Вясна – перыяд абуджэння прыроды, з’яўлення першай зеляніны і кветак, прылёту птушак. Гэта не толькі вельмі прыгожая пара, але яшчэ і час, які патрабуе вялікай працы: пасля зімы зямлі патрэбна ўборка. Аб правядзенні акцый і конкурсаў экалагічнай тэматыкі ва ўстановах адукацыі раёна расказвае метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама Алена Мечыславаўна ЖУК:
Першым у шэрагу мерапрыемстваў на экалагічную тэматыку стаў конкурс вучнёўскіх работ “Зялёныя лёгкія планеты”. Конкурс праходзіў па чатырох намінацыях. Пераможцамі ў “Конкурсе літаратурных твораў” сталі Марыя Машчонак (Вялікадолецкая школа), Сяргей Малей (Арэхаўская), Таццяна Крысько (Кубліцкая), Аляксандра Дрозд (Плінская). У намінацыі “Конкурс музычных нумароў” перамаглі каманды Плінскай, Арэхаўскай і Вяркудскай школ. Лепшымі ў “Конкурсе фатаграфій” сталі работы Анастасіі Рагавешка і Мацвея Ярмоша (Ушацкая школа), Вікторыі Макаранка (Дубраўская), а таксама калектыўная работа навучэнцаў Ільюшынскай школы (кіраўнік – Г.Аўсіевіч). У намінацыі “Конкурс малюнкаў” адзначаны Дзіяна Мядзведская (Вяркудская школа), Кацярына Пугач (Арэхаўская), Кірыл Войніч, Святлана Дарашкевіч, Раман Чарнаокі (Касарская).
Конкурс быў арганізаваны сумесна з Ушацкай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Ушацкім лясгасам. І гэта не з’яўляецца выпадковасцю: 2011 год абвешчаны Міжнародным годам лясоў. Лес для Беларусі – не толькі эканамічны і экалагічны рэсурс. Для жыхароў шматлікіх беларускіх пасёлкаў і вёсак уклад жыцця звязаны з лесам. Актыўны ўдзел у правядзенні мерапрыемства прыняў інжынер аховы лесу Ушацкага лясгаса Віктар Анатольевіч Селезень. Пераможцы конкурсу вучнёўскіх работ “Зялёныя лёгкія планеты” атрымалі прызы ад Ушацкага лясгаса.
У красавіку навучэнцы раёна прымуць таксама ўдзел у экалагічных акцыях “Дзень Зямлі”, “Дапаможам птушынаму сябру”, “Птушкаград”, “Тыдзень лесу” і іншых. Сёлета тэмай шматлікіх такіх мерапрыемстваў стане сумны юбілей – 25-годдзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: удзельнікі конкурсу “Зялёныя лёгкія планеты”.
Круто, в белых майках и кепках это мы, Плинская школа!!!!!!!!
Хе-хе…