Многія ўшачане калі яшчэ не паспелі адпачыць на пляжы Вечалля, то яго абнаўленне, канечне, прыкмецілі. Маштабная работа па добраўпарадкаванні вялася не адзін месяц, а ў суботу ў рамках фестывалю “ExtremeПрарыў” прайшоў урачысты момант адкрыцця месца адпачынку.
У мінулым годзе кіраўніцтва раёна прыняло рашэнне абсталяваць і абнавіць пляж. Работы распачаліся яшчэ восенню з выдалення кустоў і трыснягу ўздоўж берага, каб павялічыць зону купання і адпачынку. Вясной па ўчастку прайшліся дыскамі – гэтую справу выканала ААТ “Дземенец”, а ў пачатку лета на пляжы адбылося два раённых суботнікі па ўборцы каранёў і падсеву травы. Дадаткова завезены пясок, пашырана аўтамабільная стаянка, з’явілася валейбольная пляцоўка. Нядаўна завершаны работы па падключэнні электрычнасці, цяпер аб’ект можа асвятляцца, а Ушацкі філіял максімальна разгарнуць работу гандлёвай кропкі – як жа на пляжы без марожанага і прахаладжальных напіткаў!
Нямала клопатаў лягло на УП ЖКГ, якое з’яўляецца гаспадаром аб’екта: на тэрыторыі ўжо размясціліся лавачкі, альтанкі, сметніцы, зроблены раздзявальні. Акрамя гэтага закуплены шэзлонгі, а на перспектыву разглядаецца пытанне набыцця катамаранаў.
– Сучаснага і камфортнага пляжа, безумоўна, не хапала ўшачанам. Упэўнены, што ён стане любімым месцам сямейнага адпачынку. Выказваю словы ўдзячнасці ўсім жыхарам і арганізацыям раёна, якія прынялі ўдзел у суботніках па добраўпарадкаванні пляжнай зоны, унеслі свой пасільны ўклад у добрую справу, – адзначыў падчас адкрыцця старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі (на здымку), які пытанні пераўвасаблення пляжа трымаў на пастаянным кантролі.
Сяргей Сяргеевіч разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч перарэзаў сімвалічную стужку, пасля чаго моладзь пусціла па хвалях Вечалля прыгожыя вянкі з кветак.
Вялікая і патрэбная справа зроблена, але на гэтым добраўпарадкаванне месца адпачынку не заканчваецца. Паступова пляж будзе “прырастаць” новымі элементамі, удасканальвацца. Напрыклад, падчас апытання ў нашых сацыяльных сетках ушачане выказваліся, што на пляжы не хапае дзіцячых пляцовак, трэба больш альтанак ці іншых форм, якія ствараюць цень. Усё гэта ёсць у планах. Вельмі хочацца, каб і грамадзяне цанілі і беражліва ставіліся да таго, што для іх ствараецца.
Вольга КАМАРКОВА.