«Здесь спокойно, по-семейному уютно, отличный выбор процедур». Узнали у туристов, что им понравилось в санатории «Лесные озера»

Общество

Санаторый “Лясныя азёры” зараз не проста запоўнены (дарэчы, гэта тэндэнцыя захоўваецца паўтара года), а на 107 працэнтаў. Пры 215 ложка-месцах у здраўніцы адпачывае 230 чалавек, больш паловы з якіх – расіяне. Давялося нават дадатковыя ложкі падстаўляць, каб не адмаўляць сем’ям турыстаў, сярод якіх ёсць і прадстаўнік Азербайджана. Наогул жа сёлета ў “Лясных азёрах” адпачыла 1348 расіян і 14 прадстаўнікоў Казахстана, Ізраіля, Латвіі, Літвы, Эстоніі і Бельгіі. Мы і цікавіліся ў замежных турыстаў, што ім спадабалася ў здраўніцы.


“У Беларусі, перад тым як спыніцца на “Лясных азёрах”, я была ў трох санаторыях, напрыклад, у вядомым “Прыдняпроўскім”. І вось ужо чацвёрты раз прыязджаем на Ушаччыну, бо тут спадабалася больш за ўсё, – кажа Людміла з Санкт-Пецярбурга. – Па-першае, не ўсюды прымаюць з маленькімі дзецьмі. Па-другое, не спадабаліся мне вялікія здраўніцы. Тут спакойна, па-сямейнаму ўтульна, выдатны выбар працэдур. Ацёкі на нагах у мяне зніклі пасля першага лімфамата – пнеўмакампрэсарны масаж ног. Разам з унучкай заўсёды абавязкова прымаем галатэрапію – дыхаем соллю. Дарэчы, пячора таксама вельмі сучасная. А якое чыстае паветра, ходзім на пляж ці ў басейн. Гэта наш санаторый.

На старонцы водгукаў Яндэкса сярэдняя ацэнка санаторыя “Лясныя азёры” – 4,9 па пяцібальнай сістэме. Яе паставілі 637 наведвальнікаў, лепшыя водгукі (96 працэнтаў) датычацца добраўпарадкавання тэрыторыі, 90 – месцаразмяшчэння (чысціні паветра, азёр), 89 працэнтаў выдатна выказаліся пра персанал здраўніцы і 85 – пра абслугоўванне.

Наталля зноў жа з паўночнай сталіцы Расіі прыязджае ў нашу здраўніцу два разы ў год. Сцвярджае, што менавіта гэтага часу ёй дастаткова, каб не абуджаўся варыкоз. У час наведвання яна абавязкова бярэ сабе абгортванне ног, кажа, што цэннік бюджэтны на ўсе працэдуры.

Аляксандр са Смаленска прыехаў з сям’ёй. У санаторыях Беларусі яны часта, прычым нават на працягу аднаго года. Неасноўны, зімовы адпачынак, праводзілі ў “Лётцах”, а вось на лета – толькі ў “Лясныя азёры” . Заўважыў, што той жа “Акварол” – гідрамасаж шарыкамі – і па часе больш працяглы, і напаўняльнасць лепшая.


Сям’я з Ярас­лаўля, наадварот, трапіла ў нашу здраўніцу ўпершыню. Параілі знаёмыя, з якімі і прыехалі, забраніраваўшы на лета месцы яшчэ ў лютым. “Мы наогул першы раз у Беларусі, і таму рады, што не толькі тут кампаніяй выдатна бавім час, але і ў Мінску пабывалі. У санаторыі прапаноўваецца мноства экскурсій, можна і на канцэрт арганнай музыкі трапіць, і дзяцей на сабаках пакатаць у аграсядзібе ў суседнім раёне.

А закончыць наш сённяшні агляд хацелася б водгукамі з сайта: “Прафесійныя ўрачы, ветлівы персанал, выдатныя мачагонныя крыніцы на тэрыторыі, басейн і хамам – супер. Былі ў маі мінулага года, прыехалі ў гэтую ж пару сёлета і хочам вярнуцца зімой”.

Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *