Жаночыя рукі. Ім, прыгожым і пяшчотным, пад сілу любая складаная праца – у тым ліку і хлебаробская. Штогод не менш паўсотні беларусак праводзяць жніво ў кабінах камбайнаў. Шчыруюць яны і на іншых важных працэсах: кантралююць якасць зерня, гатуюць для механізатараў абеды.
Каб падкрэсліць важкі ўклад прадстаўніц прыгожай паловы ў агульны каравай, грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз жанчын” праводзіць адмысловую акцыю з прыгожай назвай “Хлеб на далонях жанчыны”. Далучылася да яе і Ушаччына: на мінулым тыдні старшыня раённай арганізацыі БСЖ А.В.Пашковіч і яе актывіст, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка наведалі сталовыя сельгаспрадпрыемстваў, каб ушанаваць іх работніц. “Хоць вы не шчыруеце непасрэдна на жніўных палетках, але ўборачная для вас – таксама гарачая пара, прычым ва ўсіх сэнсах! Важнасць вашай працы цяжка пераацаніць, і хочацца выказаць вам самыя шчырыя словы падзякі за стараннасць і майстэрства!” – зазначыла Алена Васільеўна, уручаючы поварам і кухонным рабочым памятныя падарункі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.