымова звязана менавіта з даверам. Усё ПМК-66 ведала, што я баюся вышыні (хоць не адзін раз падымалася, так і не пераадолела сябе). Здавалі медыцынскія склады. Па тэхналогіі на даху акрамя бітуму павінен ляжаць слой гравію. Быў канец дня і хлопцы мяне запэўнілі, што абавязкова яго пакладуць. На наступны дзень прыйшла праверка наконт асваення бюджэтных сродкаў, а гравій пакласці не паспелі. Адказнасць неслі і будаўнікі, і мы, Іван Сцяпанавіч, чалавек строгі, але чулы, прапанаваў мне самой выбраць пакаранне: вымова або прэмія. Доўга вагалася, аднак паколькі гадавала дваіх дзяцей, зараблялі мы мала, а прэмія была толькі раз у квартал, спынілася на вымове, хоць гэта было больш сур’ёзнае пакаранне – з занясеннем у працоўную кніжку. Больш будаўнікі мяне не падводзілі. Быў у нашай практыцы і экстрэмальны выпадак, які ледзь не каштаваў жыцця. Падчас суботніка ўвесь калектыў трапіў на цэнтральную кацельню, якая ўзводзілася. Мы чысцілі траншэі для ўкладкі інжынерных сетак. Гразь, кругом карчы, будаўнічае смецце. І жанчыны натрапілі на палку, якую не маглі выцягнуць, як не сіліліся. “Не рвіцеся, я яе зараз перасяку», – сказаў наш галоўны інжынер Аляксандр Ігнатавіч Гаўрылаў, узяўшы сякеру… Адкінула яго, дзівам наогул засталіся жывыя ўсе мы, паралельна абясточылі ўвесь горад. Гэта аказаўся высакавольтны кабель, пра наяўнасць якога на той момант ніхто зусім не падумаў. Наогул жа калектыў быў дружны, усе маладыя, разам ездзілі ў нашу падшэфную гаспадарку – калгас “Прагрэс”.

Самы складаны аб’ект – газаправод

Уладзімір Дзмітрыевіч Шаблоўскі, старшы інжынер-энергетык, адпрацаваў ва ўпраўленні 17 гадоў.

– Я, як і інжынер-механік Аляксандр Андрэевіч Слашчоў, заатэхнік Уладзімір Мікалаевіч Гулевіч, прыйшоў ва УКБ у 1980-м годзе. Тады па Савецкаму Саюзу сталі будаваць буйныя жывёлагадоўчыя комплексы і ў штат бралі не толькі будаўнікоў, але і спецыялістаў смежных спецыяльнасцяў. Так, нашым першым аб’ектам быў комплекс у калгасе “Дружба” ў Ільюшыне. Заказчыкамі сельгасаб’ектаў выступалі непасрэдна гаспадаркі, інтарэсы якіх мы і прадстаўлялі па даверанасці. Вялі яго поўнасцю, не толькі сачылі за будоўляй, аднак і камплектавалі, шукалі, закуплялі і прывозілі ўсё патрэбнае для даільнай залы, апаратнай і іншых памяшканняў абсталяванне. Заказваць апошняе патрэбна было за 2 гады. Потым ад буйных комплексаў адмовіліся, пачалі будаваць фермы на 400 галоў. Яшчэ большыя складанасці паўставалі, калі заказчык у ходзе будоўлі хацеў нешта памяняць, а такое бывала.

Зразумела, вялі і грамадзянскія аб’екты па гарпасёлку. Ездзілі ў дальнія замежныя камандзіроўкі, А.А.Слашчоў нават з Бійска Іркуцкай вобласці дастаўляў кацёл на мазуце для гарадской кацельні. Быў поўнасцю гатовы праект вялікага водазабору для ўсяго гарпасёлка са станцыяй абезжалезвання за Чаравэччам – не ажыццявіўся з развалам СССР.

Падчас работ па асвятленні цэнтральнай плошчы я лічы што начаваў з падрадчыкамі, аднак праз некалькі год кабель у адным месцы ўсё ж сапсаваўся. Праглядзелі невялікі завадскі брак, і слабае месца пад уздзеяннем солі распалася. За падобнымі, скрытымі аб’ектамі кантроль асаблівы. І самай складанай была здача веткі газаправода высокага ціску да кацельні, якую праклалі ва Ушачы, калі цягнулі на Наваполацк. Мяне спецыяльна накіравалі на адпаведныя курсы, каб мець допуск тэхнагляду за газавымі аб’ектамі, падрадчыкам быў “Нафтазаводмантаж”, прыёмшчыкам – атамнагляд, які забракоўваў практычна ўсе зварачныя швы. Перараблялі, яны зноў знаходзілі мікрашчыліны, нябачныя вокам. І.С.Роўба нават выклікаў з Наваполацка свайго брата Вячаслава Сцяпанавіча, высокакласнага зваршчыка з імянным кляймом, і ўсё роўна не адразу прымалася наша работа. Хоць завадскімі, сертыфікаванымі былі трубы, прымусілі правяраць і іх на разрыў, для чаго вазілі ў Наваполацк, дзе былі спецыяльныя стэнды. Мяркую, што справа была не толькі ў павышанай небяспецы газаправода, але і ў суб’ектыўных прычынах: у правяраючых была свая сумежная арганізацыя, якая выконвала падобныя работы, але не выйграла тэндар. Дарэчы, менавіта гэты аб’ект стаў апошнім перад “распадам” нашай вялікай на той час арганізацыі. Памятаю, як Іван Сцяпанавіч вярнуўся ў 1996 годзе з Віцебска і панурым голасам сказаў, што на раён не далі ні аднаго аб’екта, застаецца толькі газаправод, і трэба шукаць іншыя месцы работы.

Купляла б жыллё ў новых дамах

Наталля Пятроўна Казьяніна працавала інжынерам і дырэктарам УКСа з 1987 па 2014 гады.

– Змяніла Івана Сцяпанавіча ў 2002 годзе, калі намеснік старшыні перастаў быць і начальнікам упраўлення, а УКБ ператварылася ва ўнітарную гасразліковую арганізацыю. Складаны час, на мяжы галечы, не было ніводнага будаўнічага аб’екта. Шукала іх у іншых рэгіёнах – Докшыцкім, Лепельскім. Так пастаянным нашым заказчыкам стаў малочнакансервавы камбінат. Разам са мной тэхнагляд ажыццяўляла Алена Васільеўна Гусева, эканамістам была Ала Аляксандраўна Васіленка. Потым пайшло будаўніцтва прэзідэнцкіх домікаў, аграгарадкоў, кааператыўнага жылля, а мы курыравалі ад 7 па 15 ЖБК.

Пачатку будаўніцтва папярэднічае вельмі вялікая работа з выбарам месца, падрадчыкаў, экспертыз. Наша работа схавана ад вока спажыўцоў, ад якіх мы ніколі не чуем слоў падзякі, хаця зэканомілі шмат людскіх грошай, выбіралі як для сябе лепшыя праекты ў межах кошту квадратнага метра. Калі б давялося набываць кватэру, выбар спыніла б на новых дамах, дзе прасторныя пакоі, лоджыі, што выходзяць з кухні, а не залы, як у маім жыллі па Фрунзе, 30. Наогул улічвалі ўсе хібы ранейшых праектаў, тую ж гукаізаляцыю, якая зараз намнога лепшая.

Вялікім аб’ектам стаў малочна-таварны комплекс у Завячэллі, ну а фізкультурна-аздараўленчы – шэдэўр для Ушач, ды і, паверце, для любога горада. Мы аб’ехалі ўсю Беларусь, адмяталі недахопы і выбіралі лепшае, таму ў басейне і залах можна праводзіць спаборніцтвы для прафесіяналаў. Нідзе няма пры комплексе гасцініцы, а чаго каштавала будаўніцтва асобнай, толькі для “Юнацтва-Ушачы” кацельні. Зразумела, што не было б ні яго, ні многага іншага без нашага дэпутата У.П.Андрэйчанкі, аднак нюансы, праект, усю арганізацыйную работу вялі мы. Адзіным аб’ектам, якім я не задаволена, гэта нашым доўгабудам – рэканструкцыяй РДК. І фае магло быць багацейшым, і пандус у глядацкай зале не пабудавалі – усё з-за недахопу сродкаў.

Наогул у нас вельмі складаная і нежаночая работа. Патрэбна не толькі многа ведаць, але і мець характар, а яшчэ і чуццё. Часта так было, усё праверыш (два разы на тыдні на аб’екце быў абавязкова), усё па нормах, а ўнутраны голас гаворыць: “зазірні вунь у той куток”. І знаходзіш недапрацоўку. Хоць усяго прадугледзець усё роўна немагчыма, былі і скаргі людзей, калі абгрунтаваныя, скрытыя дэфекты таго ж праекту, то іх перароблівалі, ну а былі і капрызы, некаторых не задавальняла “вельмі вялікая лоджыя”. Галоўнае, абышлося без сур’ёзных пралікаў, і сёння ходзіш па гарпасёлку і радуешся зробленаму.

Ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва акрамя прыгаданых вышэй спецыялістаў працавалі: 30 год галоўным бухгалтарам Зінаіда Іванаўна Дунец, больш 20 гадоў інжынерам Ала Іванаўна Роўба і эканамістам Людміла Лукінічна Дзмітрыева, галоўным інжынерам 15 гадоў Аляксандр Андрэевіч Слашчоў, 11 – Аляксандр Ігнатавіч Гаўрылаў і 9 – Анатоль Уладзіміравіч Крывапушчанка. Каля 10 гадоў ажыццяўлялі тэхнічны кантроль Алена Васільеўна Гусева і Антон Іванавіч Барысевіч. Начальнікам упраўлення з 1992 па 1995 год быў Аляксандр Уладзіміравіч Канаваленка. Працяглы час аддалі арганізацыі спецыяліст Уладзімір Мікалаевіч Гулевіч, вадзіцелі Васіль Фёдаравіч Парашкін, Мікалай Ягоравіч Эртман, Васіль Васільевіч Конух, сакратар Надзея Іванаўна Ціханава.

Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *