Чарга на паслугі гэтага спецыяліста ствараецца мінімум на тыдзень наперад. І гэта пры тым, што з пачатку вясны працуе ён без выхадных. Дазволіў сабе толькі адзін дзень для адпачынку – на Радаўніцу. Увесь астатні час дапамагае пенсіянерам, людзям з інваліднасцю спраўляцца з рознымі гаспадарчымі клопатамі.
У ТЦСАН Ушацкага раёна Ф.І.Хацкевіч працуе ўжо пяць гадоў, аказвае насельніцтву платныя разавыя сацыяльныя паслугі, сярод якіх – узворванне глебы, абкос травы, колка дроў і іншыя. Заўсёды пад рукой – матаблок і касілка, плуг і сякера. Разлічваць на візіт гэтага сацработніка могуць толькі жыхары гарпасёлка з названай вышэй катэгорыі.
– Пакуль аграрныя клопаты адышлі на другі план. Цяпер на парадку дня – абкос травы, – расказвае Фёдар Іванавіч. – Першая заяўка на паслугу сёлета выканана адносна позна – 27 мая, аднак за гэты час за трымерам правёў амаль 100 гадзін! Спякотнае ці сырое надвор’е не спыняюць. Як паказвае практыка, у такім рэжыме буду заняты да канца лістапада.
Як нам расказалі ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на доме ТЦСАН, кошт гэтай запатрабаванай ва ўшачан паслугі залежыць найперш ад часу работы спецыяліста. Пры пакіданні заяўкі чалавеку называецца прыблізная сума.
– Мала хто па тэлефоне называе канкрэтную плошчу, якую трэба абкасіць. Звычайная характарыстыка – “у мяне зусім крыху”, – усміхаецца Фёдар Іванавіч. – А ўжо па прыездзе на месца часам бачу і тэрыторыю амаль з гектар, і траву пад два метры вышынёй… У такім разе папярэджваю, што за гадзіну-паўтары дакладна не спраўлюся – і многія адносяцца з разуменнем. Хаця здараюцца, канечне, розныя сітуацыі. Прывык я і да кантролю – некаторыя грамадзяне выносяць на вуліцу стульчык і ўвесь час, пакуль працую, сядзяць з гадзіннікам у руках. Бывала, што пачыналі сварыцца з-за 7-10 хвілін, якія пайшлі на запраўку паліва і лёскі, маўляў, у гэты час касьбой не займаўся. Даводзілася тлумачыць, што гэта неад’емная частка рабочага працэсу.
Ёсць, па словах сацработніка, і супрацьлеглая катэгорыя кліентаў. На затрачаны час яны ўвогуле не звяртаюць увагі, галоўнае для іх – якасць выкананых работ. Бывае, тэрыторыя зусім невялікая, аднак насаджэнняў на ёй – розных кусцікаў, кветак – мноства, што сур’ёзна ўскладняе працэс абкосу. І добра, калі патрэбная гаспадарам расліннасць абазначана калкамі – нярэдка ж даводзіцца акуратна “манеўраваць” без іх.
Да такіх акалічнасцяў Ф.І.Хацкевіч адносіцца з разуменнем. Чалавек ён не канфліктны – прафесійная дзейнасць заўсёды была звязана з людзьмі. Перад тым як прыйшоў у ТЦСАН, працаваў на аўталаўцы, чвэрць стагоддзя – у газавай службе.
Нямала сяброў знайшоў і на новым месцы. Большасць карыстальнікаў яго паслуг – пастаянныя. Ведае іх не толькі па імені, месцы жыхарства – трымае ў памяці нават аб’ём патрэбных работ на ўчастках.
Сапраўднай палачкай-выручалачкай называюць Фёдара Іванавіча і ў калектыве. Калі штосьці з тэхнікі ці абсталявання, якімі карыстаецца, выходзіць са строю, патрабуе дапрацоўкі, спраўляецца з гэтым уласнымі сіламі. На яго абслугоўванні – і адміністрацыйны будынак ТЦСАН у Градзянцы. Дапамагчы калегам палатку для ўдзелу ў раённым свяце выставіць? Не праблема! Паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі па раздачы пітной вады? З радасцю!
– Сярод дзяўчат, з якімі працую, маладзею, – прызнаецца Ф.І.Хацкевіч. – Дапамагае забыцца пра ўзрост (а мог бы ўжо выйсці на заслужаны адпачынак) і занятак на карысць землякоў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.