Жители деревни Ягодки Владимир и Мария Лесины бережно хранят родительский дом и традиции

Общество

Знайсці ў Ягадках сядзібу Уладзіміра Валянцінавіча і Марыі Іосіфаўны Лесіных аказалася зусім не складана: акуратная і дагледжаная, яна міжволі прыцягвае да сябе ўвагу. Канечне, у наваколлі маляўнічага возера Крывое можна ўбачыць розныя наварочаныя катэджы, аднак такія вось адноўленыя бацькоўскія хаты радуюць вока нават больш, бо захоўваюць гісторыю вёскі і яе жыхароў.

У тым жа, што мы трапілі па адрасе, упэўніў папярэдне падказаны старшынёй Вяркудскага сельсавета Верай Міхайлаўнай Маслак арыенцір – бардовы металічны штыкетнік. “Гэта наша нядаўняя “абноўка”: агароджа – візітоўка сядзібы, таму хацелася, каб яна была і прыгожая, і даўгавечная. Але ў нас сёлета з’явілася і яшчэ адна “прыкмета”, – зазначылі гаспадары, паказваючы на штучную буслянку на ствале дрэва перад домам.

Гэта нават не элемент добраўпарадкавання, а своеасаблівы сімвал радавога гнязда. Тут жылі продкі Уладзіміра Валянцінавіча, а старая хата, што захавалася побач, памятае трагічныя старонкі ваеннага ліхалецця. Калі стала вядома, што ў вёску едуць немцы, мясцовыя жыхары пабеглі ў бліжэйшы лес. Яго ж бабуля, якая тады была маладой жанчынай, моцна перажывала, што пакінула ў печы чыгунок з гарачай бульбай і ёй не будзе чым накарміць чатырох сваіх дзетак. Яна вырашыла вярнуцца за ежай, а тым часам па вуліцы ўжо ішлі карнікі і, убачыўшы яе ў акне, расстралялі проста праз шыбу…

“Расказвалі, што ў вайну тут было горача. І зараз ля вясковых могілак акопы можна разгледзець, а гільзы ў дзяцінстве былі нам замест цацак… Памятаю, як падлеткам ехаў за школай на мапедзе, а мяне на ўхабах падкідвае – думаў, можа нехта градкі тут раней садзіў, але старажылы патлумачылі, што там наўпрост нямецкія магілы. А непадалёк ад вёскі былі і французскія курганы яшчэ з 1812-га. Ніводная вайна нашы мясціны не абмінала, шчодра тутэйшая зямля крывёю палітая…”, – зазначае Уладзімір Валянцінавіч.

Сам жа ён вайсковую справу асвойваў у Германіі, а ў 1980-м, калі вяртаўся са службы дадому, на прыпынку ў Сарочыне ўбачыў маладую прыгажуню. Ехалі ў адзін бок: Марыі, якая была родам з Кубліч, прапанавалі ўзнача­ліць Дом культуры ў Дубраўцы. Устаяць перад абаяннем статнага хлопца ў вайсковай форме было немагчыма – у хуткім часе пара згуляла вяселле.

Пазней маладыя пераехалі ў Наваполацк. Прафесію Уладзімір абраў запатрабаваную: стаў вадзіцелем аўтобуса. За ўвесь час на яго рахунку не было ніводнай аварыі і скаргі ад пасажыраў – факт для гэтай сферы лічы што ўнікальны. Вазіў гараджан у бок “Паліміра”, дастаўляў у прыгарад гаспадарлівых дачнікаў. А аднойчы прыйшоў да начальніка парка і прапанаваў ідэю: зрабіць дадатковы рэйс “Наваполацк-Дубраўка”, які адпраўляецца ў вёску вечарам перад выхаднымі, вадзіцель застаецца на начоўку, а ў нядзелю адвозіць людзей у горад. Зручны для пасажыраў варыянт набыў вялікую папулярнасць, а хату Лесіных у той час можна было знайсці па яшчэ адным арыенціры – прыпаркаваным ля яе аўтобусе. “Сярод маіх калег па аўтапарку былі і іншыя ўраджэнцы раёна, таму неўзабаве “маршруты выхаднога дня” пачалі дастаўляць людзей у Жары, на тэлевышку”, – прыгадвае Уладзімір Валянцінавіч. Напружаны рэжым бясконцых рэйсаў згубны нават для тэхнікі. Мужчына жартуе, што за сваю кар’еру “з’ездзіў” тры “ЛіАЗы” і два “Нёманы”. Ну а сам заставаўся ў вадзіцельскім страі аж 37 год.

Слаўны працоўны шлях і за плячыма Марыі Іосіфаўны, якая знайшла сябе ў сферы грамадскага харчавання. Жанчына працавала на адказнай пасадзе загадчыка сталовай будаўнічага трэста і менавіта ад яе залежала зладжаная работа буйной кропкі на 120 пасадачных месцаў. Такім чынам у тым, што Наваполацк спраўна прырастаў новымі будынкамі, ёсць і яе заслуга!

Калі ж надышоў пенсійны ўзрост, сямейная пара адразу перабралася з горада “на прыроду”. Бацькоўскі дом у Ягадках аднаўлялі грунтоўна і з вялікім энтузіязмам. Людзі яны ўмелыя і працавітыя, таму практычна ўсё тут зрабілі ўласнымі рукамі. І зараз вясковая хата пераўтварылася ва ўтульныя апартаменты з усімі сучаснымі выгодамі. Наводзяць парадак і на падворку, займаюцца агародніцтвам. Радуе вока новая лазня, а якія прыгожыя арэлі змайстраваў гаспадар для дзвюх унучак, што часта прыязджаюць у Ягадкі з дачкой і зяцем. Вельмі чакаюць тут і сустрэчы з сынам, які жыве за мяжой. Падтрымліваюць стасункі з роднымі з Кубліч – на малой радзіме засталіся жыць дзве сястры Марыі Іосіфаўны. Ну а мы можам запэўніць, што гасцей тут прымаюць з душой. Самі разумееце: устаяць перад запрашэннем на абед, якое паступіла ад прафесіянала кулінарнай справы, проста нерэальна. І ведаеце, такі смачны гуляш з падлівай апошні раз даводзілася спрабаваць у далёкім савецкім дзяцінстве…

Як усё ж добра, што людзі беражліва захоўваюць радавыя гнёзды і бацькоўскія традыцыі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *