На совете по демографической безопасности

Общество

На пасяджэнні раённага савета па дэмаграфічнай бяспецы разглядаўся шэраг надзённых пытанняў: ад праблемы смяротнасці грамадзян з-за пажараў і іншых надзвычайных сітуацый да рэалізацыі мясцовай праграмы сацыяльнай падтрымкі пажылых людзей, ветэранаў. Пасяджэнне праводзіла намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская. У зацікаўленым дыялогу прымалі ўдзел медыкі, прадстаўнікі сацыяльнай службы, адукацыі, міліцыі і іншых арганізацыйных структур.

На пасяджэнні была прааналізавана дэмаграфічная сітуацыя за мінулы год і першы квартал бягучага года. У студзені-лютым у раёне нарадзілася 34 дзіцяці, што складае 136 працэнтаў да ўзроўню аналагічнага перыяду 2010 года (абласны паказчык – 98,8 працэнта). Крыху зменшылася колькасць памерлых, хаця прырост насельніцтва па-ранейшаму адмоўны. На жаль, высокім застаецца паказчык смяротнасці людзей ад знешніх прычын. Не на жарт заклапочана такой сітуацыяй кіраўніцтва раёна.
— Наша жыццё азмрочваюць звесткі, што хтосьці загінуў пад коламі аўтамабіля, на пажары, атруціўся сурагатам алкаголю… Як навучыць людзей цаніць і берагчы ўласнае жыццё? – ставіла перад прысутнымі далёка не рытарычнае пытанне Вольга Іванаўна Карчэўская і тут жа цікавілася ў прадстаўнікоў арганізацый раёна станам міжведамаснага ўзаемадзеяння па пытаннях прафілактыкі траўматызму і гібелі грамадзян.
У лютым на Віцебшчыне праводзіўся месячнік пажарнай бяспекі – комплекс мерапрыемстваў па забеспячэнні супрацьпажарнага стану аб’ектаў, тэрыторый населеных пунктаў і жылля. У райцэнтры і вёсках раёна супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях і іншых зацікаўленых службаў праводзілі абследаванне дамоў, у першую чаргу адзінокіх пенсіянераў, шматдзетных і нядобранадзейных сем’яў, грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, а таксама сем’яў, дзе дзеці выхоўваюцца ў неналежных умовах. Як паведаміў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А.І.Станько, у гэтым годзе ў кантралюемай часткі насельніцтва няшчасных выпадкаў не зарэгістравана. Гэта пацвярджае эфектыўнасць адпаведнай раённай праграмы.
Вялікую ролю ў прафілактыцы пажараў адыгрываюць апавяшчальнікі. Іх кошт невялікі, каля 20 тысяч рублёў, — безумоўна, гэтую суму нельга параўнаць з цаной чалавечага жыцця. Пажарныя апавяшчальнікі ніколі не бываюць лішнімі: у памяшканнях з пячным ацяпленнем, а таксама ў дамах курыльшчыкаў яны стануць надзейнымі засцерагальнікамі ад бяды. Заканчваецца ацяпляльны сезон, аднак небяспека ўзнікнення пажараў не знікла, бо наперадзе час, калі многія грамадзяне, нягледзячы на забароны, выпальваюць сухую траву. А значыць, прафілактычную работу супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях будуць працягваць.
Павышэнню эфектыўнасці прафілактычнай работы з насельніцтвам павінна спрыяць і рэспубліканская акцыя “Дом без насілля”, якая праводзіцца ў красавіку.
Аб рабоце ўстановы аховы здароўя і санэпідэмстанцыі раёна па фарміраванні здаровага ладу жыцця, аб правядзенні медыцынскіх аглядаў работнікаў з асаблівымі ўмовамі працы расказала намеснік галоўнага ўрача ЦРБ па амбулаторна-паліклінічнай рабоце В.А.Шэўчанка. На жаль, многія ўшачане ігнаруюць неабходнасць штогод праходзіць медыцынскі агляд. Сёлета толькі 60 працэнтаў работнікаў, звязаных са шкоднымі ўмовамі працы, прыйшлі ў ЦРБ для праверкі свайго здароўя. Кіраўнікі адпаведных структур не сочаць за тым, каб іх падначаленыя праходзілі медагляд, таму ў адносінах іх будуць прымацца адпаведныя меры.
Удзельнікі пасяджэння не раз падкрэслівалі, што для таго, каб дэмаграфічная сітуацыя ў раёне была больш спрыяльная, неабходны сумесныя намаганні дзяржаўных органаў і арганізацый, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў. У сувязі з гэтым савет прыняў рашэнне ўзмацніць міжведамаснае ўзаемадзеянне ў рабоце па недапушчэнні гібелі і траўматызму людзей, папярэджанні і змяншэнні колькасці смерцяў ад знешніх прычын. Будзе прадоўжаны сістэмны маніторынг дэмаграфічных паказчыкаў у раёне.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *