Калі пятнічным ранкам на галоўную плошчу райцэнтра прыбыў мабільны комплекс Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які падарожнічае па краіне ў рамках патрыятычнай акцыі “Дарога памяці”, яго ўжо чакалі самыя нецярплівыя і цікаўныя ўшачане.
Прынамсі, самымі першымі ў яркі фургон, размаляваны звонку кадрамі майскіх падзей 45-га года, узняліся госці нашага раёна – Вольга і Аляксандр Боранавы і пяцёра іх дзетак. Маладая сям’я з Гомельшчыны прыехала ва Ушачы да родных і не прапусціла магчымасці паглядзець перасоўную экспазіцыю. “Тата, а чым знакаміты Пётр Машэраў?” – прачытаўшы подпіс пад здымкам, запытаўся хлопчык, і бацька распавёў яму пра знакамітага партызанскага камандзіра і былога кіраўніка рэспублікі. З цікаўнасцю разглядалі дзеці здымак легендарнага лётчыка Аляксандра Гараўца, які знішчыў у сваім апошнім баі 9 варожых самалётаў, слухалі гісторыю пра 14-гадовага юнгу бронекатэра Дняпроўскай флатыліі Алега Альхоўскага, які пры вызваленні Бабруйска забіў з кулямёта больш сотні гітлераўцаў, а калі ў баі пад Пінскам загінуў увесь экіпаж судна, у адзіночку абараняў катэр да апошняга патрона.
А вось ушацкі школьнік Ілья Гірсёнак затрымаўся ля вітрыны, дзе выстаўлены кайданы вязняў і іншыя рэчы, знойдзеныя ў канцлагеры “Трасцянец”. “Цікавімся гісторыяй Беларусі, ладзім сямейныя паездкі па розных аб’ектах. Нядаўна, напрыклад, пабывалі на мемарыяльным комплексе “Шунеўка” на месцы спаленай вёскі, і сын быў проста ашаломлены ўбачаным. Аднак лічу, што мінулае сваёй краіны трэба вывучаць з дзяцінства, гэта важна для фарміравання асобы і светапогляду, – падзялілася мама хлопчыка, настаўнік Арэхаўскай школы Кацярына Гірсёнак. – Ведаем пра жахі вайны, як кажуць, з першых вуснаў: мая бабуля Зоя Сямёнаўна Лісоўская была вязнем фашысцкага лагера, а літаральна ўсе яе родныя змагаліся з ворагам у партызанах”.
За некалькі гадзін, што музейны аўтапоезд гасцяваў ва Ушачах, экспазіцыю, якая ахоплівае гісторыю Вялікай Айчыннай з першых дзён акупацыі Беларусі да яе вызвалення, паглядзела каля дзвюх соцень чалавек. Пабывала ў перасоўным комплексе кіраўніцтва раёна, а старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі падкрэсліў актуальнасць гэтага праекта і шчыра падзякаваў супрацоўнікам за цікавы і змястоўны аповед. “Літаральна ўсе нашы актывісты выказалі гарачае жаданне наведаць “музей на колах”, немалаважна і тое, што зрабіць гэта можна было бясплатна, – адзначыла лідар раённай ветэранскай арганізацыі Н.А.Васілеўская. – Мы добра ведаем слаўную гісторыю нашых мясцін, аднак хочацца больш шырока вывучыць і іншыя старонкі ваеннай эпапеі”. Зрэшты, у адным моманце ўшачане нават дапоўнілі аповед экскурсавода, падказаўшы, што ў музеі ёсць і “ўшацкі” экспанат: малюнак партызана брыгады “Дубава” Мікалая Абрыньбы.
Зрабіць жа памятны здымак, прысеўшы на лясной палянцы побач з народным мсціўцам, пажадалі і дзеці, і дарослыя. Пры гэтым экскурсантам дазвалялася ўзяць у рукі сапраўдны аўтамат. І дай Бог, каб спатрэбілася ім у жыцці падобнае аснашчэнне толькі ў якасці фотарэквізіту.
Наталля БАГДАНОВІЧ.