Депутаты Новополоцкого городского Совета депутатов посетили Ушачский район и ознакомились с достопримечательностями

Общество

Існуе стэрэатып, што дзіўныя відовішчы і незабыўныя ўражанні абяцаюць нам толькі далёкія замежныя падарожжы. Але апошнім часам беларусы пачалі актыўна адкрываць турыстычныя таямніцы і на сваёй радзіме. Аказваецца, што нават паездка ў суседні раён можа ўзбагаціць новымі ведамі і моцнымі ўражаннямі. У мінулую пятніцу ў гэтым упэўніліся дэпутаты Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў, якія пабывалі на Ушаччыне.

На экскурсіі ў спарткомплексе «Юнацтва-Ушачы».

Адным з ініцыятараў паездкі стаў старшыня гарсавета Алег Генадзьевіч Буевіч, які ведае наш раён з даўніх часоў. “Памятаю, як упершыню пабываў ва Ушачах праездам у далёкім 84-м. Тады пасёлак падаўся вельмі правінцыяльным, і як жа неверагодна змяніўся ён зараз!” – не шкадаваў кампліментаў кіраўнік дэлегацыі. Надоўга затрымаліся навапалачане ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка – што і нядзіўна, бо ў Вялікую Айчынную лёсы нашых рэгіёнаў моцна перапляліся: дастаткова прыгадаць легендарную аперацыю “Зорачка” па выратаванні ўшацкімі партызанамі малышоў з полацкага дзетдома. А з нашым “Прарывам” у некаторых дэпутатаў увогуле звязаны асабістыя сямейныя гісторыі. Так, на адной з тутэйшых пліт пазначана прозвішча Міхаіла Іванавіча Сцепаненкі – дзядулі А.Буевіча. “Па гэтых узгорках у маі 44-га 14-гадовай дзяўчынкай бегла пад шквалам агню з малым пляменнікам на руках мая бабуля Кацярына Кліменціёнак, а мама Ніна Ганчар была ўдзельніцай урачыстага адкрыцця комплексу ў 1974-м”, – распавяла нам дэпутат Святлана Валочнік. І канечне, яны, як і іншыя госці, з асаблівым імпэтам усклалі кветкі да мемарыяльных пліт.

Адной з самых старажытных славутасцяў нашага раёна з’яўляецца храм святой вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы. Яго настаяцель айцец Вячаслаў Лобец правёў невялікую службу і акрапіў прысутных святой вадой. Гасцям распавялі гісторыю храма і мястэчка, дзе ён быў пабудаваны. Цікава, што менавіта з Арэхаўнам быў звязаны падарунак, які паднеслі навапалачане ўшацкім калегам: на карціне, напісанай адным з удзельнікаў творчага праекта “Палітра Прыдзвіння”, адлюстравана славутая сядзіба паноў Грабніцкіх. У сваю чаргу старшыня Ушацкага райсавета Наталля Мікалаеўна Марковіч уручыла гасцям ляльку- ушачаначку, вырабленую нашымі народнымі ўмельцамі.

Пабывалі навапалачане таксама ў сядзібе-музеі Васіля Быкава. І, вядома ж, не маглі абмінуць нашу “спартыўную жамчужыну” – комплекс “Юнацтва-Ушачы”. Тыя, хто трапілі сюды ўпершыню, былі асабліва ўражаны, са здзіўленнем разглядалі прайс-лісты з коштам паслуг (ён удвая меншы, чым у горадзе) і нават планавалі сямейныя туры выхаднога дня. “У вашым раёне жывуць вельмі працавітыя, дастойныя людзі, якія цалкам заслужылі мець такія выгоды”, – з цеплынёй зазначыў А.Г.Буевіч.

Наваполацкія дэпутаты канстатавалі, што Ушаччына мае вялізны турыстычны патэнцыял, абяцалі падзяліцца сваімі ўражаннямі з іншымі гараджанамі і па магчымасці паспрыяць больш актыўнаму яго выкарыстанню.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *