Бешенковичи отметили 575-летие. В масштабном праздничном мероприятии приняли участие и ушачане

Общество

Нашы суседзі – гарадскі пасёлак Бешанковічы – у выхадныя адзначылі 575-годдзе. Да юбілею было прымеркавана шмат мерапрыемстваў, сярод якіх, напрыклад, адкрыццё алеі герояў (каля будынка краязнаўчага музея з’явіліся бюсты герояў Савецкага Саюза – ураджэнцаў раёна Канстанціна Абазоўскага, Міхаіла Высагорца, Льва Даватара, Івана Страчко, Міхаіла Ткачэнкі), ушанаванне лаўрэатаў звання “Ганаровы грамадзянін Бешанковіцкага раёна”. У кожным кутку гарпасёлка працавала мноства разнапланавых пляцовак і выстаў. Прыняць удзел у іх арганізацыі Бешанковічы запрасілі іншыя раёны вобласці. Ушачане, канечне, па-суседску запрашэнне прынялі.

Цэнтральны парк гарпасёлка нядаўна набыў новае аблічча і пасля праведзенага добраўпарадкавання паступова становіцца любімым месцам адпачынку. У ім разгарнуліся тэматычныя пляцоўкі “Стужка часу”. Кожны меў магчымасць знайсці сабе кропку па інтарэсе. Менавіта тут размясцілася і пляцоўка “Летапісцы Прыдзвіння”, у якой прыняў удзел і “Патрыёт”. Для ўдзельнікаў свята мы разам з калегамі ладзілі цікавыя квэсты і віктарыны, рэкламавалі выданні. Трэба сказаць, што жыхары Бешанковіч з цікавасцю разглядалі апошнія нумары ўшацкай “раёнкі”, каб параўнаць са сваёй вельмі звыклай “Зарой”. Непадробны інтарэс выклікала наша старэнькая друкарская машынка – як малышы, так і дарослыя імкнуліся “напісаць” на ёй пару слоў. “У мяне калісьці такі быў, яны выпускаліся ў 50-я гады”, – з настальгіяй казаў жыхар Бешанковіч Уладзімір Кавалёў, трымаючы у руках фотаапарат “Зоркій-2” з нашай калекцыі. “А мы з “Патрыётам” знаёмы, вось наш дзядзька з гармонікам, вы пра яго не раз пісалі”, – казалі родныя ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Мікалаевіча Казачонка, убачыўшы на нашым банеры яго здымак. Перадавалі прывітанне ва Ушачы, пагартаўшы старонкі газеты, і родныя сям’і Пахілка.

“Вы чулі, як там прыгожа на баяне граюць ды яшчэ пад яго спяваюць!” – завітаўшы на патрыятычную пляцоўку, казалі госці свята. Аказалася, што ў такім захапленні яны былі пасля наведвання ўшацкай “партызанскай зоны”, якую падрыхтавалі работнікі музея народнай славы і цэнтра культуры. З цікавасцю многія заглядвалі ў ваенную палатку, разглядалі экспанаты, спыняліся ля стэндаў. Ну а гукі баяна Людмілы Пашуты з Сарочынскага клуба сапраўды разліваліся па ўсім парку.

Асобна размясціўся кірмаш майстроў. Сярод мноства самых розных вырабаў прыцягвалі ўвагу работы Юрыя Пашковіча і Генадзя Рубаніка з Дома рамёстваў.

А клуб нацыянальнай кухні “Прысмакі” не толькі частаваў гасцей свята смачнымі ўшацкімі стравамі, а і ўдзельнічаў у абласным конкурсе падворкаў “Бульбашы на кірмашы”. Як заўсёды кіраўнік клуба Таццяна Сісковіч і яго ўдзельніцы падрыхтаваліся грунтоўна. Пах клёцак, якія гатавала загадчык Арэхаўскага СДК Тамара Чабоха, прымушаў спыніцца ля ўшацкага падворка кожнага, хто праходзіў міма. “Хітом” традыцыйна сталі і дранікі, якія закончыліся хутчэй за ўсё. “Гатавалі традыцыйныя, а таксама з морквай, кабачком і зелянінай. А яшчэ прапаноўвалі “налівашку”, у аснове якой таксама бульбяное драннё, толькі варыцца і знешне выглядае як дамашняя каўбаса – так, дарэчы, усе і думалі. Мы ж давалі паспытаць, каб угадаць інгрэдыенты. Аказалася, што ніхто і не ведае такой стравы!” – расказвае рэжысёр “Прысмакаў” Святлана Качан. Хутка разышліся і “тварожныя вожыкі”, а некаторыя жанчыны нават прасілі іх рэцэпт. Дарэчы, журы конкурсу таксама ацаніла старанні нашых гаспадынь – дадому клуб вяртаўся з пустым посудам і Дыпломам лаўрэата другой ступені.

Ніхто з ушачан, што бралі ўдзел у свяце, не пашкадаваў, што патраціў выхадны дзень на такую паездку – зносіны з калегамі і новыя знаёмствы прыносяць толькі карысць. Ну а суседзі ў сваю чаргу заявілі аб сваёй гатоўнасці падтрымаць Ушачы на любым нашым свяце.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *