Красота каждого цветка завораживает. Екатерина Дубровина из деревни Граденец делится секретами по выращиванию петунии

Общество

Ну якая гаспадыня можа прайсці спакойна міма петуній? Упэўнена, што такіх нямнога. Адны не могуць утрымацца і купляюць насенне, другія набываюць гатовую расаду. І нават тыя, у каго няма ўласных клумбаў, захапляюцца гэтай кветкай, бачачы яе ў іншых. Асаблівая любоў да петуній і ў Кацярыны Дубровінай з Градзянца, яе сядзіба зараз патанае ў квецені. Але каб радавацца вось такой прыгажосці, канечне, зусім недастаткова проста пасадзіць насенне ў зямлю.

Вырошчванне гэтай расліны для маладой жанчыны стала сапраўдным захапленнем 4 гады таму. Жаданне стварыць прыгажосць у спалучэнні з ведамі (а Кацярына аграном па спецыяльнасці) далі шыкоўны эфект. Каб усё лета петунія радавала сваімі фарбамі, пачынаць працаваць з ёй трэба ўжо зімой. «Каб у маі атрымаць першыя кветкі, сею ў студзені петунію ў кантэйнеры і стаўлю ў цёплае месца. Да слова, аддаю перавагу менавіта галандскім сартам. Ад моманту ўсходаў да цвіцення патрэбна 3 месяцы, – расказвае Кацярына. – Адразу адзначу, што без дадатковай падсветкі ў гэты час не вырасце добрай петуніі, а таму абавязкова над расадай уключаю лямпы. Грунт выкарыстоўваю гатовы на аснове торфу. Зямля з агарода – не варыянт, яна цяжкая для гэтай кветкі і хутчэй за ўсё расада захварэе. Пікірую, калі з’яўляецца 3-4 лісцікі, на гэтым этапе петуніі камфортна пры тэмпературы 16-20 градусаў. Па меры росту трэба акуратна перасаджваць у большую тару. А пасля з’яўлення 5-6 ліста пачынаю перыядычна падкормліваць. Не забудзьце прышчапіць расаду перад цвіценнем. Калі надыходзіць час высадкі петуній на вуліцу, важна правільна падабраць для іх вазоны, кашпо. Чым больш – тым лепш, у малым аб’ёме кветка не раскрые ўвесь свой патэнцыял. Самы мінімальны – 3,5 літра, а, напрыклад, сарты «Шок вейв ред», «Ізі вейв» саджу у 35-літровыя і да восені ён будзе ўвесь заняты каранямі. І яшчэ адно залатое правіла: адна петунія – адно кашпо, бо яны будуць канкурыраваць паміж сабой за месца і ў выніку не дадуць эфекту. Гэтым летам у мяне цвіце каля 20 відаў».

Калі вы купілі гатовую расаду, Кацярына раіць адразу перасадзіць яе ў большы вазон, на дне якога абавязкова павінны быць адтуліны і дрэнаж. Праз тыдзень можна падкарміць петунію любым комплексным угнаеннем. Дарэчы, кветка вельмі ўдзячна за гэта, таму на працягу ўсяго лета паўтарайце працэдуру раз у 10 дзён, а ў надта спякотнае надвор’е і таго часцей. Абавязкова абразайце кветкі, якія адцвілі, насенныя каробачкі адбіраюць сілу ў расліны. Зусім нялішнія амалоджваючыя стрыжкі (за выключэннем ампельных гатункаў). Не трэба шкадаваць пры гэтым кветак і бутонаў – праз тыдзень петунія парадуе вас яшчэ больш прыгожымі. Можна пасадзіць яе і ў адкрыты грунт, але ўлічыўшы некалькі момантаў: даць прастору у 50 сантыметраў з усіх бакоў, на клумбе павінна быць паўцень, не спадабаецца кветцы і дужа вільготнае месца. У цяперашні час, калі пачынаюцца начныя туманы, каб абараніць кветкі ад хвароб, Кацярына апрацоўвае іх фітаспарынам.

Як бачым, каб вока радавала вось такая прыгажосць, трэба прыкласці шмат намаганняў. «Ваджуся з петуніямі, як з дзецьмі!» – усміхаецца маладая мама ў дэкрэтным водпуску. Любіць яна і іншыя кветкі – алісум, гваздзікі, астры, лабелію. Паспявае ўдзяліць час і агародным справам – сям’я ўжо ва ўсю нарыхтоўвае і ўжывае перцы, баклажаны, агуркі, таматы. Усё можна вырасціць на сваім участку, галоўнае – жаданне працаваць.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *