В лесах области наблюдается увеличение количества медведей. Что делать при встрече с диким животным?

Общество

У лясах вобласці назіраецца павелічэнне колькасці мядзведзяў. Па ацэнках спецыялістаў Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, іх каля тысячы. А ў цэлым па краіне за апошнія 20 гадоў касалапых стала ўтрая больш. І толькі ў мультфільмах мішка бяскрыўдны, на самой справе для людзей ён уяўляе пагрозу. Што рабіць, калі сутрэлі гэтага звера ў лесе?

Як адзначае інжынер па паляўнічай гаспадарцы Ушацкага лясгаса Андрэй Мікалаевіч Скарабагаты, у месцах верагоднай сустрэчы з мядзведзем варта рухацца досыць шумна, бо звяры звычайна баяцца людзей і імкнуцца схавацца. Непажадана наведваць лес з сабакамі: яны могуць справакаваць напад. Калі да вас выйшаў касалапы, хутчэй за ўсё ён пераблытаў чалавека з жывёлай ці паблізу знаходзяцца медзведзяняты або раней схаваная ежа. Калі ён глядзіць на чалавека скоса і толькі зрэдку кідае прамыя погляды – гэта галоўная прыкмета “добрага настрою”. Бытуе меркаванне, што калі мядзведзь стаў на заднія лапы, значыць, ён рыхтуецца да атакі. Гэта не так – ён прымае такую позу, каб аглядзецца наўкол. Чалавеку пры гэтым трэба стаяць, быць спакойным. Не бяжыце – уцячы ад бурага ўсё роўна не атрымаецца, ён здольны рухацца з хуткасцю 70 кіламетраў у гадзіну! Адыходзіць ад жывёлы – без рэзкіх рухаў, крокам – варта толькі тады, калі ён не глядзіць. Нельга паварочвацца да звера спіной. Толькі на адлегласці 10-15 метраў можна павярнуцца бокам. Калі драпежнік пачынае праследаваць, варта спыніцца і не схадзіць з месца. Дапушчальна кінуць у лапы зверу нейкую рэч, напрыклад, ранец ці пакет. Пакуль той будзе вывучаць незвычайны прадмет, вы зможаце рэціравацца. Адпудзіць мядзведзя крык ці моцны шум, напрыклад, стук аб ствол дрэва. Ноччу можна накіраваць яму ў вочы святло ліхтарыка.

Калі дарослы мядзведзь настроены агрэсіўна, ён можа прыціскаць да галавы вушы, быць згорбленым, маўчаць. Пры такіх прыкметах высокая верагоднасць нападзення. Чалавеку варта прыкінуцца мёртвым: легчы на жывот, рукі сціснуць у замку на патыліцы. Каб мядзведзь не змог вас перавярнуць, ногі лепш развесці. Лежачы на зямлі, варта маўчаць і не варушыцца. Верагодней за ўсё, звер не праявіць агрэсіі да “мёртвага” і сыдзе. Калі ўсё ж давядзецца абараняцца, падыдзе ўсё, што трапіцца пад руку: палка, бруд, камяні. Іх можна кінуць у вочы драпежніка ці ўдарыць імі па мордзе – самым слабым месцы. Пры гэтым трэба дзейнічаць хутка і агрэсіўна. Каб стрымаць мядзведзя, можна выкарыстоўваць аэразоль, любыя рэпеленты, сыпануць у вочы пяском.

І яшчэ адзін важны момант: калі ў лесе сустрэлася маленькае медзведзяня, гладзіць яго ні ў якім разе не трэба. Дарослы звер можа расцаніць гэта як пагрозу для нашчадкаў.

Збіраючыся ў лес, памятайце – гэта дом для жывёл, і паводзіць сябе там трэба вельмі асцярожна.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *