На полях Ушачского района идут полным ходом работы по заготовке кормов

Сельское хозяйство

Сонечны чэрвень налівае расліны сокам і прымушае аграрыяў прачынацца на досвітку: у разгары адна з самых адказных сельскагаспадарчых кампаній – касавіца. Ва ўсю шчыруюць на зялёных нівах работнікі ўшацкіх сельгаспрадпрыемстваў. Так, у “Ільюшынскім” ужо скошана больш 60 працэнтаў траў першага ўкосу, экватар адпаведнага задання перасягнулі “Сафійскія дары”, а ў сярэднім па раёне гэты паказчык на ўчарашнюю раніцу складаў 45,3 працэнта. У нарыхтоўцы сенажу сярод лідараў “Агра-Селішча”, дзе дасягнулі трэці запланаваных аб’ёмаў. У гэтай гаспадарцы і лепшая лічба па тонах кармавых адзінак, якіх нарыхтавана 18 працэнтаў да задання.

І.Долгі, Л.Грыневіч, У.Навакач.

Старанна ўзяліся за справу і дземянецкія аграрыі. Каб кармы не страцілі пажыўных якасцяў, занятыя на трамбоўцы сянажных траншэй механізатары працуюць круглыя суткі. Цяжар начных змен узяў на сябе Аляксандр Атрашкевіч, якога днём падмяняе на гэтым працэсе Артур Ігнатовіч – камунгасавец, што ў час касавіцы прыйшоў на дапамогу сельгаспрадпрыемству.

І калі трамбоўка – фінальны этап “зялёнага канвеера”, то яго ключавым агрэгатам можна назваць кормаўборчны камбайн, у кабіне якога мы зноў убачылі нязменнага Леаніда Грыневіча. Каля двух тыдняў ветэран вытворчасці старанна наладжваў ужо зусім немалады КВК-800, але ў патрэбны час давёў машыну да толку і вывеў на палеткі. І калі на мінулым тыдні мы сустрэлі корманарыхтоўчае звяно непадалёк ад Арэхаўна на падкошванні насеннікаў канюшыны, работнік сельгаспрадпрыемства Уладзімір Навакач і памагаты з лясгаса Іван Долгі ледзь паспявалі адвозіць ад шпаркага камбайна зялёную масу.

“Касавіца – мая стыхія! 12-ты сезон за штурвалам гэтай машыны. Гады, канечне, не дадаюць сіл, але як не падтрымаць прадпрыемства ў такі складаны час”, – лаканічна зазначае Л.Грыневіч, літаральна на хвіліну прыпыніўшы КВК.

І сапраўды гэты сезон для гаспадаркі, што знаходзіцца на парозе рэарганізацыі, складаецца няпроста, з вялікімі праблемамі сутыкнуліся ў працэсе падрыхтоўкі тэхнікі, набыцця запчастак, але ж уборку траў ніхто не адмяняў. На выхадных ужо заклалі першыя 600 тон сенажу ў траншэю ля Сарочына і зараз распачалі другую ў Загор’і. “Шмат нашых травяных палеткаў размешчана ўздоўж аўтатрас, што накладае яшчэ большую адказнасць, – зазначае брыгадзір Аляксандр Яловік. – Што датычыцца травастою, то нават на суседніх участках ён розны, але мы робім усё, што ад нас залежыць, каб дастойна правесці гэты адказны этап”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *