Руководство района провело встречу в трудовом коллективе филиала «Ушачский» ЗАО «Витебскагропродукт»

Общество

Філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” адносіцца да ліку моцных і развітых прамысловых прадпрыемстваў раёна. На працягу многіх гадоў у Старым Сяле Жарскага сельсавета займаюцца перапрацоўкай адходаў жывёльнага паходжання і вытворчасцю кармавога бялкова-тлушчавага абагачальніка. Зараз на прадпрыемстве працуе больш 80 чалавек. На бягучым тыдні менавіта з гэтым працоўным калектывам сустрэлася намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч.

Размова ішла пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна. На Ушаччыне пражывае крыху больш за 12 тысяч чалавек. Нягледзячы на невялікую колькасць насельніцтва, раён развіваецца. Напрыклад, сёлета ўведзены ў строй сучасны школьны стадыён, пераўвасобіўся гарадскі пляж, працягваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі цэнтральнай раённай бальніцы. Усе прыкмецілі, як пераўвасобіўся яе знешні выгляд, у цяперашні час работы прадаўжаюцца на тэрыторыі каля прыёмнага пакою. Ну а па аснашчанасці медыцынскім абсталяваннем наша ўстанова не саступае нават гарадскім паліклінікам вобласці. Не менш важны момант для многіх – жыллё. Сёлета будзе здадзены ў эксплуатацыю яшчэ адзін 40-кватэрны дом на Віцебскай, у ім прадугледжаны арэндныя кватэры, жыллё для мнагадзетных сямей.

Не губляе актуальнасці каранавірусная тэма. У верасні чакаецца новая хваля. Медыкі не даюць прагнозаў, якой яна будзе, аднак дакладна вядома, што не захва­рэць ці лёгка перанесці хваробу дапаможа толькі прышчэпка. На цяперашні момант у раёне прывіта больш за 70 працэнтаў насельніцтва, можна казаць, што калектыўны імунітэт практычна сфарміраваны. Аднак кожнаму трэба паклапаціцца пра сваё здароў’е – пасля кансультацыі з урачом-тэрапеўтам прышчапіцца ўпершыню ці ўжо прайсці рэвакцынацыю.

Закранулі на сустрэчы і прафсаюзную тэму. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка падкрэсліла, што адным з асноўных накірункаў дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі з’яўляецца прававая абарона і юрыдычная дапамога работнікам. Так, кожны месяц праводзяцца бясплатныя прыёмы прававымі інспектарамі ФПБ, аказваецца кансультацыя па юрыдычных пытаннях. Летась, напрыклад, па выніках такой работы працаўнікам вернута незаконна ўтрыманых сродкаў на агульную суму каля 4 тысяч рублёў – гэта няправільнае налічэнне адпускных, выплат пры звальненні. На льготных умовах можна атрымаць пуцёўку ў санаторыі, якія ўваходзяць у структуру Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, іх 12, у тым ліку і нашы “Лясныя азёры”. Дарэчы, у філіяле створана прафсаюзная пярвічка, аднак пакуль не ўсе працаўнікі калектыву сталі яе членамі. Таму і заклікала Марыя Аляксееўна папоўніць рады аб’яднання.

Падчас сустрэчы прысутныя мелі магчымасць задаць хвалюючыя пытанні кіраўніцтву раёна. Адно з іх – распаўсюджванне баршчэўніку – вялікая праблема для ўсяго раёна. Хімічнай апрацоўкай расліны ў гэтым годзе займаюцца прадстаўнікі таварыства “Прамхімабарона”, на сваіх тэрыторыях змагаюцца з агрэсарам сельгаспрадпрыемствы, лясгас, раён электрычных сетак, дарожныя службы. Узнялі прадстаўнікі філіяла і дарожную праблему, у прыватнасці, не задавальняюць графікі і якасць грэйдзіравання гравіек на пад’ездах да Старога Сяла. Зварот перададзены на рэагаванне ў ДРБУ-105. Адказала Алена Васільеўна таксама і на некалькі асабістых пытанняў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *