Пытанняў падчас “прамой лініі”, якая датычылася работы жыллёва-камунальнай службы, паступіла дастаткова, хоць і не так многа, як летась. Пераважна ўсе ўзнятыя праблемы былі вядомыя і начальніку жыллёва-камунальнай службы райвыканкама С.П.Дымману, і дырэктару УП ЖКГ С.Л.Шульцу. А паколькі прыйшоў кіраўнік камунгаса з вядучымі спецыялістамі арганізацыі, то адказы нашы чытачы атрымлівалі канкрэтныя.
Напрыклад, ветэран вайны С.П.Ляйчонак пераканаўся, што рамонт даху дома №8 па вуліцы Цэнтральнай аграгарадка Ільюшына запланаваны на красавік. Водаправод па вуліцы Чапаева гарпасёлка – на май-чэрвень. Аказваецца, хоць гэта і платныя работы – водаканал не ў стане адразу задаволіць усе заяўкі: існуе чарга. Ужо высвятляўся і карацейшы шлях падачы вады да дома В.А. Ануй. Т.М.Азаронак паабяцалі, што пасля запланаванага рамонту дарогі па вуліцы Партызанскай пясок не будзе трапляць у яе агарод.
Жыхары шматпавярховых дамоў аграгарадка Вяркуды скардзіліся на пахі ў падвалах, прасілі замяніць вокны ў пад’ездах. І атрымалі абяцанне, што вонкавыя рамы будуць заменены, а ў падвале праведзена дэзінфекцыя.
Жыхароў першага пад’езда дома № 2 па вуліцы Ленінскай не задавальняе ацяпленне і падагрэў вады. Жанчынам растлумачылі, што па іх пад’ездзе наогул правядуць рэвізію сістэмы, будуць заменены трубы, помпа, уцеплены тарцовыя сцены, таму сітуацыя як з вадой, так і з ацяпленнем павінна змяніцца да лепшага. Прапанавалі наогул часова адмовіцца ад гарачай вады, каб не пераплачваць, бо ў адной з кватэр не ўстаноўлены лічыльнікі (кошт за ваду вышэй у 3 разы) і ёсць воданагравальнік.
У голасе З.Л.Бурнейка гучала занепакоенасць: “Я з трывогай чакаю лета, бо ў час паліву агародаў у нас на верхніх паверхах па вуліцы Віцебскай няма вады”.
– Вада будзе, – упэўнена адказаў дырэктар камунгаса. – Паколькі пастаўлены новыя помпы, уведзена ў эксплуатацыю рэзервовая воданапорная вежа, а вада з усіх трох будзе закальцавана ў адзіную сетку.
В.І.Дунік з Маладзёжнай дзякавала камунальнікам за праведзеную ваду, а таксама цікавілася, ці будзе асфальтавацца далей вуліца Камсамольская (ад скрыжавання Ленінскай да рэчкі). На жаль, жанчына атрымала адмоўны адказ, дарога будзе толькі падсыпацца і грэйдзіравацца. Таксама няма ў блізкіх планах і асфальтавання тратуараў па Ленінскай (пытанні паступалі ў рэдакцыю і падчас “прамой лініі”, і раней). Сёлета плануецца заасфальтаваць тратуары па вуліцы Ленінскай толькі ад Камсамольскай да танцпляцоўкі.
Зразумела жаданне жыхароў бачыць свае вуліцы, дамы, пад’езды зручнымі і прыгожымі. На жаль, усё ўпіраецца ў сродкі, якіх не хапае, каб выканаць усе заяўкі. Тым не менш, становішча выпраўляецца, набываюць асфальтавае ўбранне новыя вуліцы, намнога чысцей стала вада, па меры неабходнасці вядзецца рамонт жылля.
В.КАРАЛЕНКА.