Штогадовы тэхнічны агляд транспарту – не толькі неабходная мера, але і абавязак кожнага аўтаўладальніка. Раз у паўгода – восенню і вясной на тэрыторыі АТП №6 працуе дыягнастычная станцыя па аглядзе транспарту ўсіх форм уласнасці. Калі раней прайсці тэхагляд ва Ушачах можна было на працягу трох тыдняў, то сёлетняй вясной гэты тэрмін павялічаны да чатырох – з 4 па 29 красавіка.
Аўтамабілі дыягнастуюцца пры дапамозе камп’ютарнай тэхнікі, што дазваляе больш якасна і дасканала правесці агляд. Складзены графік праходжання тэхагляду, і арганізацыі прадстаўляюць сваю тэхніку ў вызначаны дзень, а прыватнікі – па папярэднім запісе і чарзе.
Як адзначае інжынер па допуску транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху Віктар Мечыслававіч Вітко, у апошнія гады аўтаўладальнікі сталі лепш рыхтавацца да праходжання тэхагляду. Прыкладна 80 працэнтаў тэхнікі без праблем праходзіць агляд з першага разу, астатнім даецца пэўны тэрмін на ўхіленне няспраўнасцей. Асноўнымі прычынамі, па якіх аўтамабіль не праходзіць агляд, з’яўляюцца перавышэнне шкодных выхлапных газаў, няспраўнасці ў тармазной сістэме і знешні выгляд.
В.М.Вітко таксама адказаў на некаторыя пытанні, якія цікавілі аўтамабілістаў напярэдадні тэхагляду і будуць карысныя іншым.
– Ці можна ўстанавіць на аўтамабіль прычапное ўстройства, калі яно знята з аўтамабіля такой жа маркі, і ці патрэбны дакументы на яго?
– Можна, і дакументы не патрэбны.
– Ці пройдзе аўтамабіль тэхагляд, калі пасажырская дзверка ўнутры салона не мае абшыўкі?
– У пералік кантрольна-дыягнастычных работ пры дзяржтэхаглядзе праверка стану абшыўкі дзвярэй не ўваходзіць.
– Калі памяняць рухавік на “Волзе” з заводскага на рухавік ад “Мерсэдэса” дызельнага, аўтамабіль пройдзе тэхагляд?
– Транспартны сродак не пройдзе тэхагляд, бо згодна п.194.4 Правілаў дарожнага руху забараняецца ўдзел у дарожным руху транспартнага сродку, пераабсталяванага без узгаднення з ДАІ ў парадку, устаноўленым Міністэрствам унутраных спраў.
– Калі на “Фольксвагене-Пасаце В3” стаіць пярэдні бампер ад В4, аўтамабіль пройдзе тэхагляд?
– Калі не змянілася знешняе ўспрыняцце маркі і мадэлі транспартнага сродку, то тэхагляд яно пройдзе.
– Пасля пакупкі аўтамабіля ў які тэрмін неабходна прайсці тэхагляд і ці дзейнічае страхоўка, калі яна аформлена на папярэдняга ўладальніка?
– Транспартны сродак павінен быць прадстаўлены на тэхагляд не пазней 10 дзён пасля яго дзяржаўнай рэгістрацыі. Згодна з арт.129 Палажэння аб страхавой дзейнасці, дагавор абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў распаўсюджваецца на ўсіх асоб, якія маюць права кіравання дадзеным транспартным сродкам.
В.ПОЛАЗАВА.