Адзвінелі дзіцячыя галасы апошняй лагернай змены, аднак цішыня ў “Турасполлі” ўсталявалася ненадоўга: у мінулыя выхадныя тэрыторыя на беразе маляўнічай рэчкі Дзівы зноў напоўнілася жыццярадасным гоманам. Сезон адпачынку ў летніку працягнулі дарослыя, абраўшы гэтае ўтульнае месца для правядзення раённага прафсаюзнага турыстычнага злёту.
Высыпаўшы з аўтобусаў, удзельнікі каманд пачалі знаёміцца з лагерам: некаторыя працавалі над яго добраўпарадкаваннем падчас суботнікаў, але многія аказаліся тут упершыню і засталіся ў поўным захапленні. “Была ў “Турасполлі” год 20 таму, калі тут адпачывала дачка, але зараз летнік проста не пазнаць: абноўлены корпус, усе бытавыя выгоды, прыгожая тэрыторыя!” – не хавала эмоцый старшыня Жарскага сельвыканкама Святлана Цімафееўна Міхейка.
Ініцыявалі злёт раённае аб’яднанне прафсаюзаў і райкам Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў – менавіта члены апошняга і сталі яго галоўнымі ўдзельнікамі. Далучыліся да справы прадстаўнікі пярвічак прафсаюзаў адукацыі і навукі, а таксама культуры, інфармацыі, спорту і турызму, якія дапамаглі падрыхтаваць базу для правядзення і арганізаваць забаўляльную праграму.
Мерапрыемства было прысвечана Году гістарычнай памяці, і сімвалічна, што яго ўрачыстае адкрыццё праходзіла перад помнікам загінуўшым у гады вайны абаронцам і мірным жыхарам. Прывітаў турыстаў кіраўнік раёна Сяргей Сяргеевіч Садоўскі, які падкрэсліў, што годна адпачываць умеюць толькі тыя, хто добра працуе. Ну а намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч выступіла галоўным генератарам ідэй па арганізацыі і правядзенні турзлёта і ўзначаліла журы.
Ужо ў час “візітоўкі” каманды праявілі крэатыў. “Баявы экіпаж”, складзены з прадстаўнікоў розных службаў райвыканкама, выйшаў у вайсковай форме (напэўна, для дэмаралізацыі сапернікаў), сацработнікі прыдумалі турыстычную расшыфроўку абрэвіятуры ТЦСАН, а Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый скараціў грувасткую назву да лаканічнай “Эпіцэнтр”.
Ніякі турзлёт не абыходзіцца без паласы перашкод. Арганізатары пастараліся, каб была тут і турыстычная “класіка” (устаноўка палаткі, распальванне вогнішча з трох запалак, скоканне па “купінах” і балансаванне на хісткіх жэрдках), і жартоўны этап на дакладнасць, дзе кеглі трэба было збіць не шарамі, а гумавымі ботамі. Барацьба была ўпартай: пераможцаў з райвыканкама ад срэбраных прызёраў з “Эпіцэнтра” аддзяліла ўсяго 6 секунд.
А вось у конкурсе “Лазневая феерыя” на першы план выйшлі гумар і акцёрскае майстэрства. Каманды ўстроілі такія вясёлыя шоу з венікамі, тазамі і мачалкамі, што гледачам нясцерпна захацелася ўзлезці на палок (прынамсі, лазня ў “Турасполлі” выдатная і такая магчымасць была ў кожнага). Каралём на сцэне адчуваў сябе Максім Коршун з каманды сацработнікаў, а за лёс байца “экіпажа” Дзімы Баратынскага, якога прылашчвалі венікамі дзве “адмарожаныя” парыльшчыцы, нават было страшнавата. Зрэшты, скончылася ўсё на чыстым пазітыве: журы раздзяліла балы пароўну, а перамогу ў тэматычнай віктарыне атрымаў “Эпіцэнтр”. Ён жа першынстваваў у відовішчным батле па жаночым перацягванні каната. Неўміручы “Дзень Перамогі” пад гітарны акампанемент у выкананні “Баявога экіпажа” прызналі самым удалым нумарам канцэрта ваенных песень. А вось лепшых мадэлей конкурсу касцюмаў з прыроднага матэрыялу журы вызначыць не змагло: на грацыёзную балерыну была падобна Саша Стукалава, неверагодна выглядала ў бальнай сукенцы са шлейфам Насця Лемяшонак, ну а каларытнаму ўбору Дзімы Баратынскага пазайздросціў бы любы папуас!
Між конкурсных выпрабаванняў турысты паспелі прыгатаваць шашлыкі, юшку і нават клёцкі, а дыскатэка пад зорным небам вярнула ўсіх у юнацкія гады.
Выніковыя месцы злёту размеркаваліся наступным чынам. “Бронза” дасталася сацработнікам, якіх вяла за сабой дырэктар ТЦСАН Кацярына Коршун, “срэбра” – райвыканкамаўцам на чале з вопытным маладзёжным важаком Юліяй Белавусавай, якая здолела згуртаваць зборную каманду. Перамогу ж святкаваў дружны і чыста жаночы “Эпіцэнтр”, узначальвала які бойкая Аксана Радзевіч. Удзельнікі атрымалі салодкія прызы і памятныя падарункі, якія ўручыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Аляксееўна Шаўчэнка.
Развітвацца з “Турасполлем” нікому не хацелася: за два насычаныя дні ў летніку ўсе сталі добрымі сябрамі. Першы блін, насуперак прымаўцы, не быў камяком! А таму каманды аднагалосна запатрабавалі “працягу турыстычнага банкету” наступным летам, аднак з умовай, што ўдзельнікаў будзе яшчэ больш.
Наталля БАГДАНОВІЧ.