«Мы и детьми были взрослыми» — Мария Агидулина из агрогородка Глыбочка вспоминает о нелегких временах

Общество

«Зараз і адзінаццацікласнікі – дзеці, а мы з чацвёртага, а то і раней былі дарослымі. Хлопчыкі стагавалі сена, дзяўчаты зграбалі, палолі, па доме ўсю работу рабілі, пакуль маці ў калгасе. Нас чацвёра ў яе засталося, дапамогі ад дзяржавы ніякай не атрымлівалі, паколькі бацька прапаў без вестак. А падаткі – яйкі, масла, іншыя прадукты – трэба было здаваць. Тата, калі перад вайной у армію ішоў, сказаў маці: хто б ні нарадзіўся, кармільцам табе будзе. Так і атрымалася. Прамытай вады не бачылі, так у нас казалі пра час, без перадыху заняты работай», – Марыя Васільеўна Агідуліна з аграгарадка Глыбачка ўспамінае зусім не салодкія часы, а яе твар усё роўна свеціцца. Хоць і нарадзілася ў маі, шмат пераязджала і вельмі многа працавала, маркотным сваё жыццё не лічыць.

Мы і дзецьмі былі дарослымі

Сем’і чырвонаармейцаў немцы звычайна не чапалі, але яе маці двойчы вісела на валаску – за сувязь з партызанамі. Пякла хлеб, адвозіла ў лес, ехаўшы быццам бы па дровы, там атрымлівала чарговую партыю мукі. А аднойчы ўзяла з сабой суседку, якая прагаварылася. Ледзь “адбілася”, спасылаючыся на тое, адкуль у яе мука, самой чацвярых карміць няма чым. Другі раз дзядок абараніў, сказаў, што нагаворваюць на яе. Тым не менш дом, які перад вайной узвялі з дапамогай дзеда-ўмельца, немцы спалілі разам з паловай вёскі. Брат паспеў разбіць акно і выцягнуць з люлькі малую Марыйку. І жылі яны потым у зямлянцы, вырытай у крутым ірве. Пасля вайны маці і браты на карове вывозілі выдзелены на хату лес, ды і той сабе забраў брыгадзір. Маленькі домік усё ж пабудавалі.

Пасля сямі класаў Марыйка пайшла даяркай. Сама малая, і самую складаную групу першацёлак атрымала. Кармы тады грузілі і раздавалі таксама даяркі, да ракі на вадапой узімку ганялі, а ўлетку статкі круглы дзень на полі. Даілі пад дажджом, аднойчы трактар забуксаваў, дадому не давёз, папрасіліся пераначаваць у адной з хат, а раніцай мокрыя з падлогі ўсталі і зноў на дойку. Але калі ў канцы года матулі выдалі за працадні палову меха зерня, то яна горда везла свой заробак на калёсах. “Тады мы зажылі! І падаткі ўсе выплацілі, на лепшы дом збіраць пачалі”, – прыгадвае Марыя Васільеўна.

Працаваць усюды трэба

Але прадаўшы ўсё, паехалі з маці да брата на Цаліну. Ён працаваў начальнікам будаўнічага ўпраўлення, меў двухпакаёвую кватэру, і хоць у сям’і было ўжо двое дзяцей, выдзелілі спальныя месцы на кухні і ім. Калі з палёў звозілі зерне, атрымліваліся вялікія сцірты, як у нас з сенам, і адным з яе першых аб’ектаў быў элеватар. Калі яго здавалі – пір устроілі, піва ў дубовых бочках падвезлі. А пазней Марыя ўжо адна пераязджае з Кустанайскай вобласці да сястры ў Паўладарскую. Таксама на будоўлю, тынкоўшчыкам-маляром. “Наша лялька зноў на акне сядзіць”, – жартавалі знаёмыя, бачачы на новабудоўлях маладзенькую дзяўчыну з даўгімі косамі. Валасы тады мылі шчолакам– настоеным і працэджаным попелам, таму кучары мела зайздросныя. Але хутка прыгажуня зрэжа іх і ў клуб пойдзе ўжо з моднай стрыжкай.

«У нас з мужам – каханне з першага позірку, – гаворыць Марыя Васільеўна, прыгадваючы знаёмства. – Мне адразу прыглянуўся юнак у касцюме і белай кашулі. Перад танцамі спачатку сход быў, на якім майго Місхата Агідуліна, камбайнёра-перадавіка, узнагародзілі дыпломам, медалём і штанамі. А потым ён запрасіў мяне на танец і больш нікому не дазволіў падысці, толькі пальцам памахае – іншыя прэтэндэнты і адступаюць. З таго дня бачыліся часта, а праз 5 месяцаў ажаніліся. Перад вяселлем яму выдзелілі дом, у які з інтэрната перавёз ложак, кружку і лыжку. Атрымаўшы аванс, замянілі пажыткі на ўласныя. І як зажылі. Дзве каровы, бык-пярэзімак, цяляты, парсюкі, куры, качкі».

Гарадская даярка

Фразу “ну і зажылі” Марыя Васільеўна вымаўляе з асаблівым смакам. Быццам ні працавалі, не разгібаючыся, а купаліся ў раскошы на нечаканую спадчыну. Але для іх, дзяцей вайны, не галадаць, мець гаспадарку і азначала зажыць. Так і зажываліся дзесяць гадоў. А потым сястра пераехала ў Глыбачку: перадавая гаспадарка, возера, бярозавы гай… спадабалася ўсё. І яны, прадаўшы гаспадарку, рушылі ўслед. Ім выдзелілі кватэру, муж уладкаваўся трактарыстам, а будаўніку Марыі Васільеўне прапанавалі “пасаду” даяркі.

“Ніколі не думала, што вярнуся на гэты хлеб, якога наелася з дзяцінства. Ды і не прынялі мяне мясцовыя адразу. Я ж з выгляду – гарадская, вось і казалі, што ніколі такая кароў даіць не будзе, нічога ў яе не атрымаецца. А група, што мне перадалі, з 1200 кілаграмаў дала 4700. Я адразу перадавой стала, як заўсёды, дзе б ні працавала. І шчыльнасць добрая, яе абавязкова правяралі, як тлустасць і чысціню. Гэта яшчэ больш раззлавала напарніц. Прыходжу, апараты разабраны, цадзілкі выкінуты – здымала газавую хустку і працэджвала. Плакала, збіраючыся ў тры гадзіны раніцы на працу. А аднойчы бруду ў мае бітоны накідалі. Гэта і стала апошняй кропляй… Кіраўніцтва саўгаса за мяне ўступілася”, – распавядае жанчына.

Неаднаразовы пераможца сацыялістычнага спаборніцтва, уладальнік ордэна Працоўнай Славы, бяззменны дэпутат раённага Савета дэпутатаў. Зразумела, што для ўраджэнкі Браншчыны, якая не мела на Ушаччыне ніякіх каранёў, гэта ўсё – выключна бязмерная адданасць сваёй справе. Марыя Васільеўна атрымлівала лепшыя надоі па раёне, не гаворачы пра саўгас, хоць кароў не выбірала. Ці жрэбій цягнулі, а колькі разоў брала тых, што заставаліся. І любая цялушка станавіліся годнай каровай, паколькі падкормлівала, песціла, не забывалася палашчыць і вымя памасажыраваць. Прыгадвае, як дырэктар, шкадуючы даярак, аднойчы прапанаваў даіць два разы на дзень. Дык самі адмовіліся, малако ж гублялася. Сваіх рэкардсменак М.Агідуліна і сёння памятае па мянушках. А вось уласную гаспадарку ўжо не трымае. Калі ж пераехалі ў “Глыбачаны”, угаворвала мужа набыць кароўку, ён адмаўляўся, бо не ўмеў касіць. “Я ўмею”,– рашуча сказала Марыя. У Беларусі трымаць жывёлу аказалася намнога цяжэй, у Казахстане гатовае сена выдзялялі ў цюках, аднак усё роўна завялі тры каровы, атару авечак, па тры парсюкі на год, а аднойчы нават 60 качак. Дапамагала маці, якая ўвесь час з імі. На Ушаччыне нарадзілася трэцяе дзіця, у той жа час Агідуліны забралі да сябе і пляменніка-немаўля. Гадавалі і яго да восьмага класа. Пра кожнага з родных жанчына гаворыць не проста з цеплынёй, а адэкватна ацэньваючы здольнасці. І ганарыцца асноўным – ніхто не баіцца працы.

Хоць зараз у Марыі Васільеўны на кожным кроку кіёчкі, а ўзімку ледзь адолела каранавірус, яна ўсё роўна трымае агарод, кветнік. Кажа, таму што зарадку кожным ранкам робіць. І, як і раней, наведваецца на возера. Некалі не пускала адных унукаў, так і навучылася ўжо на пенсіі рыбу вудзіць. Шмат майструе, кожнаму з пецярых унукаў і праўнуку падарыла іконы з алмазнай вышыўкай. А яшчэ яна на дзіва цікавая субяседніца, фармат газеты, на жаль, не ўмясціў і паловы жыццёвых гісторый Марыі Агідулінай.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *